Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Gazeta Wyborcza”: Лукашэнка шануе Фелікса Дзяржынскага


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня польскія газэты пішуць пра адкрыцьцё ў Менску помніка Феліксу Дзяржынскаму, а таксама пэўныя пагрозы беларускага прэм''ера на адрас Масквы што да выхаду з СНД, калі Расея ня будзе прадаваць Беларусі газ па ўнутраных цэнах.

“У часе, калі ў Расеі і іншых былых рэспубліках Савецкага Саюзу культ Дзяржынскага адыходзіць у мінулае, у Беларусі ягоныя заслугі надалей цэняцца. Дзяржынскага, які выйшаў зь сям’і польскай шляхты, шануе Аляксандар Лукашэнка – ён шмат разоў называў яго ўзорам для сваіх падначаленых. Напрыклад, ён казаў, што ў кіраўніцтве КДБ могуць быць толькі “сапраўдныя чэкісты, якія адпавядаюць крытэрыям, вызначаным “жалезным Фэліксам”, – піша сёньня “Gazeta Wyborcza”.

Штодзёньнік адзначае, што новы беларускі помнік, гэта копія помніка, які ў савецкія часы быў усталяваны ў Расеі.

Польскія мэдыі пішуць таксама, што паводле кіраўніка памежных войскаў Беларусі Аляксандра Паўолоўскага, Дзяржынскага “нельга абвінавачваць ва ўдзеле ў рэпрэсіях”, бо такія словы, “як кажуць гісторыкі, цалкам пярэчаць гістарычным фактам”.

У сваю чаргу “Rzeczpospolita” ў матэрыяле “Танны газ альбо развод” піша пра пагрозы Беларусі выйсьці з СНД, калі Расея ня будзе прадаваць ёй газ па сваіх унутраных цэнах.

Газэта адзначае, што ў справе цаны газу Аляксандар Лукашэнка ня можа саступіць, бо калі яна будзе падвышаная, дык “гэта будзе азначаць крах беларускай гаспадаркі”. “Rzeczpospolita” піша, што пакуль вельмі цяжка прадбачыць, як скончыцца беларуска-расейская “газавая спрэчка”.

Гл.таксама • Фотарэпартаж з адкрыцьця помніку Феліксу Дзяржынскаму
XS
SM
MD
LG