Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Хачу выказаць сваё меркаваньня адносна Анатоля Лябедзькі..."


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за суботу і нядзелю, 27-28 траўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Галіна Аляксандраўна, Магілёў:) “На мой погляд Лукашэнкам рухае чыстая цікаўнасьць: лічыць, што там Эўропа можа яму зрабіць. Яго гонар і цікаўнасьць настолькі далёка завялі яго ў яму, зь якой ні яго саветнікі, ні ён сам ня ведаюць як выбрацца. Яма вельмі глыбокая, выйсьце зь яе толькі воднае: паклаўшы руку на сэрца, папрасіць у беларускага народу прабачэньня за дрэнную працу і сысьці з пасады прэзыдэнта, які фактычна яму не належыць. Гэта быў бы сапраўды элегантны сыход. Усе, хто не прызнае яго ў якасьці прэзыдэнта, засыпалі б яго ўдзячнасьцямі, а Беларусь пачала б будаваць новае ва ўсіх адносінах жыцьцё, выбраўшы нарэшце нармальнага прэзыдэнта”.

“Праслухала гутарку ў “Праскім акцэнце”, у якой прымалі ўдзел Анатоль Лябедзька і Аляксандра Мілінкевіч. Часьцей за ўсё я чула слова “стратэгія”. Стратэгія, як я разумею, гэта мэтад, які хочуць выкарыстаць пры выкананьні якога-небудзь важнага мерапрыемства. Магчыма, для іх гэта значнае разыходжаньне, але ж мэта ў іх адна. Таму неабходна сабраць прыхільнікаў адной і другой стратэгіі, прагаласаваць, і тая стратэгія, якая будзе ў большасьці, тым мэтадам і працаваць. А называць гэтыя разыходжаньні ганьбай, як выказаўся адзін радыёслухач, я б ня стала. Яны працуюць, таму і спрачаюцца, а ў спрэчках, як правіла, нараджаецца ісьціна.

У адносінах да помніка Дзяржынскаму. Якая ўлада, такія і помнікі. Вобразам гэтага чалавека месца толькі ў музэі з указаньнем усіх яго справаў, добрых і дрэнных. А дрэнных справаў было значна больш за добрыя”.

(Лявон Яблонскі, Маладэчна:) “Сёньня я пачуў, што Эўропа хоча на Беларусь тэлевяшчаньне адкрыць. Хачу сказаць, што калі накіраваць сваю ражковую антэну на Літву, то па тэлевізару ідзе трэці канал тэлебачаньня Літвы. Антэна ў мяне простая, польская, ражковая з узмацняльнікам. Можа, яны змогуць для нас па тэлевізару перадаваць што-небудзь. У Маладэчна па трэцяму каналу Літвы ўсё добра відаць”.

(Валер Шаўчэнка, Наваполацак:) “Вельмі заклапочаны апошнім рашэньнем палітычнай рады аб’яднанай апазыцыі, якая адмовіла ў правядзеньні кангрэсу дэмсілаў, здаецца, таму, што тым самым Мілінкевіч самастойна гарантаваў сябрам рады захаваньне іх пасадаў. Ён, гаворачы аб доўгім падрыхтоўчым тэрміну да кангрэсу, яшчэ да паседжаньня рады самастойна аб’явіў рух “За свабоду”, наведаў некалькі рэгіёнаў. Фактычна ён адыходзіць ад ранейшай дамоўленасьці кааліцыі, працягваючы выбарчую кампанію, агітуючы зараз ня супраць Лукашэнкі, а супраць Лябедзькі, Аб’яднанай грамадзянскай сацыял-дэмакратычнай партыі і іншых дэмакратычных фарміраваньняў, якія павінны далучыцца менавіта да яго руху ці кампаніі. Гэта гаворыць аб тым, што Мілінкевіч не жадае ніякіх калектыўных абмеркаваньняў і дзеяньняў; не пайшоў і ня пойдзе да канца, як абяцаў, у барацьбе за дэмакратыю, а толькі ў барацьбе за ўладу. Лічу, гэтым ён унясе ў агульныя дзеяньні глыбокі раскол”.

(Спадар, Пінск:) “На мінулым тыдні мне давялося зьвярнуцца да ўрача ў мясцовую паліклініку па вуліцы Першамайскай. Зайшоўшы ў кабінэт да ўрача, мяне адразу спыталі, ці ёсьць у мяне з сабой стэрыльныя гумавыя пальчаткі. Я адказаў, што не. Знайшліся пальчаткі. Праз некалькі дзён зноў спатрэбілася ісьці да гэтага ўрача і мяне запыталі, ці ёсьць у мяне лейкаплястыр. Я адказаў, што няма, я ж ня ведаю, што ўсё трэба браць з сабой. Мне параілі, каб у наступны раз узяў з сабой хаця б лейкаплястыр. І гэта ня першы выпадак, калі хворым пацыентам трэба браць з сабой нешта: ці то шпрыцы, ці то капельніцы, ці то лейкаплястыр, ці то гумавыя пальчаткі.

У мяне пытаньне. Ці гэта ўсё ў нас павінна быць за кошт дзяржавы, ці трэба грамадзянам купляць гэта ўсё за свае грошы? Нідзе ніякіх сьпісаў няма. І ня ведаеш, ці купляць гэта адразу, ці гэта павінна быць у ўрачоў”.

(Спадар:) “Прашу вас адказаць, на чым грунтуецца сьцьвярджэньне Мілінкевіча аб тым, што праз год улада зьменіцца. І якім чынам гэта адбудзецца?”

(Спадарыня:) “Хачу выказаць сваё меркаваньне адносна Лябедзькі. Прашу прабачэньне, калі памыляюся, але ўжо даўно падобна на тое, што яму даўно прыплачвае Лукашэнка, бо надта ж лёгка яму ўдаецца выбрацца сухім з вады. Прыклад таму падзеі “Чарнобыльскага шляху”. Многіх актывістаў пасадзілі, а яго ж надта хутка адпусьцілі. Перш знайшлі машыну Лябедзькі, а потым зьявіўся сам, мабыць, для таго, каб перашкаджаць апазыцыі. Мілінкевіч абудзіў народ, а Лябедзька сваімі дзеяньнямі нагадвае Лукашэнку: аднаму прастрэлілі штаны, хоць у штанах засталося ўсё цэлым, другому таксама нешта парвалі з адзеньня. Сваімі ўчынкамі ён адбівае веру ў апазыцыю. Мілінкевіч – адзіны кандыдат, і трэба ісьці за ім! Ня быць падобнымі, як у казцы, на лебедзя, рака ды шчупака!”

(Яблонскі, Маладэчна:) “Слухаючы перадачы наконт таго, хто мае быць лідэрам дэмакратычнага руху, робіцца сумна. Я зьвяртаюся да спадара Лябедзькі. Паважаны Анатоль! Я вельмі паважаю вас як палітыка і лідэра апазыцыі і, думаю, што многія беларусы лічаць вас лідэрам. Але, я лічу, дзеля Беларусі, дзеля нашай свабоды трэба згадзіцца з большасьцю. Ня трэба даваць поваду пасьмяяцца над намі – гэта вельмі важкая прычына”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG