Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная воля” ня будзе распаўсюджвацца ў рэклямных мэтах


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнага друку 30 траўня

“Народная воля” сёньня паведамляе, што вымушаная перапыніць бясплатнае распаўсюджваньне так званай рэклямнай часткі накладу. Газэту атрымае толькі той, хто зрабіў папярэднюю аплату на адзін месяц, два ці тры.

Пятую галадоўку за апошнія тры гады праводзіць Мікалай Аўтуховіч, піша “Народная воля”. Паводле выданьня, суд над ваўкавыскім прадпрымальнікам ідзе амаль кожны дзень і хутчэй за ўсё расьцягнецца на месяц. Газэта спасылаецца на меркаваньні блізкіх вязьня, што пасьля сухой галадоўкі хутчэй за ўсё яго перавядуць у лякарню.

Хто вінаваты ў тым, што Аляксандар Мілінкевіч ня стаў прэзыдэнтам Беларусі? Над гэтым пытаньнем у аналітычным артыкуле разважае аўтар “Народнай волі” Вячаслаў Оргіш.

Анатоль Лябедзька атрымаў адказ Міністэрства аховы здароўя на свой запыт пра зьбіцьцё дэманстрантаў 25 траўня ў Менску. “Народная воля” канстатуе, што гэта была, бадай, адзіная магчымасьць даведацца, колькі ж ўсё-такі людзей пацярпелі ад рук спэцназаўцаў.

“Газета Слонимская” у сьвежым нумары расьпавядае, як вучняў 9-й школы гораду настаўнікі не пусьцілі ў будынак на сьвяце апошняга званка. Паводле журналісцкага дасьледаваньня, на знак пратэсту выпускнікі праігнаравалі вулічнае мерапрыемства. Бацькі вінавацяць настаўнікаў. Дзеці палохаюцца прыдзірлівых адносінаў на экзаменах.

Беларускі саюз афіцэраў заяўляе, што мае ўжо больш як сто тысячаў дзейных сябраў. Якім чынам арганізацыя ваенных адстаўнікоў павялічвае свае шэрагі, піша крычаўскі тыднёвік “Вольны горад”. Са зьместам артыкулу знаёміць рэдактар выданьня Сяргей Няроўны:

(Няроўны: ) “Супрацоўнікі ваенкамату зачыталі фрагмэнты статуту. Прысутныя паднялі рукі й стварылі гэтую суполку. Журналісты пацікавіліся: навошта старыя вайскоўцы аб’ядноўвацца? У ваенкамаце патлумачылі: выхоўваць у моладзі патрыятызм”.

Як вядома, у Беларусі аб’яўлены чарговы набор у войска. Паводле Міністэрства абароны, прыкладна адна тысяча юнакоў імкнецца ўхіліцца ад тэрміновай службы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG