Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станькава, радзіма Марата Казея


Зьміцер Бартосік, Менск Чарговая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”. (эфір 11 траўня)

Мястэчку Станькава, колішняму ўладаньню Радзівілаў і Гутэн-Чапскіх, вельмі не пашанцавала ў 1920 годзе. Калі б польска-савецкая мяжа прайшла на які дзясятак кілямэтраў на ўсход, мы б цяпер, магчыма, мелі ўнікальны турыстычны аб’ект — рэзыдэнцыю графа Эмэрыка Гутэн-Чапскага, колішняга высокага саноўніка Расейскай імпэрыі, які тут, у Станькаве, сабраў ўнікальную калекцыю жывапісу, зброі й старадрукаў. Нават толькі гледзячы на макет колішняй сядзібы, зроблены станькаўскім архітэктарам Алегам Масьліевым, прыходзіш у захапленьне. Маленькі Вэрсаль з тэрасавай алеяю ад палацу да сажалкі, з фантанамі, з гатычнымі брамамі. Слова спадару Масьліеву.



(Масьліеў: ) “Палац унікальны тым, што ў ім выстаўлялася агромністая калекцыя Эмэрыка Чапскага. Гэта зброя, гэта нумізматыка, гэта карціны, гравюры, абразы, прадметы народнага побыту. Яшчэ ў ім месьціліся салёны. Гэта фарфоравы салён, ён быў аздоблены мармурам белага колеру, слановай косткай, быў зялёны фарфор, аздоблены рэдкімі пародамі дрэва й залатым росьпісам на сьценах. І самы цікавая заля — парадная, у гонар вайсковай славы”.

Сёньня ад колішняй раскошы засталося няшмат. Графская бібліятэка, колькі гаспадарчых пабудоваў ды зарослы парк. Гаспадарыць тут школа-інтэрнат для дзяцей-сіротаў і дзяцей, чые бацькі пазбаўленыя бацькоўства. І трэба адзначыць, што гаспадараць добра. Парк не загаджаны сьмецьцем, карпусы дагледжаныя, усе выхаванцы пры сустрэчы вітаюцца. Ну, проста, безь пяці хвілін Кэмбрыдж.

Адна зь дзяўчат, што шпацыравалі па парку, без усялякага какецтва пагадзілася пагаварыць. Выглядае дзевяціклясьніца Аксана абсалютна шчасьлівым чалавекам.



(Карэспандэнт: ) “Аксана, ці даўно вы тут, у гэтай школе?”

(Аксана :) “У гэтай школе я зь першай клясы, і мне ў гэтай школе вельмі падабаецца, бо яна мяне ўжо выхавала тут. І гэта мой дом, лічу”.

(Карэспандэнт: ) “А як вы апынуліся ў гэтай школе?”

(Аксана: ) “У мяне памерлі бацькі, і я са згоды сваёй бабкі апынулася тут. Бо мая бабка вельмі хворая й ня можа трымаць мяне”.

Аксана сур’ёзна займаецца музыкай. Прычым, такім нежаночым інтрумэнтам, як трамбон. Зь ім яна ўжо нават зьезьдзіла на конкурс ва Ўкраіну.

(Аксана: ) “Я мару скончыць кансэрваторыю й быць у сваёй Беларусі. Бо Беларусь — краіна, дзе я нарадзілася, і я павінна аддаць ёй сваё жыцьцё. І раю ўсім не зьяжджаць са сваёй краіны. Яна наша, мы павінны ўзвышаць, радаваць яе сваімі талентамі”.

У школе я не заўважыў на сьценах партрэтаў Лукашэнкі, палітычных лёзунгаў таксама няма. Але пакінуць дзяцей-бязбацькавічаў зусім без сваёй апекі ўлада, вядома, ня можа.

(Аксана: ) “Калі праходзілі выбары, хаця мы не дасягнулі 18 гадоў, у нас у кожнага пыталі: за каго б вы галасавалі. І амаль усе дзеці, яны былі за Лукашэнку. Таму, што Лукашэнка — прэзыдэнт, які падняў нашую краіну. І ён цікавіцца там, каб нашая краіны станоўчая была. І дзеці ня лічаць, што ён нейкі адмоўны. Яны ўсе за яго”.

І ўсё ж самы вядомы станькавец — ня граф, а Марат Казей. Сын расстралянага бальшавікамі за трацкізм Івана Казея й павешанай фашыстамі за дапамогу партызанам Ганны Казей. Піянэр-герой, які апошняй гранатаю ўзарваў сябе разам з групай немцаў. Вядомы большасьці беларускіх дзяцей з помніку ў Менску. Ці ёсьць хоць якая сувязь паміж Маратам бронзавым і Маратам рэальным?

Васіль Гліневіч, які ўсе свае доўгія гады жыве недалёка ад Маратавага дому, зрэагаваў на вядомае прозьвішча дзіўным чынам.



(Гліневіч: ) “Калі пра Марата я пачну расказваць, дык прыйдзецца адключыць усю вашую тэхніку. Не заўсёды ж праўду гавораць”.

(Карэспандэнт: ) “Стоп, стоп. Чалавек узарваў сябе разам з групай?”

(Гліневіч: ) “Нават і блізка не было”.

Са словаў спадара Гліневіча, Марата з начальнікам выведкі забілі паліцыянты, на якіх яны выпадкова натрапілі падчас заданьня. Маўляў, перастрэлка была, але ніякіх забітых з боку гітлераўцаў. Другі станькавец, колішні аднаклясьнік Марата Алесь Кулікоўскі, распавядае наступнае:

(Кулікоўскі: ) “Бацьку задавіў Сталін, а Марата — Гітлер. І маці таксама Гітлер задавіў. Балбочуць рознае, калі самі ня быўшы. Там быў такі выпадак, чалавек сорак паліцыі ішло. А яны зь лейтэнантам Ларыным сядзелі ў кусьце. Адбыўся выбух. А хто гранату кінуў? Каб гранату кінуць у сорак чалавек, у кучу, дык эфэкт быў бы. А так выбух адбыўся, і ўсё на гэтым”.

Мне пашчасьціла зьвязацца з роднай сястрой Марата Арыяднай. І вось што паведаміла мне былая партызанка:

(Арыядна: ) “Я ўяўляю становішча Марата. Ведаеце чаму? Я нават не дапускаю, што тут інакш нешта было, што Марат не ўзарваў сябе. Бо я была аднойчы ў такім самым становішчы, у партызанах. У хвіліну, у якую гатовая была застрэліцца. Бо было бязвыхаднае становішча. Але мне пашчасьціла. Мяне выратавалі хлопцы. Дык я разумею, як паводзіў сябе Марат. Марат усё ўзважана зрабіў. Ён узарваў над галавой гранату. Што верная сьмерць”.

(Арыядна: ) “Гэта пляткарства недзе гады два ходзіць ужо. Я напачатку вельмі абуралася, плакала, перажывала. А пасьля вырашыла — хай злуюцца. Камусьці не даюць спакою ляўры мёртвага Марата. Людзям вельмі проста гаварыць пра памерлых. Бо яны не абараняюцца. І маўчаць”.

Яшчэ адзін красамоўны факт. Сям’я рэпрэсаванага Казея змагаецца супраць фюрэра. У той час, як многія аднавяскоўцы намагаюцца выжыць. І нават выяўляюць у гэтым не абы-якую вынаходлівасьць. Ізноў слова спадару Васілю Гліневічу.

(Карэспандэнт: ) “А тут гарнізону не было?”

(Гліневіч: ) “Стаяў тут гарнізон. Тут цуды былі”.

(Карэспандэнт: ) “Немцаў баяліся?”

(Гліневіч: ) “Ніхто нічога. Гулялі вясельлі, хадзілі. І немцы некаторыя хадзілі па вуліцы, дзе хто якую дзеўку знойдзе. Іх мала зусім было. Мо чалавек трыццаць-сорак. Яны рамантавалі матацыклы. І ўжо пад канец вайны кароваў паелі й сталі ў Станькаве браць кароваў. Дык вечарам людзі за кароваў, прывязваюць да павозкі, некаторыя парася на павозку — і паехалі да немцаў у гарадок. Дык заедзем туды, сядзім кожны каля сваёй каровы. А немцы сьмяюцца. Тады кажуць: “Стоп. Вы нам зьбірайце вядро яек і вядро малака. А так, — кажуць, — партызан хап, хап вашых кароваў”. Хадзілі па вёсцы, зьбіралі ім яйкі й малака”.

Як гаспадарчы суб’ект Станькава можна сьмела назваць прадмесьцем Менску. Бо маршруткі ад’яджаюць у сталіцу кожныя паўгадзіны. І ўсе, хто хоча й можа, працуюць у Менску. Астатнія? Паслухаем саракагадовую жыхарку Станькава:

(Кабета: ) “Тут, у Станькаве няма дзе ўладкавацца. Вайсковая частка — усе ўжо паразьмяркоўваліся”.

(Карэспандэнт: ) “А тое, што раней называлася калгасам?”

(Кабета: ) “Там зарплаты маленькія. Туды ніхто ня хоча ісьці. Па 250 — хіба гэта зарплаты? Для добрай сям’і, для добрага мужыка гэта ж увогуле малая зарплата. Тут няма дзе ўладкавацца”.

Вось ён — грашовы парог, які станькаўскі працаўнік лічыць мяжою жабрацтва. Сума, большая за сто даляраў. Якая яшчэ пяць гадоў назад была перадвыбарчым козырам.

На тле прыгожага беларускага мястэчка вылучаецца невялікі раён з тыповых пяціпавярховікаў. Гэта ўсё, што засталося ад колішняга вайсковага гарадка. Тут дажываюць свой век пэнсіянэры ўзброеных сілаў СССР. І ня простыя танкісты-пехацінцы — а тыя, ад каго залежала жыцьцё на гэтай плянэце. Тут знаходзіліся стратэгічныя ракеты. Адзін з колішніх ракетчыкаў, як відаць, ніяк ня можа насьвяткавацца й нацешыцца з чарговай элегантнай перамогі свайго куміра.



(Дзядзька Вася: ) “Ты ж сам разумееш, журналіст. Прыйшоў бы іншы прэзыдэнт — што б ён нам паабяцаў бы? У яго ж нічога няма. А тут жа нейкая арганізацыя, дзяржава, напрацаванае нешта. Так што — толькі “за”. А штосьці новае… Хтосьці, дзесьці… Хай яны там і жывуць у яго. Мы ж ня моцна дурныя. Мы трошкі прыдуркі”.

Апошняя сэнтэнцыя мяне асабліва ўсьцешыла. Якое шчасьце, што ў Беларусі няма сваіх ракетаў. І ў “трошкі прыдуркаў” заміж чырвонай кнопкі ёсьць толькі выбарчы бюлетэнь. Што, зрэшты, таксама нямала.

Зьміцер Бартосік, Станькава
XS
SM
MD
LG