Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – агляд беларускага сеціва 29 траўня


Севярын Квяткоўскі, Менск "Начная аБЛОГа" – навіны беларускага Інтэрнэту

Аўтарка аналітычнага сайту “Наше Мнение” Алена Ракава аналізуе сёньняшні стан беларускай эканомікі, які афіцыйна прынята зваць “беларускім цудам”. "Наше мнение"

На думку Алены Ракавай, альтэрнатыўным лідэрам ужо сёньня варта казаць грамадзянам ня толькі пра адсутнасьць дэмакратыі, але і пра пэрспэктыву пагаршэньня эканамічнага становішча ў краіне.

“Трэба навучыцца тлумачыць людзям, што няма аніякага эканамічнага цуду, але ёсьць шанцунак, спрыяльная коштавая і палітычная кан’юктура, і 10 заводаў, збудаваных яшчэ за савецкім часам. Прычым прыбыткова яны могуць працаваць адно ў адмысловых коштавых, мытных ды іншых ільготных умовах. Усе астатнія пасьпяхова “запушчаныя” заводы працуюць халастым чынам. Што беларуская прадукцыя ўсё больштгубляе канкурэнтаздольнасьць, што многія беларускія прадукты чамусьці даражэйшыя за ўкраінскія і расейскія”.

На неафіцыйным сайце студэнтаў Горацкай акадэміі gorki-meo.org выкладзены мэтадычны дапаможнік па гісторыі Беларусі, наклад якога быў сканфіскаваны кіраўніцтвам акадэміі амаль адразу пасьля выхаду. Забароненая праца выклікала вялікую цікавасьць сярод студэнтаў, нават сярод тых, хто лайдаваў заняткі па гісторыі. Цытуем: “Увесь наклад быў канфіскаваны, а аўтараў прымусілі вярнуць аўтарскія экзэмпляры. Чаму? "Не соответствует государственной идеологии". Што датычыцца "ідэалагічнай шкоднасці", то: a) напісана мэтадычка добра — таму гэтая маленькая кніжка сапраўды здольная дапамагчы ў выхаваньні грамадзяніна незалежнай Беларусі, краіны з заблытанай, цяжкай - але доўгай гісторыяй, а не невядомага дзяржаўнага ўтварэньня, чыя гісторыя пачынаецца ці то са абвяшчэньня БССР, ці то з першых прэзыдэнцкіх выбараў. b) такой рэчы як агульная для ўсіх "дзяржаўная ідэалёгія" — папросту не існуе. І не можа існаваць па Канстытуцыі, пакуль з яе не выкрасьлены Артыкул 4, дзе запісана: “Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыцьцяўляецца на аснове разнастайнасьці палітычных інстытутаў, ідэалёгій і поглядаў”. На той выпадак, калі нехта з "таварышаў ідэолягаў" будзе гэта чытаць - паведамляем: аўтары мэтадычкі не маюць ніякіх адносінаў да яе публікацыі ў інтэрнэце - і наогул нічога пра гэта ня ведаюць. Таму не турбуйце паважаных гісторыкаў. Адкуль узялася копія?.. Нашы людзі паўсюль - у кожнай студэнцкай групе, ў кожнай арганізацыі - таму ўсе вашы "ідэалагічныя подзьвігі" не застануцца незаўважанымі і пазабытымі :) “

Сайт беларускай альтэрнатыўнай музыкі Хлам анансаваў выхад зборніку песень гуртоў, рэпрэзэнтаваных на сайце.

"На дыску будуць самыя вартыя і якасныя, пры тым незаслужана малавядомыя калектывы з усіх пунктаў Беларусі. Задача зборніку -- адкрыцьцё для слухачоў новых імёнаў ў альтэрнатыўнай музыцы".

Прэзэнтацыя дыску прызначаная на 11 чэрвеня ў Гомелі. У праекце – творы 20 гуртоў, сярод якіх "ПНЕВМАНИЯ", "TERMIN X", "RASTA", "TT''34", "КОНТУР", "IKONA", "ТАВАРЫШ МАУЗЕР" ды іншыя.

Знаны блогер – віленскі беларус Андранік Антанян піша водгук на артыкул Аляксандра Фядуты пра першыя 2 тамы збору твораў Максіма Танка (Антанян). Цытую:

“Аляксандар Фядута ў сваёй рэцэнзіі на першыя 2 тамы (поўнага?) збору твораў Максіма Танка здолеў большую частку тэксту прысьвяціць праблемам выданьня творчай спадчыны А.С.Пушкіна, ну і знайшоў чым упікнуць І.Ціцянкова. І гэта нармальна калі рэцэнзэнты пішуць пра тое, што ведаюць.

Асноўны тэзіс Фядуты, маўляў, у выдавецтве пашкадавалі сродкаў, каб падрыхтаваць выданьне належным чынам – сьмешны. Які б ня быў бюджэт, але камэнтаваць Танка ў Беларусі няма каму. Зрэшты, камэнтаваць іншых таксама. Такое ўжо наша літаратуразнаўства. Сьмешнае і недарэчнае”, – піша Андранік Антанян.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG