Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У турму -- за музыку "Пінк Флойд"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскія СМІ пішуць сёньня пра вырак у справе шчучынскага актывіста Сяргея Ляшкевіча. “Gazeta Wyborcza” расказвае пра вырак у артыкуле з загалоўкам “У турму за музыку Pink Floyd”.

“У часе працэсу ў якасьці доказу віны спадара Ляшкевіча, якога асудзілі на пяць месяцаў пазвабўленьня свабоды, быў прадстаўлены фільм “Звычайны прэзыдэнт”, у якім на фоне музыкі гурту "Пінк Флойд" і беларускіх бардаў паказаныя кадры з дэманстрацыяў апазыцыі ў 1990-я гады... Прычым адметна, што галоўны сьведка абвінавачаньня быў шмат разоў пакараны за хуліганства і крадзяжы, а ў часе працэсу шчучынскага апазыцыянэра яго чакаў чарговы суд”, – піша “Gazeta Wyborcza”.

Штодзёньнік адзначае, што ўлады магчыма вырашылі пакараць актывіста са Шчучына невыпадкова, перадусім таму, што адтуль паходзіць і лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч, і яго там падтрымліваюць шмат людзей.

“Gazeta Wyborcza” расказвае таксама пра салігорскую галадоўку сяброў незарэгістраванай моладзевай арганізацыі "Малады фронт", якія пратэстуюць супраць перасьледу актывістаў апазыцыі беларускімі спэцслужбамі.

“Ад пачатку прэзыдэнцкай кампаніі шмат апазыцыянэраў былі затрыманыя, асуджаныя і дапытаныя ў пракуратуры і КГБ”, – адзначае газэта.

Польскія мэдыі ўзгадваюць таксама пра тое, што ўжо на гэтым тыдні ў Беларусі, недалёка ад мяжы з Польшчай, пачнуць баявое дзяжурства расейскія супрацьракетныя комплексы S-300.
XS
SM
MD
LG