Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міжнародныя рэакцыі на беларускія падзеі: агляд тыдня


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Рэакцыі замежных палітыкаў і прэсы на сытуацыю і падзеі ў Беларусі.

22 траўня, панядзелак

У Менску пачаліся дні Эўропы. Іх арганізавалі дыпляматычныя місіі краінаў Эўрапейскага Зьвязу і краінаў-кандыдатаў на далучэньне да яго. Майра Мора, амбасадарка Латвіі — краіны, якой Эўразьвяз даручыў каардынаваць у Менску падрыхтоўку да сьвята, — падкрэсьліла, што Эўропа ня мае намеру адгарадзіцца ад Беларусі жалезнай заслонай. Ён Боўг, кіраўнік кіеўскага офісу Эўракамісіі, што ахоплівае сваёй дзейнасьцю Ўкраіну ды Беларусь, патлумачыў, чаго чакае ад афіцыйнага Менску Брусэль:

(Боўг: ) “Эўразьвяз яшчэ раз падкрэсьлівае сваё жаданьне паглыбіць дачыненьні зь Беларусьсю — прынамсі, у рамках палітыкі эўрапейскага добрасуседзтва, пры ўмове, што беларускія ўлады яскрава пакажуць жаданьне паважаць дэмакратычныя каштоўнасьці й прытрымлівацца законаў”.

Эўрапейскі Зьвяз мае намер пераразьмеркаваць фінансавую дапамогу Беларусі – пра гэта паведаміў намесьнік кіраўніка прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Ўкраіне і ў Беларусі Дзірк Шубэль, выступаючы на Днях Эўропы Менску. Ён падкрэсьліў, што “Эўразьвяз – найбуйнейшы донар Беларусі” і патлумачыў, што ў якасьці асноўных мэтаў Эўразьвяз вызначае “падтрымку дэмакратызацыі, павагу да правоў чалавека і падтрымку грамадзянскай супольнасьці”. Дыплямат паведаміў, што у наступным годзе замест праграмы ТАСІС у адпаведнасьці з новымі мэтамі Эўразьвязу пачынае дзейнічаць эўрапейская праграма “Партнэрства і супрацоўніцтва”.

23 траўня, аўторак

Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Amnesty Inernational” у штогадовай справаздачы адзначыла пагаршэньне сытуацыі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Дырэктар маскоўскага бюро “Міжнароднай амністыі” Сяргей Нікіцін заявіў:

(Нікіцін: ) “Мы кажам пра тое, што ў гэтай краіне зашмат вязьняў сумленьня. Мы кажам, што Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе не скасавалі сьмяротнае пакараньне. Перасьлед людзей, якія ня могуць скарыстацца сваім правам на свабоду слова і сходаў, — гэта вельмі сумна. Усё гэта выклікае вялікую заклапочанасьць”.

У польскім горадзе Познані адбылося ўрачыстае адкрыцьцё беларускага Культурна-асьветніцкага цэнтру. Беларускі культурна-асьветніцкі цэнтар існуе ўжо некалькі гадоў і займаецца ня толькі культурніцкімі праектамі, але арганізоўвае таксама акцыі салідарнасьці з дэмакратычнай Беларусьсю.

Тым часам маршалак польскага Сэнату Богдан Барусэвіч у інтэрвію інтэрнэт-выданьню "Wider Europe" заявіў, што “Беларусь – гэта праблема ня толькі палякаў, але ўсёй Эўропы”, і што неабходнай умовай нармалізацыі польска-беларускіх дачыненьняў зьяўляецца прызнаньне Менскам кіраўніцтва СПБ на чале з Анжалікай Борыс.

24 траўня, серада

Польскія мэдыі адгукнуліся камэнтарамі на пасланьне Аляксандра Лукашэнкі да Нацыянальнага сходу. “Прэзыдэнт Лукашэнка пагражае санкцыямі ЗША і Канадзе ды іншым краінам, якія не пускаюць яго і яшчэ некалькі дзесяткаў беларускіх чыноўнікаў на сваю тэрыторыю”, – так пачынаўся матэрыял на польскім грамадзкім тэлебачаньні.

У парлямэнце Латвіі адмысловая дэпутацкая група дзеля падтрымкі дэмакратычных працэсаў у Беларусі арганізавала сустрэчы й дыскусіі з удзелам беларускіх апазыцыйных палітыкаў. Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч патлумачыў, што ў Рызе абмяркоўвалася магчымая падтрымка дэмакратычных працэсаў у Беларусі.

(Мілінкевіч: ) “Хаця ад нас усё залежыць, што будзе ў Беларусі, за нас ніхто ня зробіць. Але выпрацоўка агульнай стратэгіі, іх салідарнасьць, іх дапамога надзвычай важныя. І калі яны не зразумеюць таго, што адбываецца й будзе адбывацца ў Беларусі, яны могуць прыняць памылковыя рашэньні. А так яны вельмі скаардынавана працуюць”.

Міністры замежных справаў Польшчы і Швэцыі Ганна Фатыга і Ян Эліясан вырашылі пачаць цеснае супрацоўніцтва ў справе дапамогі беларускім студэнтам, якіх выключаюць з ВНУ за палітычную і грамадзкую дзейнасьць. Міністры у часе сустрэчы ў Стакгольме вырашылі, што выключаным беларускім студэнтам трэба стварыць магчымасьці для працягу навучаньня ня толькі ў Польшчы, але і ў Швэцыі.

25 траўня, чацьвер

Урад Эстоніі вырашыў выдаткаваць 46 тысячаў даляраў для выплаты стыпэндыяў студэнтам зь Беларусі, якія былі выключаныя зь беларускіх ВНУ паводле палітычных матываў. Паводле прэсавага сакратара ўраду Эстоніі, дзякуючы гэтым стыпэндыям прыкладна 10 чалавек змогуць працягнуць навучаньне ў Эстоніі.

“Кітай гатовы на прынцыпах мірнага суіснаваньня працягваць разьвіцьцё адносінаў зь Беларусьсю” – пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных справаў КНР у Беларусі Лю Дзянь Чао. Ён дадаў, што “Кітай паважае выбар шляху, зроблены беларускім народам”. Гэтыя выказваньні кітайскага дыплямата прагучалі ў адказ на просьбу пракамэнтаваць заяву беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі, што “Кітай зьяўляецца галоўным прыярытэтам зьнешняй палітыкі Беларусі”.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Менску амбасадар Ірану ў Беларусі Абдольхамід Фэкры заявіў, што пазыцыі Ірану й Беларусі супадаюць у многіх міжнародных пытаньнях і асабліва добра складваецца супрацоўніцтва на міжнароднай арэне.

(Фэкры: ) “Мы прызнаем, што Беларусь – высокаразьвітая краіна. І калі гэта будзе неабходна, мы ня будзем саромецца працягваць руку дапамогі ўсім сваім сябрам, у тым ліку й Рэспубліцы Беларусь”.

У інтэрвію газэце "Комсомольская правда" в Белоруссии" амбасадар Расеі ў Менску Аляксандр Сурыкаў заявіў, што яму не зразумелыя разважаньні афіцыйнага Менску наконт таго, што згодна з саюзнымі дамоўленасьцямі цана на газ для Беларусі павінна быць роўная ўнутрырасійскаму паказчыку. “Саюзная дамова – дамовай, а эканоміка – эканомікай”, – заявіў расейскі дыплямат.

Тым часам лідэр расейскай партыі “Яблоко” Грыгоры Яўлінскі ў інтэрвію расейскаму інтэрнэт-выданьню “Газета.Ru” заявіў, што Ўладзімір Пуцін можа пайсьці на аншлюс Беларусі дзеля таго, каб балятавацца на пасаду прэзыдэнта Расеі на трэці тэрмін.

26 траўня, пятніца

Старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн заявіў, што сытуацыя ў Беларусі можа абмяркоўвацца ў ходзе пасяджэньня сталага камітэту асамблеі 29 траўня ў Маскве. Ван дэр Ліндэн падкрэсьліў неабходнасьць выкананьня правоў чалавека ў Беларусі і асудзіў як “недапушчальнае” ўтрыманьне ў Беларусі пад вартай палітычных дзеячаў ды заклікаў тэрмінова вызваліць палітычных зьняволеных.

У Парыжы на адкрыцьці сэсіі Парлямэнцкай асамблеі НАТО выступіў лідэр аб’яднанай беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч, які распавёў пра палітычную сытуацыю ў Беларусі і выказаўся пра пэрспэктывы дачыненьняў Беларусі і Аб’яднанай Эўропы.

У Варшаве Папа Бэнэдыкт XVI адслужыў імшу для соцень тысячаў вернікаў, сярод якіх было і некалькі тысячаў беларусаў. У часе набажэнства была зачытаная малітва і на беларускай мове. Людзі маліліся “за свабоду і пашану годнасьці кожнага чалавека, каб ніхто не цярпеў ад прымусу, дыскрымінацыі і прычыненай крыўды”.

Тым часам група дэпутатаў парлямэнту Нарвэгіі прапанавала вылучыць беларускага праваабаронцу Алеся Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію міру.
XS
SM
MD
LG