Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"“Памяркоўныя” лідэры апазыцыі робяць з нас паслухмяных цялятак замест дзейсных рэвалюцыянэраў"


Валянцін Жданко, Менск (эфір 28 траўня) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Значную частку пошты “Свабоды” складаюць лісты ад нашых даўніх сяброў і аўтараў. Іхныя допісы мы адразу пазнаем па почырку на капэртах; іхную грамадзянскую пазыцыю, стаўленьне да многіх праблемаў добра ведаюць слухачы нашых праграмаў, створаных на падставе лістоў і тэлефанаваньняў. Але нямала ў пошце і тых карэспандэнцыяў, аўтары якіх пішуць на “Свабоду” ўпершыню. Часта гэта зусім маладыя людзі. З аднаго з такіх лістоў і пачну сёньняшнюю размову. Напісала яго наша юная слухачка Ганьнюта зь Берасьця:

“Мне яшчэ няма 18 гадоў, але я лічу, што ўжо сёньня павінна вырашыць, як буду жыць. Ці буду я, як дурнаватая камсамолка, славіць Бацьку, кланяцца яму ў ногі за тое, што хоць абы-як, але жыву; ці, можа, буду жыць, як чалавек: з адчуваньнем праўды й справядлівасьці ў сэрцы. Я буду ганарыцца, што жыву ў Беларусі, што мая радзіма належыць да эўрапейскіх краінаў ня толькі паводле геаграфічнага становішча. Мне неабыякавы лёс маёй краіны. Я не жадаю слухаць па тэлебачаньні й радыё, што стабільна-застойная Беларусь — гэта ледзь ня рай на грэшнай зямлі. Не хачу ідэалягічнай апрацоўкі на палітынфармацыях, бо маю сваю галаву на плячах, і ў ёй няма месца для савецкага маразму.

І калі, ня дай Божа, нічога ня зьменіцца, то мне давядзецца пакінуць Беларусь — паеду паступаць у Кіеўскі ўнівэрсытэт. …Можа, узрост у мяне такі, але паверце: я гатовая жыцьцё аддаць, каб толькі няшчасная мая Беларусь вярнула годнасьць, каб людзі былі шчасьлівыя, каб гонар свой адчулі”.

Ёсьць у лісьце нашай слухачкі Ганьнюты зь Берасьця й колькі словаў пра Радыё Свабода:

“Я вельмі-вельмі ўдзячная вам за тое, што вяшчаеце. Калі параўноўваць беларускія дзяржаўныя мэдыі й вашае добрае, сардэчнае радыё на роднай мове, то бачыш нават з заплюшчанымі вачыма, што “Свабода” — гэта самае дэмакратычнае, што ёсьць у нашай Беларусі”.

Мы шчыра ўдзячныя вам, Ганьнюта, за цёплыя словы на свой адрас, за вашыя шчырасьць, непасрэднасьць і пранікнёнасьць. Сёньня ні ў Беларусі, ні вакол яе няма тых абставінаў, якія б вымагалі ад людзей такіх ахвяраў, на якія вы гатовы. Калі б большасьці беларускага грамадзтва хаця б дзясятую частку тых грамадзянскіх пачуцьцяў, той адказнасьці і ахвярнасьці, якімі прасякнуты ваш, Ганьнюта, ліст — напэўна, беларусы ўжо жылі б у іншай Беларусі. Зрэшты, тое, што ёсьць такія 17-гадовыя грамадзяне, што яны менавіта так, а не інакш успрымаюць сьвет вакол сябе і такой бачаць уласную будучыню — дае спадзяваньні на зьмены да лепшага.

Даўні сябар “Свабоды”, былы вайсковец Ільля Копыл зь Менску ў сваім новым лісьце вяртаецца да падзеяў красавіка, — у прыватнасьці, да цырымоніі чарговай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі:

“Пасьля прысягі ў сваім выступе Лукашэнка сказаў, што “мы супраць агрэсіі ў любым выглядзе”. Але хто нам пагражае? Калі і існуе пагроза, дык толькі з боку Расеі. Яе ваенная прысутнасьць на нашай зямлі з кожным годам узрастае. Гэта вельмі небясьпечна. Далей ён сказаў, што “сутнасьць дэмакратыі — гэта павага й падпарадкаваньне волі большасьці”. Але пра якую большасьць ідзе размова? Хто лічыў тыя галасы і хто ведае дакладную лічбу? Гэтым выказваньнем Лукашэнка спрабуе пазбавіць права выказваць пратэст той частцы грамадзтва, якая ня згодная зь яго палітыкай. Ды і не заўсёды большасьць мае рацыю”.

Так, спадар Копыл, дэмакратыі не бывае без сумленных справядлівых выбараў. Аўтарытарныя рэжымы, пазбаўляючы грамадзтва магчымасьці свабоднага выбару, адначасова выкарыстоўваюць псэўдадэмакратычную рыторыку дзеля ўтрыманьня ўлады. Гэта — вынаходзтва зусім не цяперашняга часу. Згадайце, якую бачнасьць дэмакратычных інстытутаў стваралі ў камуністычным СССР: выбары, грамадзкія арганізацыі, прафсаюзы, мітынгі… Усё гэта ў Савецкім Саюзе было, але было толькі муляжом, фікцыяй, падробкай. І ўсё савецкае грамадзтва гэта выдатна бачыла.

Кароткі ліст ад Міколы Лабанава з Магілёва. Слухач піша:

“Нездарма арыштаваных лідэраў апазыцыі трымалі ў адной камэры. Лічу, сярод іх ёсьць нехта, каго называюць “падсадной качкай”. Хутчэй за ўсё, гэта людзі з той партыі, якая заклікае ў адказ на гвалт з боку ўлады падставіць другую шчаку; якая кажа, што Пазьняк павінен пасядзець у турме. Гэта тыя, якія забараняюць рашучыя дзеяньні, якія выплачваюць вялізныя беспадстаўныя штрафы, раскрадаюць грошы і г.д. Іншымі словамі, яны робяць з нас паслухмяных цялятак замест дзейсных рэвалюцыянэраў. І людзі сыходзяць, расчараваныя адсутнасьцю вынікаў”.

Думаю, спадар Лабанаў, лідэры апазыцыі ведаюць пра небясьпеку, якая можа зыходзіць ад падсадных “сексотаў”, і ў турэмнай камэры яны наўрад ці былі занадта шчырымі з малавядомымі людзьмі. Што да старой спрэчкі паміж памяркоўнай часткай апазыцыі й прыхільнікамі радыкальных дзеяньняў, то наўрад ці ў ёй можа быць пераможца. Тым больш, што і адны, і другія ніякіх заўважных посьпехаў пакуль не дасягнулі. А ўлада да іх ставіцца аднолькава, усіх разам запісаўшы, як выказваецца апошнім часам Аляксандар Лукашэнка, у “адмарозкі”.

Наш слухач Віктар Буто зь Менску ў сваім лісьце зьвяртае ўвагу на праблему ўзаемадачыненьняў паміж уладамі й ініцыятарамі акцыяў пратэсту. Ён піша:

“Можна тысячу разоў зьвяртацца ў гарвыканкам з просьбай дазволіць пікет ля дзяржаўнай установы, дзе парушаныя твае правы, — і кожны раз адказ будзе аднолькавы: нельга. У лепшым выпадку могуць дазволіць гэты пікет дзе-небудзь на ўскрайку гораду, там, дзе яго ня ўбачаць тыя чыноўнікі, на парушэньні якіх ты хочаш зьвярнуць увагу. І гэта ў той час, як Канстытуцыя гарантуе грамадзянам права на розныя формы публічнага пратэсту”.

У беларускай Канстытуцыі, спадар Буто, замацавана шмат дэмакратычных свабодаў і правоў. Асноўны закон, напрыклад, забараняе манапалізацыю сродкаў масавай інфармацыі, гарантуе свабоду выказваньняў, абяцае кожнаму годны ўзровень жыцьця... Іншая рэч, як усё гэта выконваецца на практыцы. Тэарэтычна на варце Канстытуцыі павінен стаяць Канстытуцыйны суд. Але ў рэчаіснасьці гэты суд у Беларусі перастаў быць незалежным у 1996 годзе, і з таго часу ніякіх па-сапраўднаму сур’ёзных прэтэнзіяў прызначаныя й зацьверджаныя прэзыдэнтам судзьдзі да выканаўчай і заканадаўчай улады ня маюць.

На заканчэньне — фрагмэнт зь ліста ад Вальдэмара Сітніцы са Скідзелю Гарадзенскага раёну. Слухач піша:

“Слухаю вас кожны дзень. Не магу больш маўчаць. Жах! Што робіцца ў краіне! Настае яшчэ адзін 1937 год. Беззаконьне, бяспраўе. Міліцыя цяпер што захоча можа рабіць. Не падабаесься ўладзе — затрымаюць, паб’юць, кінуць у турму. А ў судзе зачытаюць пратакол, нібы ты на вуліцы нецэнзурна лаяўся. Ну, ці ж не абсурд? А многія людзі нічога ня ведаюць. Сваім калегам расказваю навіны — яны вочы расплюшчылі: “Дзе прачытаць, дзе пачуць?”. Ні ў тэлевізары, ні ў газэтах — ніякай інфармацыі.

З такой уладай нам яшчэ, відаць, доўга пакутаваць у гэтай беднай краіне. Але я веру, што калі-небудзь Беларусь уступіць у Эўразьвяз. Думаю дажыць да таго часу, калі многія з тых, хто сёньня надзелены высокімі пасадамі, паўстануць перад незалежным і справядлівым судом. Вось тады я буду ведаць, што краіна паднімаецца з каленяў і будзе раўнапраўнай у Эўропе. Хацелася б ведаць: можа, у сувязі з апошнімі падзеямі Амэрыка і Эўразьвяз пачнуць адкрываць візы ў амбасадах для тых беларусаў, хто хоча выехаць за мяжу — як гэта было на пачатку 1990-х гадоў?”

Калі вы, спадар Сітніца, маеце на ўвазе кароткачасовыя гасьцявыя ці турыстычныя візы — дык іх выдачы заходнія амбасады й не спынялі. Наадварот, краіны Эўразьвязу разглядаюць цяпер магчымасьць зрабіць такія візы для беларусаў як мага таньнейшымі, ці ўвогуле бясплатнымі — каб людзі езьдзілі й бачылі, як жывуць суседзі. Іншая рэч — выезд на сталае месца жыхарства. Тут працэдура даўгая і складаная. Эміграцыю краіны Захаду не заахвочваюць: трэба мець важкія падставы дзеля таго, каб атрымаць там права на сталае жыхарства. Кожны канкрэтны выпадак разглядаецца іміграцыйнымі службамі індывідуальна.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG