Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар ЗША: Амэрыка не патрабуе ў Лукашэнкі "Белтрансгазу"


Паводле "Інтэрфакс" Амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол даў інтэрвію агенцтву "Інтэрфакс", у якім выклаў амэрыканскую пазыцыю ў шэрагу вострых пытаньняў двухбаковых адносінаў Беларусі і ЗША.

АБ ЭКАНАМІЧНЫХ САНКЦЫЯХ

Пасол ЗША заявіў, што пытаньне аб эканамічных санкцыях адносна Беларусі пакуль не абмяркоўваецца ўрадам ЗША. Ён падкрэсьліў, што няма забароны на дзейнасьць амэрыканскіх кампаній у Беларусі, і беларускіх – у Злучаных Штатах, адзінае выключэньне – беларускі “Інфо-банк”, адносна якога, паводле спадара Крола, ёсьць сур''ёзная інфармацыі наконт супрацоўніцтва з рэжымам Садама Хусэйна і незаконнага адмываньня грошай.

Амбасадар Крол заявіў, што адміністрацыя прэзыдэнта Буша “ў асноўным супраць прыняцьця эканамічных мераў, усеабдымных эканамічных санкцыяў”. “Гэта ня надта эфэктыўна, гэта ўскладняе эканамічныя ўмовы ў Беларусі” – патлумачыў Джордж Крол і дадаў, што Злучаныя Штаты “ня бачаць ворага ані ў асобе Беларусі, ані ў беларускім народзе, ані ў беларускім кіраўніцтве”.

Ён падкрэсьліў, што ЗША хочуць толькі выкананьня правоў грамадзянаў Беларусі, не патрабуючы “даць нам газ, нафту, трубы, 50% “Белтрансгазу ці іншыя прывілеі ў эканоміцы”.

ПРА ЗАБАРОНУ НА ПАЛЁТЫ САМАЛЁТАЎ ЗША НАД БЕЛАРУСЬСЮ

Амбасадар Крол заявіў, што Злучаныя Штаты чакаюць ад афіцыйнага Менску тлумачэньняў у пытаньні пралёту над беларускай тэрыторыяй амэрыканскіх самалётаў. Паводле пасла, амэрыканскі бок не атрымаў ніякіх афіцыйных паведамленьняў ад беларускага боку, была толькі заява прэсавага сакратара Міністэрства замежных справаў Беларусі.

Джордж Крол сказаў, што ня ведае, ці існуюць амэрыканскія або канадыйскія авіякампаніі, якія выкарыстоўваюць паветраную прастору Беларусі.

Нагадаем, у мінулы чацьвер прадстаўнік МЗС Беларусі паведаміў пра забарону на пралёту над Беларусьсю для амэрыканскіх і канадыйскіх самалётаў, прынятую ў адказ на абмежаваньні пралёту самалёта прэм''ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага падчас яго нядаўняга візыту на Кубу.

У сёньняшнім інтэрвію "Інтэрфаксу" Джордж Крол патлумачыў, што ў ЗША існуе пэўны парадак дзеяньняў адносна самалётаў, якія ляцяць на Кубу і з Кубы. Ён нагадаў, што калі самалёт беларускай дэлегацыі ляцеў на Кубу, яму было дазволена зрабіць пасадку ў Бостане, а на зваротным шляху – не.

“Пры палёце на Кубу гэта было як надзвычайнае здарэньне, а пры зваротным палёце можна было знайсьці іншы шлях” – падкрэсьліў пасол. “Куба – гэта балючае эканамічнае і палітычнае пытаньне ЗША, Станоўча вырашыць гэтае пытаньне было немагчыма” – заявіў Джордж Крол.

ЗША І БЕЛАРУСКАЯ АПАЗЫЦЫЯ

Паводле амэрыканскага пасла, Злучаныя Штаты не фінансавалі выбарчыя кампаніі беларускай апазыцыі і не рыхтавалі актывістаў для сілавых дзеяньняў.

Джордж Крол заўважыў, што была “маральная падтрымка і нават не канкрэтным кандыдатам, а грамадзянскай супольнасьці”.

Ён дадаў, што недзяржаўныя арганізацыі, амэрыканскія і эўрапейскія, праводзілі трэйнінгі для кандыдатаў, навучаючы іх камунікаваць з кандыдатамі. “Так робіцца паўсюль” – заўважыў пасол.

Ён назваў “лухтой” заявы, зробленыя прадстаўнікамі беларускага КДБ напярэдадні выбараў, пра базы, пабудаваныя на мяжы зь Беларусьсю, дзе рыхтуюцца тэрарысты. На думку амэрыканскага дыплямата гэта было зроблена, “каб увесьці ў зман беларускіх выбаршчыкаў”.
XS
SM
MD
LG