Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст з каманды Мілінкевіча атрымаў 5 месяцаў арышту (абноўлена)


Радыё Свабода, Шчучын Шчучынскі актывіст Сяргей Ляшкевіч асуджаны сёньня да пяці месяцаў арышту. Яго абвінавацілі ў крымінальным злачынстве па артыкуле 293 частка трэцяя Крымінальнага кодэксу (навучаньне і іншая падрыхтоўка асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадкаў).

Судзьдзя Сініла ў сваім рашэньні ўзяў да ўвагі выключна довады абвінаваўчага боку. Яны, у сваю чаргу, будаваліся на паказаньнях сьведкі, тройчы асуджанага па крымінальных справах, Аляксандра Бурдзея. Дарэчы, апошні прысуд Бурдзею на два з паловай гады абмежаваньня волі выносіў той самы судзьдзя Сініла.

Сёньня судзьдзя Сініла прыняў аргумэнты Бурдзея пра тое, што быццам бы Ляшкевіч даваў яму для распаўсюду агітацыйную прадукцыю, сыстэматычна ў сваёй кватэры праводзіў размовы аб правядзеньні ў Менску мітынгаў, у якіх той павінен быў браць удзел, паказваў відэафільмы, у якіх дэманстраваліся масавыя беспарадкі ў Менску, як падпальваліся міліцэйскія машыны і ўчыняўся гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі. Гэта, дарэчы, суд і палічыў навучаньнем да ўдзелу ў масавых беспарадках.

Акрамя навучаньня, гаворыцца ў прысудзе, Ляшкевіч даводзіў інфармацыю Бурдзею аб тым, калі ў Менску адбудуцца масавыя акцыі. Ні на воднай зь іх Бурдзей не прысутнічаў.

Сяргей Ляшкевіч не прызнаў ніводнага пункту абвінавачваньня з боку пракурора, а ягоныя адвакаты даказвалі, што відэакліп пад назовам "Незвычайны канцэрт", які Бурдзей бачыў у кватэры Ляшкевіча, зьяўляецца творам мастацтва, як, да прыкладу "Вайна і мір" Талстога, а не ў якім выпадку не навучальным матэрыялам для масавых беспарадкаў. Аднак судзьдзя патрактаваў відэафільм інакш.

Адвакаты таксама зьвярталі ўвагу на блытаныя паказаньні Бурдзея, на тое, што суд давярае тройчы асуджанаму чалавеку, які ў той час чакаў на чарговы прысуд, а не прымае пад увагу словы Ляшкевіча, які мае станоўчыя характарыстыкі зь месца працы і навучаньня ў Гарадзенскім аграрным унівэрсытэце і які ніколі раней не прыцягваўся да адказнасьці.

Сумнеўнымі, на думку адвакатаў, былі паказаньні сьведкі па прозьвішчы Навагран, якога суд вызваліў ад удзелу ў працэсе нібыта ў мэтах забесьпячэньня яго асабістай бясьпекі. Спадар Навагран, які так і не зьявіўся ў судзе, пісьмова паказаў, што паміж ім і Ляшкевічам адбылася размова, у якой апошні быццам казаў аб тым, што зьбірае маладых фізычна моцных людзей для ўдзелу ў акцыях пратэсту ў Менску.

Сяргей Ляшкевіч заявіў, што прозьвішча гэтага сьведкі яму наагул невядома.

Нібыта ўлічыўшы станоўчыя характарыстыкі Сяргея Ляшкевіча і ягоны стан здароўя – ён хварэе на астму, судзьдзя Сініла вынес прысуд – 5 месяцаў арышту, на месяц менш, чым патрабаваў пракурор.

Пракурор Рыгор Дынько застаўся задаволены рашэньнем суду:

(Рыгор Дынько: ) "Практычна тое, што я прасіў, тое і далі. Астатняе – гэта ўжо ня сутнасьць. І з майго пункту погляду ўсё нармальна".

А вось што сказала пасьля вынясеньня прысуду маці Сяргея Ляшкевіча – Ірына Ляшкевіч:

(Ляшкевіч: ) "Такога цынізму, такой хлусьні я яшчэ ня чула... Зрэшты напэўна толькі такога і трэба было чакаць ад нашага суду. Я, канечне, спадзявалася на лепшае, але лепшага, як відаць, тут чакаць не атрымліваецца з нашым правасудзьдзем. У нас судзіць і вяршыць лёсы адзін чалавек".

Гл.таксама • Як ішоў суд над Сяргеем Ляшкевічам (фота)
XS
SM
MD
LG