Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты “Маладога фронту” пачалі бестэрміновую галадоўку


Любоў Лунёва, Менск Чатыры актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” з Салігорску пачалі бестэрміновую галадоўку з патрабаваньнем спыніць рэпрэсіі супраць моладзевых актывістаў. Маладафронтаўцы разьлічваюць, што да галадоўкі далучацца іхныя сябры зь іншых рэгіёнаў краіны.

Максім Сяменчык, Мікола Пацкевіч і браты Шыла, Іван і Ільля, а 14-й гадзіне 29 траўня пачалі галадоўку. Іван і Ільля непаўналетнія. Яны вучацца ў 4-й сярэдняй школе ў Салігорску. Івану 15 гадоў, а Ільлю —13. Хлопцы патлумачылі, што галадоўку пачалі дзеля таго, каб зьвярнуць увагу грамадзкасьці на сытуацыю, у якой апынуліся апазыцыйныя актывісты ня толькі з “Маладога фронту”.

Чатырох сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Міколу Астрэйку, Цімафея Дранчука, Эніру Браніцкую й Аляксандра Шалайку дагэтуль трымаюць у сьледчым ізалятары КДБ. Маладафронтаўцам давялося некалькі разоў адбываць арышты ў турме на Акрэсьціна. Артура Фінькевіча, Зьмітра Касьпяровіча й Сяргея Ляшкевіча трымалі пад вартай у сьледчым ізалятары. Суд пазбавіў волі Зьмітра Касьпяровіча за тое, што той намагаўся сарваць дзяржаны сьцяг на будынку Менгарвыканкаму, Сяргея Ляшкевіча суд пакараў арыштам на 5 месяцаў — нібыта за дзеяньні, якія пагражаюць інтарэсам грамадзянаў, а Артура Фінькевіча за графіці пакаралі абмежаваньнем волі на 2 гады. На “хіміі” адбывае пакараньне Павал Севярынец за арганізацыю вулічнай дэманстрацыі супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году. Актывістаў “Маладога фронту” выклікаюць на допыты ў КДБ і пракуратуру. Распачалі некалькі крымінальных справаў.

Непаўналетні Іван Шыла паведаміў Радыё Свабода, што ня будзе есьці, пакуль грамадзкасьць не запатрабуе ад уладаў спыніць перасьлед апазыцыйнай моладзі.

(Шыла: ) “Мы пайшлі на такія крытычныя меры, каб зьвярнуць увагу грамадзтва на крымінальны перасьлед лідэраў руху. Наагул, мы патрабуем спыніць перасьлед актывістаў іншых моладзевых рухаў. Заклікаем грамадзтва сыстэматызаваць працу, аб’яднацца і распачаць рух, які будзе дамагацца свабоды”.

18-гадовы Максім Сяменчык дадаў:

(Сяменчык: ) “Ад пачатку выбарчай кампаніі ўвесь час пасадкі й выхады, пасадкі й выхады…Чалавек толькі выйдзе на волю, яго зноў садзяць. У такіх умовах мы пачынаем галадоўку. Патрабуем спыніць перасьлед моладзі”.

Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” разьлічваюць, што да галадоўкі салігорцаў далучацца маладафронтаўцы зь іншых рэгіёнаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG