Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі штогоду рэгіструюць каля 700 ВІЧ-інфікаваных


Радыё Свабода На 1 траўня 2006 году колькасьць ВІЧ-інфікаваных у Беларусі склала 7 тысяч 309 чалавек. Толькі сёлета выяўлена 299 носьбітаў вірусу. Разам у краіне штогоду рэгіструюць каля 700 новых хворых. Найбольшая колькасьць па-ранейшаму жыве на Гомельшчыне, другое й трэцяе месца трымаюць Менск і сталічная вобласьць. Адмыслоўцы заяўляюць, што ВІЧ-інфэкцыя ў Беларусі найчасьцей перадаецца праз сэксуальныя кантакты, і гэта ёсьць адной з самых небясьпечных формаў распаўсюду.

Сапраўдная колькасьць хворых на ВІЧ-інфэкцыю перавышае лічбы афіцыйнай статыстыкі ў тры-чатыры разы, заяўляюць адмыслоўцы. Гэткім чынам, носьбітамі імунадэфіцыту сёньня ў Беларусі зьяўляюцца каля 20 тысяч чалавек. Тым ня менш, у параўнаньні з суседнімі краінамі Беларусь выглядае няблага, кажа загадчыца Цэнтру прафіляктыкі СНІДу Лілія Мялешка.

(Мялешка: ) “У нас сытуацыя стабільная. Гэта маецца на ўвазе, што колькасьць хворых штогоду не выходзіць за межы 500—700 выпадкаў. А паводле эпідэміялягічных паказчыкаў, любая стабілізацыя сытуацыі павінна паўплываць на зьніжэньне распаўсюду захворваньня”.

Паводле міжнародных экспэртаў колькасьць хворых у Расеі складае 1 мільён чалавек, ва Ўкраіне каля 400 тысяч. ВІЧ-інфэкцыя распаўсюджваецца там у асноўным праз ужываньне наркотыкаў. У Беларусі ж іньекцыйны шлях саступіў палавому: больш за 60% хворых атрымоўваюць ВІЧ-інфэкцыю праз сэксуальныя кантакты, і гэта надзвычай небясьпечна, кажа каардынатарка праектаў ААН у справе прафіляктыкі СНІДу Ганна Чарнышова.

(Чарнышова: ) “У нас гэта набывае больш небясьпечныя формы, бо з наркаспажыўцамі можна працаваць. А калі СНІД выходзіць у агульнае насельніцтва, тады становіцца нашмат больш складана кантраляваць разьвіцьцё гэтага працэсу”.

Гэткім чынам, расьце й колькасьць дзяцей, народжаных ад маці-носьбітак вірусу. Разам ад такіх маці нарадзілася больш за 700 немаўлятаў, 86 зь іх пастаўлены дыягназ “ВІЧ-інфэкцыя”, сямёра малых памерлі. За ўвесь час ад ВІЧ-інфэкцыі ў Беларусі памерлі 797 чалавек, у стадыі СНІДу — 255.

Штогоду ад СНІДу ў сьвеце памірае 1 мільён чалавек. Больш за 40 мільёнаў людзей хворыя на імунадэфіцыт. Ахвярамі ВІЧ-інфэкцыі й СНІДу сталі 25 мільёнаў чалавек. Адмыслоўцы прагназуюць, што ў выніку сьмяротнасьці дарослых жыхароў плянэты з прычыны ВІЧ і СНІДу да 2010 году сіротамі застануцца каля 25 мільёнаў дзяцей.
XS
SM
MD
LG