Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэжым на “хіміі” для М.Статкевіча ня стаў больш мяккім


Радыё Свабода Мікола Статкевіч ня будзе пераведзены з “хіміі” на больш мяккі рэжым адбыцьця пакараньня. Замест гэтага міліцыя працягвае дадаткова абмяжоўваць волю палітыка ў дні, калі адбываюцца значныя палітычныя падзеі.

Паводле закону, калі няма парушэньняў дысцыпліны пасьля адбыцьця трэцяй часткі тэрміну, “хіміка” могуць перавесьці дамоў для працы па месцы жыхарства. Траціну тэрміну Мікола Статкевіч адбыў яшчэ 29 сакавіка. Камісія пры Баранавіцкай камэндатуры і калектыў баранавіцкай “Рэмбыттэхнікі”, дзе працуе Мікола Статкевіч, падрыхтавалі адпаведныя хадайніцтвы ў суд, але дакумэнты туды гэтак і ня трапілі. Чаму?

У камітэце выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў паведамілі, што рашэньне хадайнічаць перад судом за таго ці іншага вязьня прымае мясцовая спэцкамэндатура, і ў выпадку са Статкевічам ўсё нібыта вырашалася ў Баранавічах. Аднак у Баранавіцкай камэндатуры адмовіліся патлумачыць, чаму гэтак і не далі ходу хадайніцтвам, падрыхтаваным адносна Статкевіча. Сам палітык перакананы, што баранавіцкія міліцыянты ня вольныя ў сваіх дзеяньнях.

(Статкевіч: ) “Яны паўтара месяца цягнулі, чакаючы каманды, спадзеючыся, што ім удасца гэта зрабіць. Бо ў мяне такое ўражаньне, што кіраўніцтва мясцовай спэцкамэндатуры і ўвогуле мясцовых сілавых структураў жадаюць майго перамяшчэньня ў Менск нават болей за мяне”.

Паводле Міколы Статкевіча, яго па-ранейшаму дадаткова абмяжоўваюць у волі падчас пэўных палітычных падзеяў. Раней гэта рабілі на час прэзыдэнцкіх выбараў, Дня Волі й “Чарнобыльскага шляху”. 27 і 28 траўня, калі ў Баранавічах адзначалі дзень гораду, палітык зноў правёў у сваім пакоі пад аховай міліцыянтаў.

Нагадаем, два гады “хіміі” Мікола Статкевіч адбывае, паводле суду, за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу супраць рэфэрэндуму 2004 году, які адкрыў для Аляксандра Лукашэнкі шлях да абраньня на трэці прэзыдэнцкі тэрмін. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Міколу Статкевіча вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG