Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі амбасадар ў Расеі перанёс інсульт


Радыё Свабода Здарылася гэта яшчэ ў красавіку, але пра хваробу Ўладзімера Грыгор’ева да гэтага часу афіцыйных паведамленьняў не было. Сёньня ў амбасадзе Радыё Свабода пацьвердзілі зьвесткі пра захворваньне, а таксама тое, што на час хваробы спадара Грыгор’ева дарадца-пасланьнік Васіль Рудзянок прызначаны часовым павераным у справах Беларусі ў Расеі.

Прэсавы сакратар амбасады Аляксандар Гардзейчык спадзяецца, што Ўладзімер Грыгор’еў будзе працягваць дыпляматычную кар''еру:

(Гардзейчык: ) “Тыдзень таму прэзыдэнт Лукашэнка падпісаў шэраг указаў пра прызначэньні новых амбасадараў. Але ў Маскву ніхто новы не прызначаны. Гэта таксама, як кажуць, нагода для роздуму. Наагул, да Грыгор’ева нашыя ўлады вельмі добра ставяцца”.

Паводле нашых крыніцаў, амбасадар Грыгор’еў пасьля інсульту пэўны час ня мог размаўляць. Аднак мэдыкі здолелі спачатку часткова, а пасьля і ў значнай ступені аднавіць моўныя здольнасьці. Пасьля інтэнсіўнай тэрапіі дыплямат лечыцца ў знакамітым санаторыі Барвіха. Таксама нашаму радыё стала вядома, што ад пачатку хваробы спадар Грыгорьеў яшчэ ні разу не наведваў месца працы.

Уладзімер Грыгор’еў нарадзіўся ў красавіку 1941 году. Доўгі час займаў камсамольскія і партыйныя пасады. У 1997 годзе быў прызначаны на пасаду амбасадара Беларусі ў Расеі. Падчас газавага крызісу зімой 2004 году быў адкліканы ў Менск для кансультацыяў. Расейскі бок тады аналягічнага кроку не рабіў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG