Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Менскім аўтасалёне” панавалі іранскія і кітайскія аўтамабілі (фота)


Ігар Карней, Менск Напярэдадні ў крытым футбольным манэжы завяршыўся першы “Менскі аўтасалён”. Наш карэспандэнт лічыць, што сёлетняя аўтамабільная выстава была самай сьціплай за паўтара дзясятка гадоў.

“Менскі аўтасалён” адкрываў вайсковы аркестар, аднак, так бы мовіць,“мілітарысцкага” размаху ў выставе заўважана не было. Каб абыйсьці павільён, хапіла і 10 хвілінаў. Прычым затрымацца каля якогасьці экспанату проста не было нагоды.

На выставе былі прадстаўленыя амаль усе буйныя аўтавытворцы, але прадукцыяй ужо добра вядомай. Каб яе пабачыць, ня трэба ісьці на выставу, яна езьдзіць па дарогах краіны.

Хоць першы дзень “Менскага аўтасалёну” быў адданы VIP-пэрсонам, аднак за некалькі гадзінаў знаходжаньня ў крытым футбольным манэжы нікога з “віпаў” я не заўважыў. Адзіным, напэўна, выняткам быў былы брамнік футбольнага клюбу менскага “Дынама” Юры Курбыка, які паскардзіўся, што ўсё выстаўленае на стэндах ужо гады тры як бегае па Менску.

Экзатычным выключэньнем – экспазыцыя іранскіх аўтамабіляў “Саманд”, якія ад 10 чэрвеня будуць прэтэндаваць на званьне “першага беларускага нацыянальнага аўтамабіля” (менавіта на гэты тэрмін прызначаны пачатак зборкі іранскіх машынаў у Абчаку пад Менскам). Анатоль Карольчанка, кіраўнік кампаніі, якая будзе займацца продажам аўтамабіляў “Саманд” у Беларусі, лічыць, што дзяржаўная падтрымка дазволіць аўтамабілю з Усходу досыць хутка “раскруціцца” на беларускім рынку.

(Карольчанка: ) “Я маю дыстрыбутарскую дамову з заводам, які будзе вырабляць гэтыя машыны сумесна з кампаніяй “Іран Хондра Індастрыэл груп”. Рынак аўтамабіляў з кожным годам пашыраецца, і асабліва паказальны ў гэтым сэнсе 2006 год: рост продажаў легкавікоў склаў 70%. І, паводле прагнозаў, ён можа павялічыцца ў дадзеным сэгмэнце кампакт-клясы працэнтаў на 30-40. Але мы пазыцыянуем свой аўтамабіль перадусім як аўтамабіль бюджэтны. З гледзішча наяўнасьці опцыяў і камплектацыяў, якія мы сёньня прапануем з гэтай машынай, 12 тысячаў даляраў – гэта няшмат”.

Яшчэ зацікавілі на сёлетняй выставе – кітайскія “ўсюдыходы”. З улікам неадназначнага стаўленьня да масавай прадукцыі зь Кітаю, зьяўленьне новага транспартнага сродку на беларускіх дарогах выклікае пэўную насьцярожанасьць. Аднак кіраўнік кампаніі “Чайна Мотарс” Дзяніс Александровіч лічыць, што ў гэтым выпадку стэрэатыпы варта адкінуць. Бо 20 тысячаў даляраў за новы, скажам так, “джып” – грошы сымбалічныя, лічыць прадстаўнік кампаніі “Чайна Мотарс”.

(Александровіч: ) “Напэўна, не дарэмна мы выбралі нашым асноўным слоганам “Стэрэатыпы адступаюць”. І я перакананы, што ўжо хутка яны зьнікнуць канчаткова. Бо спалучэньне кошту і якасьці ў гэтым аўтамабілі мае вельмі высокі паказьнік. Я перакананы, што гэты аўтамабіль знойдзе свайго пакупніка і будзе вельмі добра прадавацца. Паколькі ў Беларусі вельмі імкліва пачынае разьвівацца сярэдні кляс, які мае здольнасьць крэдытавацца, многія беларусы цалкам змогуць дазволіць сабе такі ўсюдыход”.


Будучы нацыянальны “беларускі” аўтамабіль – іранскі “Саманд”


Новы транспартны сродак на беларускіх дарогах – кітайскі “Hover”







Фота аўтара
XS
SM
MD
LG