Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А.Мілінкевіч праводзіць сустрэчы ў Парыжы


Радыё Свабода На запрашэньне прэзыдэнта Парлямэнцкай Асамблеі НАТО ў Парыжы знаходзіцца лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч. Сёньня ён правядзе шэраг важных сустрэчаў. Візыт спадара Мілінкевіча працягнецца да 30 траўня, калі завяршае сваю працу сэсія Парлямэнцкай Асамблеі НАТО. Нагадаем, 26 траўня, на першым пленарным паседжаньні спадар Мілінкевіч выступіў перад парлямэнтарамі й адказаў на шэраг пытаньняў.

Сёньняшні дзень візыту пачаўся з інтэрвію, якое Аляксандар Мілінкевіч даў для трох тэлеканалаў, у тым ліку для “Эўраньюс”. Цягам дня ў яго заплянаваны шэраг сустрэчаў: са старшынём камісіі ў замежных справах Нацыянальнай асамблеі Францыі Эдуардам Балядзюрам, міністрам у эўрапейскіх справах францускага ўраду Катрын Калёна і з Жанам-Франсуа Тэралем, дырэктарам “Кантынэнтальнай Эўропы”, установы пры міністэрстве замежных справаў Францыі. Таксама ў яго заплянавана сустрэча з экспэртамі й палітолягамі, якія займаюцца праблемамі Ўсходняй Эўропы. Што ж цікавіць эўрапейцаў?

(Мілінкевіч: ) “Вельмі простае пытаньне ад усіх зыходзіць: прайшлі выбары, былі пратэсты, што далей думае рабіць дэмакратычная кааліцыя? А па-другое, кажуць: а як мы можам вам дапамагаць? Ну, і тут, я лічу, даволі лёгка адказваць, таму што патрэбная маральная, палітычная падтрымка. А звычайна, калі кажам пра канкрэтную падтрымку, то грамадзянская супольнасьць, мас-мэдыі й рэпрэсаваныя”.

Паводле спадара Мілінкевіча, фактычна вырашанае пытаньне з падтрымкай рэпрэсаваных студэнтаў. Ён вызначае таксама яшчэ адну важную мэту візыту ў Парыж і асноўную тэму размоваў з эўрапейскімі палітыкамі:

(Мілінкевіч: ) “Сёньня, я лічу, надзвычай важна — гэта змаганьне за незалежнасьць Беларусі. Бо яна пад пагрозай і можа так стацца, што барацьба за дэмакратыю будзе другаснай у параўнаньні з барацьбой за існаваньне сваёй краіны. І вельмі важна тут быць, таму што палітычная роля Парлямэнцкай Асамблеі НАТО велізарная. Гэта прадстаўнікі дзясяткаў парлямэнтаў, з усіх краінаў. І нам важна, каб яны нас падтрымалі, калі можа завагацца лёс беларускай незалежнасьці”.

Спадар Мілінкевіч меў таксама дыскусію з дэпутатамі расейскай Думы, якія ўхваляюць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

(Мілінкевіч: ) “Я казаў, што гэта беспэрспэктыўны шлях для Расеі, і што яна павінна быць аб’ектыўнай і з намі кантактаваць, бо мы — будучыня Беларусі. У тым сэнсе, што з намі больш моладзі, адукаваных, інфармаваных людзей. Расея для нас стратэгічны партнэр, падкрэсьліваю кожны раз. Яны, на жаль, у большасьці сваёй прытрымліваюцца іншых пазыцыяў”.
XS
SM
MD
LG