Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП выступае за стратэгію аб’яднаньня і адказнасьці


Радыё Свабода, Менск У Менску ў Палацы культуры трактарнага заводу адбыўся 10-ы з’езд Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Старшынём партыі пераабраны Анатоль Лябедзька.

На пачатку з’езда былі ўручаны пасьведчаньні шэрагу новых сябраў партыі. Апошнім часам толькі ў Менску ў АГП уступілі больш за 70 чалавек. Таксама быў паказаны дакумэнтальны фільм “Падман” Юрыя Хашчавацкага, прысьвечаны мінулым прэзыдэнцкім выбарам. З гасьцей з’езду выступіў актывіст БСДП(Грамада) Уладзімер Нісьцюк. Аднак у зале не было заўважана лідэраў аб’яднаных дэмакратычных сілаў. У кіраўніцтве АГП патлумачылі, што першыя асобы знаходзяцца ў паездках альбо як Мікола Статкевіч, у зьняволеньні.

У сваім выступе перад дэлегатамі Анатоль Лябедзька заўважыў, што застаецца палітычным аптымістам з крытычным ухілам. АГП прайграла мінулы кангрэс дэмсілаў, але выйграла стратэгія аб’яднаньня.

(Лябедзька: ) “Галоўная мэта не мяняецца: вяртаньне Беларусі на шлях дэмакратычнага разьвіцьця, стварыць у Беларусі сытуацыю для дэмакратычных выбараў і павялічыць колькасьць прыхільнікаў пераменаў у грамадзтве. Мы павінны з вамі працягнуць рэалізацыю стратэгіі аб’яднаньня і адказнасьці. І наша з вамі задача пашырыць рамкі той кааліцыі, якую мы маем і далучыць да працэсу новых людзей”.

Спадар Лябедзька выказаўся за правядзеньне новай агульнанацыянальнай кампаніі “За свабоду і перамены” у якасьці пляну дзеяньняў. А заьцвердзіць яе павінен кангрэс, які дазволіць улічыць “фактар Казуліна” і адчыніць дзьверы сябрам “беларускага майдану”. Старшыня АГП агучыў плян сумесных дзеяньняў з 8-мі пунктаў. Асноўныя з іх – разрыў інфармацыйнай блякады, дэлегітымізацыя вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, прад’яўленьне грамадзтву альтэрнатыўнага бачаньня будучыні Беларусі, вызваленьне палітвязьняў і расьледаваньне выкраданьня апанэнтаў рэжыму, выбарчая камапнія ў мясцовыя саветы дэпутатаў і гэдак далей.

Якое ж месца АГП у кааліцыі бачыць спадар Лябедзька?

(Лябедзька: ) “Мы якраз робім акцэнт, каб рэальна працягваць стратэгію аб’яднаньня і кансалідацыі праз справу, а не на тое, каб больш выразным прадставіць свой твар. Гэта наша стратэгія і мы ад яе адступаць ня будзем. Тым больш, улічваючы што Статкевіч, Севярынец і Навасяд заўляўюць, што нашы падыходы супадаюць з іхнімі, то я думаю, што будзе добрая дыскусія. Без дыскусіі, без размовы, без рэфармаваньня кааліцыі складана будзе ісьці наперад”.

Актывіст АГП Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “ Пра кааліцыю было сказана вельмі цьвёрда, што мы павінны яе шанаваць, берагчы і пашыраць і таму мы лічым, што гэтую стратэгію мы будзем працягваць. Гэта значыць, што кааліцыйныя рашэньні для нас больш важныя, чым партыйныя. У тым сэнсе, што агульная стратэгія павінна зараз працаваць на Беларусь, а ня толькі на адну партыю”.

Старшынём партыі пераабраны Анатоль Лябедзька, а ягонымі намесьнікамі сталі Яраслаў Раманчук, Людміла Гразнова, Уладзімер Чырвоненка й Ігар Шынкарык. На з’ездзе таксама абмеркавана пасьлявыбарчая стратэгія партыі. АГП выступае за правядзеньне агульнанацыянальнай кампаніі “За свабоду і перамены”, за пашырэньне кааліцыі аб’яднаных дэмсілаў, за правядзеньне другога кангрэсу дэмсілаў, за паскарэньне кампаніі па дэлігетымізацыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і правядзеньне над ім міжнароднага грамадзкага суду.
XS
SM
MD
LG