Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінуць паліць дапамогуць адмысловыя апараты і сіла волі


Валер Каліноўскі, Прага 31 траўня адзначаецца Сусьветны дзень без тытуню. Тыя, хто хоча разам з усім сьветам устрымацца да паленьня ў гэты дзень, а, магчыма, і ў наступныя, будзе цікава паслухаць рэпартаж са спэцыяльнай клінікі ў Празе, у якой дактары дапамагаюць разьвітацца з гэтай кепскай звычкай.

У невялікай клініцы на ўскраіне Прагі малады чалавек сядзіць ля спэцыяльнай машны, да якой падключаная спэцыяльная бандана на ягонай галаве. У левай руцэ ён трымае медны электрод, злучаны з біярэзанатарам машыны. Пры гэтым лекар Ян Рыхноўскі тлумачыць кліенту:

(Рыхноўскі: ) “Калі паглядзім на дысплэй і ўбачым, як гэтая рысачка зьнікае, то гэта значыць, што хваля вяртаецца да вас. Цяпер вы нічога не адчуваеце, але чакайце пакуль рысачка зьнікне. (Цік-цік. Цік-цік) Сыгнал слабы, але ці адчуваеце розьніцу?”

(Кліент: ) “Чую, як маю руку зьлёгку пашчыпвае”.

Лекар Ян Рыхноўскі кажа, што ягоная машына вызначае энэргетычны ўзор нікатыну ў целе і пасылае назад электрамагнэтычны сыгнал, які скасоўвае гэты ўзор і зьнішчае фізычную залежнасьць кліента ад нікатыну. Паводле ягоных словаў, гэты мэтад зьяўляецца пасьпяховым у 80 % выпадкаў. Калі ж гэтая цуд-машына не дапамагае, то ў клініцы ёсьць іншыя сродкі: гіпноз, акупунктура, інгаляцыя. І, нарэшце, сіла волі саміх кліентаў.

Але што ж лепш? Адказвае Кацярына Ланграва, кіраўніца Чэскай асацыяцыі супраць тытуню:

(Ланграва: ) “Няма ніякіх простых і магічных мэтадаў, а калі хтосьці абяцае імгненны і лёгкі мэтад, то гэта першы знак, які азначае, што нейкай сур''ёзнай дапамогі ня будзе”.

Паводле спадарыні Лангравай, усялякія альтэрнатыўныя мэтады могуць дапамагчы, калі чалавек сам вельмі захоча паверыць у іх эфэктыўнасьць. Кацярына Ланграва далей кажа, што для таго, каб кінуць паліць, трэба вызначыць найбольш зручны для гэтага момант і падыходзячую сытуацыю. Лепей за ўсё кідаць адразу, каб на раніцу прачнуцца чалавекам які не паліць. Але можна спыняць паліць і паступова, дзень за днём памяншаючы колькасьць ужытых цыгарэт, хаця гэта і працягвае непрыемны пэрыяд няпэўнасьці. Не пашкодзіць пры гэтым дапамога сям’і і сяброў, захапленьне спортам ці іншымі відамі актыўнай дзейнасьці, якія выціснулі б вобраз цыгарэты.

Тыя, хто мае грошы, могуць зьвярнуцца да лекараў, якія прапануюць адмысловую жуйку, нікатынавы плястыр ці інгаляцыю. Парада лекараў патрэбная і ў псыхалягічным аспэкце. У праскай клініцы перакананыя, што калі чалавек спрабаваў кінуць паліць раз—другі, але няўдала, то ня трэба адчайвацца, бо ёсьць болей шанцаў, што трэці раз будзе пасьпяховым.

Гл.таксама • Беларускія ўлады плянуюць забараніць продаж цыгарэт асобам да 21 году
XS
SM
MD
LG