Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трох актывістаў распытвалі ў пракуратуры пра "Малады фронт"


Радыё Свабода, Магілёў Маладых грамадзкіх актывістаў Тацяну Буланаву, Алега Шэпана з Магілёва ды Валера Шапалу са Шклова ў Магілёўскай абласной пракуратуры дапыталі як сьведкаў па артыкуле 193 Крымінальнага кодэксу: “Дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”.

Усім тром маладым людзям сьледчыя крыміналісты закідвалі прыналежнасьць да незарэгістраванага “Маладога фронту”. Міліцыянты намагаліся атрымаць адказы на пытаньні па дзейнасьці самой арганізацыі і яе кіраўніцтва, у прыватнасьці – старшыні Сяргея Нягаціна. Усе трое ў часе допыту адмежаваліся ад “Маладога фронту”.

Са словаў Сяргея Нягаціна, ён даўно чакае сваёй чаргі на допыт, але выклікаюць чамусьці маладых людзей, якія не зьяўляюцца актывістамі “Маладога фронту”. Зьвесткі пра допыты ён атрымлівае ў грамадзкіх праваабаронцаў.

Паводле спадара Нягаціна, допыт Тацяны Буланавай пачаўся са скандалу. Сьледчы крыміналіст адмовіў ёй у грамадзкім прадстаўніку, якім меўся быць праваабаронца Ўладзімер Краўчанка. Толькі пасьля працяглай спрэчкі і пагрозы Тацяны Буланавай, што яна сыходзіць, міліцыянт пагадзіўся на прысутнасьць прадстаўніка.

Алегу Шэпану сьледчы крыміналіст Здрок даў выкладзены на паперы сьпіс пытаньняў што да дзейнасьці “Маладога фронту”. Са слоў хлопца, на якія змог, ён адказаў, але адмовіўся падпісваць якія-кольвек дакумэнты.
XS
SM
MD
LG