Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Ўкраіна стаяць на парозе эпідэміі ВІЧ/СНІД


Валер Каліноўскі, Прага На 31 траўня — 2 чэрвеня ў Нью-Ёрку прызначана сустрэча на высокім узроўні ў рамках ААН, прысьвечаная праблеме СНІД. Значная ўвага на ёй будзе ўдзеленая рэгіёну Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі, дзе колькасьць інфікаваных людзей працягвае расьці, у прыватнасьці ў Расеі і Ўкраіне, якія стаяць на парозе эпідэміі, якая можа ахапіць маладзейшую частку іх насельніцтва.

Цяпер у Расеі колькасьць ВІЧ-інфікаваных складае амаль мільён чалавек, а ў асобных гарадах Расеі доля інфікаваных дасягнула вельмі небясьпечнага ўзроўню, напрыклад, у Іркуцку – 4 % дарослага насельніцтва.

Ва Ўкраіне носьбітам вірусу імунадэфіцыту чалавека зьяўляецца адзін з 60 дарослых. Першапачаткова ВІЧ заражаліся перадусім наркаманы праз унутрывенныя іньекцыі бруднымі шпрыцамі. Цяпер жа ўсё часьцей прычынай заражэньня зьяўляецца перадача вірусу палавым шляхам. Ва Ўкраіне гэты спосаб ВІЧ-інфікаваньня цяпер пераважае.

Цэнтральная Азія таксама стаіць на парозе эпідэміі ВІЧ. Першапачаткова яна была рэгіёнам транзыту аўганскага гераіну, але цяпер ва ўсё большай ступені становіцца і ягоным спажыўцом,– гаворыць выканаўчы дырэктар праграмы ААН па ВІЧ/СНІД Пэтэр Піёт.

(Піёт: ) “ВІЧ працягвае вельмі хутка пашырацца ў Расеі, а таксама ва Ўкраіне і рэспубліках Цэнтральнай Азіі. Адказы на гэты выклік да гэтага былі неадэкватнымі пагрозам, аднак цяпер мы бачым пазытыўныя знакі ў барацьбе са СНІДам, якія абнадзейваюць, – такія як рост бюджэту на гэтую праграму ў Расеі ў 10—12 разоў, таксам як і ва Ўкраіне цяпер робіцца нашмат больш”.

Асаблівасьці рэгіёну Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі і ў тым, што тут ВІЧ-інфэкцыя зьяўляецца самай "маладой" у сьвеце. Хвароба пашыраецца сярод падлеткаў і моладзі да 20 гадоў, што выклікае занепакоенасьць наконт будучыні гэтых нацыяў. З улікам дэмаграфічнага крызысу ў краінах рэгіёну (а толькі ў Расеі штогод насельніцтва зьмяншаецца на 800 тысяч чалавек) можна казаць, што праблема СНІД''у становіцца важнейшым клопатам ўрадаў гэтых краінаў.

Паводле Пэтэра Піёта, апошнім часам заўважанае істотнае паляпшэньне праграмаў па недапушчэньні пашырэньня ВІЧ і рэабілітацыі інфіцыраваных ва Ўкраіне, пачынаюцца пазытыўныя зьмены ў Расеі, хаця ў Расеі яшчэ мала зроблена для таго, каб зрабіць стаўленьне грамадзтва да ВІЧ-інфікаваных больш цярпімым.

Праграма ААН, якая неўзабаве будзе абмяркоўвацца ў Нью-Ёрку, прадугледжвае, каб да 2010 году ўсе ВІЧ-інфікаваныя мелі доступ да патрэбнага лячэньня і рэабілітацыі.

Гл.таксама • У Беларусі штогоду рэгіструюць каля 700 ВІЧ-інфікаваных
XS
SM
MD
LG