Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя палітзьняволеных: агляд тыдня


Алег Грузьдзіловіч, Менск 6 месяцаў зьняволеньня запатрабаваў пракурор для актывіста з Шчучына Сяргея Ляшкевіча. Актывісты “Партнэрства” пачалі знаёміцца з матэрыяламі сваёй крымінальнай справы. Валер Леванеўскі ініцыяваў стварэньне арганізацыі дзеля абароны палітвязьняў.

У панядзелак 29 траўня будзе абвешчаны прысуд актывісту са Шчучына Сяргею Ляшкевічу, якога падазраюць у падрыхтоўцы да тэрарыстычных актаў. Нагадаю, працэс паводле гэтага артыкулу праходзіць у Беларусі ўпершыню. Пракурор палічыў віну Сяргея Ляшкевіча даказанай і запатрабаваў пакараць актывіста штаба Аляксандра Мілінкевіча шасьцю месяцамі зьняволеньня.

Сяргей Мальчык з Гародні сачыў за падзеямі на працэсе ад яго пачатку. На падставе ўбачанага ён лічыць працэс над Сяргеям Ляшкевічам палітычным.

(Мальчык: ) “Шчучынскія пінкертоны вырашылі гэтак паказаць сваю стараннасьць, але ў выніку яны патрапілі ў складанае становішча. Быццам і працэс адбыўся, але ж доказаў ніякіх у суда няма. На дыктафонным запісе, які агучылі, адна лаянка і голас сьведкі Бурдзея, які патрабуе грошы. Відэастужкі, якія паказвалі, маюць тысячы жыхароў Беларусі. На іх кадры, якія ўзятыя з праграмаў беларускага тэлебачаньня, як міліцыянты разганяюць мірных дэманстрантаў. І гэта прад’яўляецца ў якасьці доказу таго, што Сяргей праводзіў нейкі інструктаж Бурдзею? Сьмешна”.

Аднак пры гэтым Сяргей Мальчык не выключае, што спадара Ляшкевіча прызнаюць вінаватым, каб апраўдаць час, які апазыцыянэр адбыў за кратамі. Нагадаю, Сяргей Ляшкевіч арыштаваны ўжо амаль тры месяцы.

Чатырох актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” па ранейшаму трымаюць у турме КДБ “Амэрыканка”. Гэта Мікалай Астрэйка, Эніра Браніцкая, Цімафей Дранчук і Аляксандр Шалайка. Маладых людзей падазраюць у дзеяньнях ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Справа паводле такога абвінавачваньня таксама ўпершыню будзе разглядацца ў Беларусі.

Жонка Цімафея Дранчука Вольга паведаміла, што ўжо пачалося азнаямленьне са справай абвінавачаных і іх адвакатаў. Адвакаты пакуль устрымліваюцца ад камэнтароў. Вольга Дранчук кажа пра мужа:

(Дранчук: ) “Мабыць, усё ж лягчэй стаў сябе адчуваць, калі нешта пачалося, нейкія дзеяньні па справе. Гэта лепш, чымсьці сядзець і чакаць невядома чаго”.

Нагадаю, актывістаў “Партнэрства”, якія спрабавалі наладзіць незалежнае назіраньне за выбарамі, арыштавалі ў лютым. Пасьля допытаў у першыя дні арышту працяглы час зь імі ўвогуле ніякіх сьледчых дзеяньняў не вялося, пры гэтым маладым людзям адмаўлялі ў спатканьнях са сваякамі. Шмат хто ў Беларусі мяркуе, што гэтак сьледзтва спрабавала націснуць на актывістаў маладзёвага руху і дамагчыся іх прызнаньняў.

Меней за 20 дзён засталося адбыць за кратамі актывісту маладзёвага руху з Баранавічаў Мікіту Сасіму. Нагадаю, яго пакаралі трыма месяцамі арышту за ўхіленьне ад вайсковай службы. Між тым арганізацыя "Міжнародная амністыя” палічыла перасьлед Сасіма палітычна матываваным і прызнала яго вязьнем сумленьня.

У падобным сьпісе ўжо дзясяткі беларускіх палітыкаў, у тым ліку 18 зь іх знаходзяцца за кратамі ў гэтыя дні. Яшчэ нядаўна за кратамі былі палітвязьні прадпрымальнікі Валер Леванеўскі, Аляксандр Васільеў, а таксама былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч. Днямі яны стварылі аргкамітэт дзеля дапамогі палітвязьням і ўсім беларускім зьняволеным, чые правы парушаюць у беларускіх турмах.

Валер Леванеўскі, які адбыў за кратамі два гады і зьведаў парадкі ў трох папраўчых установах, мяркуе, што ў беларускіх турмах з боку адміністрацыі паўсюдна парушаецца закон. Асабліва ў дачыненьні да тых вязьняў, якія змагаюцца за свае правы.

(Леванеўскі: ) “Жахліва, але гэтую сыстэму фактычна стварыла і падтрымлівае адміністрацыя турмаў. Закон там фактычна ня дзейнічае. Мяне, прыкладам, зьмяшчалі ў ізалятар, каралі іншым чынам менавіта за тое, што я патрабаваў выкананьня закону”.

Пайшоў адлік трэцяга месяцу, як патрапіў за краты экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Ён сядзець у Жодзінскай турме. Днямі стала вядома, што пракуратура не зьбіраецца прыцягваць да адказнасьці супрацоўнікаў “Алмазу”, якія, паводле Казуліна, зьбівалі яго пасьля затрыманьня. Аляксандар Казулін ужо другі тыдзень знаёміцца са сваёй крымінальнай справай. Яго падазраюць у хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG