Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафсаюзны актывіст аспрэчвае штраф праз суд


Радыё Свабода Гомельскі актывіст прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Яўсейчук абскарджвае праз суд адміністрацыйнае пакараньне – штраф 155 тысячаў рублёў, які ён атрымаў за распаўсюджваньне зваротаў да работнікаў аўтобуснага парку №1 ў Гомелі.

Аляксандар Яўсейчук, мяркуе, што яго незаконна і беспадстаўна прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці. Больш за месяц таму ён распаўсюджваў улёткі сярод рабочых аўтапарку № 1.

(Яўсейчук: ) “Нібыта я быў затрыманы супрацоўнікам міліцыі, капітанам Навуменкам на аўтавакзале за распаўсюджваньне звароту да рабочых аўтобуснага парку № 1. У звароце гаварылася пра тое, што кіраўніцтва аўтапарку перашкаджае рэгістрацыі незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці. Міліцыя склала пратакол без маёй прысутнасьці, дзе было напісана, што я адмовіўся яго падпісваць. Гэтага капітана Навуменку я і ня бачыў на свае вочы, а ён на мяне склаў такі пратакол”.

У рашэньні аб адміністрацыйным пакараньні гаворыцца пра незаконны распаўсюд зваротаў да рабочых. Тым часам Аляксандар Яўсейчук цьвердзіць, што ў адпаведнасьці са статутам прафсаюзнай арганізацыі можна распаўсюджваць друкаваныя матэрыялы сярод сяброў прафсаюзу, што і было зроблена, але ня ў той дзень, які пазначаны ў пратаколе аб затрыманьні.

Сёньня падчас разгляду ў судзе Чыгуначнага раёну капітан Навуменка прызнаўся, што не затрымліваў Аляксандра Яўсейчука.

Рашэньне суду ў гэтай справе будзе абвешчана а 16-й гадзіне. Падрабязнасьці – пазьней на сайце і ў вечаровым эфіры.
XS
SM
MD
LG