Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грызлоў і Лаўроў заклікаюць Эўропу да дыялёгу з афіцыйным Менскам


Радыё Свабода З адпаведнымі прапановамі сьпікер Дзярждумы й міністар замежных справаў Расеі выступілі сёньня на так званай міні-сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) у Маскве. Такім чынам, спраўдзіўся прагноз старшыні Парлямэнцкай Асамблеі Рэнэ ван дэр Ліндэна. За тры дні да пачатку маскоўскай сустрэчы ён адзначаў, што афіцыйна беларускага пытаньня на парадку дня няма, але беларуская тэма будзе ўзьнятая.

Спачатку міністар замежных справаў Сяргей Лаўроў, а затым і сьпікер Дзярждумы Барыс Грызлоў заклікалі Эўропу да дыялёгу з афіцыйным Менскам. “Вырашаць праблемы можна выключна праз дыялёг, а не праз ізаляцыю”, — сказаў спадар Лаўроў. Ён нагадаў нядаўні выпадак, калі сьпікер Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ўладзімер Канаплёў ня змог удзельнічаць у паседжаньні ПАРЭ таму, што трапіў у сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. “Гэта нельга прызнаць пасьпяховым прыкладам разьвязаньня пытаньня”, — заявіў расейскі міністар.

Затым Барыс Грызлоў заклікаў Эўропу быць гнуткай у дачыненьнях зь Беларусьсю: “Сыгналы Менску павінны быць пазбаўленыя ўльтыматыўнай афарбоўкі”. Расейскі палітык прызнаў, што ў Маскве не заплюшчваюць вочы на тыя складанасьці, зь якімі сутыкаецца грамадзянская супольнасьць Беларусі. “Аднак мы катэгарычна адкідаем надуманыя абвінавачаньні ў тым, што Беларусь быццам нясе пагрозу стабільнасьці і бясьпецы ў рэгіёне”.

Афіцыйны Менск станоўча рэагуе на такі падыход. Намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі называе яго канструктыўным:

(Красуцкі: ) “Лічу, што гэта абсалютна цьвярозая і рацыянальная ацэнка дачыненьняў, якія склаліся з ПАРЭ. Тая контрапрадуктыўная пазыцыя, што скіраваная на ізаляцыю парлямэнту Беларусі, сапраўды не судзейнічае ўсталяваньню ды разьвіцьцю міжпарлямэнцкіх дачыненьняў. Мы зацікаўленыя ў іхным разьвіцьці. Яшчэ раз падкрэсьліваю, што Беларусь знаходзіцца ў Эўропе. І таму мы зацікаўленыя ва ўсіх эўрапэйскіх працэсах”.

Палітоляг Андрэй Фёдараў ня думае, што расейскія заклікі могуць мець плён:

(Фёдараў: ) “Я мяркую, што гэты заклік наўрад ці будзе пачуты Эўропай. Па-першае, забарону на ўезд Канаплёва ўводзіла не ПАРЭ, а Эўразьвяз. І нават калі Асамблея запросіць Канаплёва, візы яму будуць выдаваць краіны Эўразьвязу, якія, на мой погляд, ня маюць права не выконваць агульнага рашэньня. Па-другое, можна прыгадаць пэўную колькасьць захадаў з боку Эўропы, якая прапаноўвала рознага кшталту перамовы й крокі насустрач Беларусі. Але ўсе гэтыя намаганьні не былі ўспрынятыя афіцыйным Менскам”.

На апошняй сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў Страсбуры дэпутаты заклікалі беларускі ўрад “пачуць заклікі дэмакратычнай апазыцыі й правесьці паўторныя прэзыдэнцкія выбары, гарантаваўшы іхную свабоду, справядлівасьць і адпаведнасьць міжнародным стандартам”.
XS
SM
MD
LG