Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Т.Івіньскі скептычна ставіцца да магчымасьцяў дыялёгу з афіцыйным Менскам


Радыё Свабода Дэпутат Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) ад Польшчы, былы кіраўнік дэлегацыі Рады Эўропы ў Беларусі і намесьнік старшыні гэтай арганізацыі, прафэсар Тадэвуш Івіньскі на мінулым тыдні быў у Маскве, меў там шэраг сустрэчаў як з расейскімі чыноўнікамі, так і з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі. Ён скептычна ставіцца да магчымасьці хуткага пачатку дыялёгу паміж ПАРЭ і афіцыйным Менскам, да якога заклікаў расейскі міністар Сяргей Лаўроў.

(Івіньскі: ) “Я не лічу, што ў найбліжэйшым часе ПАРЭ можа пачаць дыялёг з афіцыйным Менскам. Сёлета мы аналізавалі сытуацыю, канстатавалі, сярод іншага, значнае абмежаваньне грамадзянскіх свабодаў у Беларусі, дагэтуль нерасьследаваныя належным чынам справы зьніклых апазыцыйных палітыкаў.

Няма крокаў насустрач з боку афіцыйных беларускіх уладаў, каб гэты дыялёг пачаць. Беларуская апазыцыя, хіба, таксама ня вельмі прыхільна б да гэтага паставілася.

З другога боку, канечне, ёсьць пытаньне, як доўга адна краіна з 47 эўрапейскіх краінаў будзе заставацца па-за структурамі Рады Эўропы. Я думаю, што гэта надалей будзе абмяркоўвацца, у тым ліку і ў бліжэйшыя дні, 2 чэрвеня, у часе паседжаньня Палітычнай камісіі ПАРЭ ў Парыжы”.

Паводле спадара Івіньскага, заклік міністра Лаўрова да эўрапейскіх структураў пачаць дыялёг з афіцыйным Менскам упісваецца ў сучасную палітыку Расеі, якая лічыць, што “Беларусь зашмат крытыкуюць” на Захадзе.

Гл.таксама • Лаўроў заклікае Эўропу да дыялёгу з афіцыйным Менскам
XS
SM
MD
LG