Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чакаецца, што ў Маскве сёньня будзе ўзьнятая беларуская тэма


Радыё Свабода Сёньня ў Маскве пройдзе так званая міні-сэсія Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. "Міні" яна завецца таму, што цягнецца толькі адзін дзень ды папярэднічае звычайным сэсіям, якія традыцыйна адбываюцца чатыры разы на год. Аглядальнікі, са спасылкай на старшыню ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэна, цьвердзяць, што ў Маскве будзе ўзьнятая беларуская тэма.

На сёньняшнюю сустрэчу ў Маскву запрошаныя кіраўнікі нацыянальных дэлегацыяў усіх 46 дзяржаваў – сябраў Рады Эўропы. Да іх далучаюцца лідэры палітычных групаў Парлямэнцкай асамблеі, яе кіраўніцтва ды сябры Сталага камітэту. Разам гэта больш за 100 асобаў.

Сталіца Расеі абраная для месца сустрэчы невыпадкова – менавіта Расейская Федэрацыя ад 15 траўня цягам шасьці месяцаў старшынюе ў Камітэце міністраў Рады Эўропы, дзе зьбіраюцца ўсе кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў сваіх краінаў. З гэтай нагоды старшыня ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэн у інтэрвію журналістам у Страсбуры выказаў спадзяваньне, што за гэты час "Расея знойдзе шляхі для паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі".

Гэдэмінас Якавоніс – дэпутат зь Літвы, сябра Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ўпэўнены, што становішча ў Беларусі сёньня будзе ўзгадвацца. У інтэрвію нашаму радыё ён нагадаў, што на апошняй сэсіі Парлямэнцкай асамблеі ў Страсбуры дэпутаты заклікалі беларускі ўрад "пачуць заклікі дэмакратычнай апазыцыі і правесьці паўторныя выбары, гарантаваўшы іх свабоду, справядлівасьць і адпаведнасьць міжнародным стандартам". Аднак літоўскі дэпутат лічыць, што не патрэбна перабольшваць ролю Расеі адносна Беларусі.

(Якавоніс: ) "Тое, што Расея адна, самастойна вырашыць праблемы дэмакратыі ў Беларусі, я бы так катэгарычна не казаў. Я думаю, што тут патрэбныя сумесныя дзеяньні як эўрапейскіх структураў, так і Расеі".

Беларускі палітык Яраслаў Раманчук неаднаразова прысутнічаў на сэсіях Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Ён цьвердзіць, што прадстаўнікі Расеі заўжды падтрымліваюць там беларускі рэжым. І яшчэ, на думку палітыка, трэба памятаць, што дыскусія, нават калі яна і пройдзе, абмяжуецца пакуль выключна парлямэнцкімі структурамі.

(Раманчук: ) "Перадусім размова йдзе не пра Раду Эўропы, а пра яе, так бы мовіць, палітычны падворак – Парлямэнцкую асамблею. Тут звычайна ідуць палітычныя дыскусіі, а рашэньні прымаюцца іншымі структурамі. Але перад самітам "вялікай васьмёркі" Расея можа сапраўды ня тое, што крытыкаваць, а проста ўзгадаць беларускае пытаньне ў кантэксьце дэмакратызацыі, у кантэксьце выкананьня тых стандартаў, на якіх будуецца Рада Эўропы".

Чарговая традыцыйная сэсія Парляменцкай асамблеі Рады Эўропы пройдзе ў Страсбуры ў канцы чэрвеня. У Маскве зьбіраюцца зацьвердзіць парадак дня гэтага мерапрыемства.
XS
SM
MD
LG