Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску скончыліся дні Эўропы


Уладзімер Глод, Менск Вялікай моладзевай дыскатэкай у клюбе-казіно "Белая вежа" сёньня ў Менску скончыліся Дні Эўропы, які доўжыліся ад панядзелка, 22 траўня . Запрошаныя на сьвяточную імпрэзу беларускія студэнты мусілі здаць інтэлектуальны іспыт.

Студэнтам менскіх унівэрсытэтаў патрэбна было паказаць свае веды Эўрапейскай канстытуцыі. Адшукаць важкія аргумэнты на карысьць прыняцьця альбо адмовы ад гэтага дакумэнту ў Францыі, Нямеччыне ці Нідэрляндах. За гэтай дыскусіяй назіралі дыпляматы з краінаў Эўрапейскага зьвязу.

Пасол Баўгарыі ў Беларусі прафэсар Петка Ганчаў цьвердзіць, што ён, магчыма, лепш за сваіх калегаў зь іншых краінаў, што акрэдытаваныя ў Менску, разумее неабходнасьць кантактаў між Эўразьвязам і Беларусьсю.

(Ганчаў: ) "Цяпер адбываецца як бы спаборніцтва паміж Расеяй і Эўразьвязам – хто зь іх дасьць больш перавагаў Беларусі. І хаця беларускія ўлады, як я разумею, аддаюць перавагу інтэграцыі з Расеяй, гэта не азначае, што Беларусь ня можа інтэгравацца і з Эўропай. Яна можа стаць мостам ня толькі паміж Эўропай і Расеяй, але нават і паміж Эўропай і Эўразійскай прасторай былога Савецкага Саюзу. Нельга забывацца, што Беларусь належыць Эўропе: гістарычна, культурна, эканамічна... І таму патрэбна, каб Беларусь насамрэч стала тым важным зьвяном, якое зьвяжа агульную прастору".

Паводле некаторых заходніх дыпляматаў, кантакты зь Беларусьсю сталі б больш спрыяльнымі, калі б у Менску было адчынена прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі. Гэта ўжо зрабілі ў Кішынёве. Намесьнік кіраўніка кіеўскага офісу Эўракамісіі, які цяпер ахоплівае Ўкраіну ды Беларусь, а раней – і Малдову, нямецкі дыплямат Дзірк Шубэль так бачыць пэрспэктыву:

(Шубэль: ) "Мы маем ідэю – адкрыць рэгіянальнае прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску. Адпаведную заяўку мы накіравалі на адрас беларускага ўраду. Але адказу на гэтую ініцыятыву пакуль няма. Цяпер мы зьбіраемся зацьвердзіць пасаду Часовага паверанага у кіеўскім офісе, які б адказваў выключна за беларускія справы. І гэта, спадзяюся, здарыцца ўжо сёлета".

Амбасадар Ганчаў гаворыць, што такія імпрэзы, як дні Эўропы, дакладна паказваюць перавагі краінаў Эўразьвязу:

(Ганчаў:) "Гэта само па сабе, натуральным чынам будзе садзейнічаць дэмакратызацыі беларускага грамадзтва, зьменаў у ім, атрыманьні большай свабоды, большай аўтаноміі асобных частак грамадзтва. Калі гэты працэс стане больш інтэнсіўным з боку Эўразьвязу, дык адпаведныя працэсы пойдуць больш інтэнсіўна і ў беларускім грамадзтве. А інакш, яно закрытае ды ізаляванае".

Дні Эўропы традыцыйна адзначаюцца ў траўні. Гэты месяц абраны таму, што 56 гадоў назад тагачасны міністар замежных справаў Францыі Рабэр Шуман упершыню публічна прадставіў канцэпцыю зьяднанай Эўропы. Два гады таму, пасьля апошняга пашырэньня Эўразьвязу, Беларусь стала межаваць з Эўразьвязам.
XS
SM
MD
LG