Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сябры "Маладога фронту" гатовыя абвясьціць галадоўку


Любоў Лунёва, Менск Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” патрабуюць ад уладаў спыніць рэпрэсіі супраць сяброў сваёй арганізацыі. Яны распачалі кампанію акцый, каб дамагчыся спыненьня крымінальнага перасьледу некалькіх сяброў “Маладога фронту”, якіх падазраюць у дзеяньнях, што груба парушаюць інтарэсы грамадзянаў. Маладафронтаўцы гатовыя сёньня абвясьціць галадоўку.

Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” адчулі ціск з боку ўладаў напярэдадні і ў часе прэзыдэнцкай кампаніі. У Менску і ў рэгіёнах штодня адбываліся ператрусы. Маладафронтаўцаў выклікалі ў міліцыю, пракуратуру і КДБ. Бацькам актывістаў пагражалі звальненьнем з працы. Распачата некалькі крымінальных справаў. Зьмітра Дашкевіча, Барыса Гарэцкага, Сяржука Лісічонка , Алега Корбана, Сяржука Марчыка, Паўла Красоўскага і Насту Азарку падазраюць у дзеяньнях, якія груба парушаюць правы і інтарэсы грамадзянаў. У Салігорску непаўнагадовых маладафронтаўцаў цягам апошняга тыдня некалькі разоў выклікалі на размовы. У такіх умовах сябры “Маладога фронту” пачалі шэраг акцый з патрабаваньнем спыніць перасьлед моладзі.

Гаворыць лідэр Салігорскай суполкі Дзяніс Карноў.

(Карноў: ) «У нас вельмі шмат непаўнагадовых сяброў. Большасьць зь іх вучацца ў 4-ай школе. Іх выклікаюць у КДБ і міліцыю. Запалохваюць іх бацькоў, пагражаюць звальненьнем з працы за тое, што тыя не займаюцца сваімі дзецьмі. У зьвязку з гэтым мы пачынаем шэраг акцый на знак пратэсту супраць рэпрэсіяў. Ня выключана, што мы сёньня распачнем галадоўку.»

Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч адбываюць 15 сутак арышту ў турме на Акрэсьціна. Іх затрымалі, калі яны ішлі ў суд Маскоўскага раёну Менску, каб прысутнічаць на паседжаньні ў справе звольненага з працы выкладчыка педагагічнага ўнівэрсытэту Юрыя Бачышчы. Хлопцаў абвінавацілі ў тым, што яны нібыта нецэнзурна лаяліся. 26 траўня некалькі дзесяткаў чалавек правялі на Кастрычніцкай плошчы флэш-моб у падтрымку Зьмітра і Артура.

Прэсавы сакратар “Маладога фронту”Барыс Гарэцкі лічыць бессэнсоўным зьвяртацца ў пракуратуру.

(Гарэцкі: ) “Мы, на жаль, ня маем магчымасьці зьвяртацца ў пракуратуру, суды ды іншыя ворганы, бо ведаем, які будзе адказ. Таму мы спадзяемся на грамадзкасьць. Даводзім інфармацыю да людзей пра крымінальную справу супраць сяброў нашага руху. Праводзім кампанію з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў: шэраг акцыяў, пікетаў, флэш-мобаў, раздачу газэтаў. Ня выключана, што сёньня мы абвесьцім галадоўку. Безумоўна, галадоўка гэта ня сродак дасягненьня сваіх мэтаў у таталітарнай краіне, але мы ня бачым іншага выйсьця.”

Сёньня раніцай маладафронтаўцы абмяркуюць сытуацыю і прымуць плян дзеяньняў на лета. Барыс Гарэцкі паведаміў, што моладзь ня спыніць сваю дзейнасьць на час летніх вакацыяў. Пры гэтым сябры “Маладога фронту” будуць распрацоўваць стратэгію вулічных акцый на восень.
XS
SM
MD
LG