Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч працягвае візыт у Парыж


Алесь Дашчынскі, Менск Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч працягвае візыт у Парыж. Учора ён выступіў на першым пленарным паседжаньні веснавой сэсіі Парлямэнцкай асамблеі НАТО. На пачатку наступнага тыдня ён правядзе шэраг сустрэчаў.

Падчас адкрыцьця сэсіі, на якую сабраліся каля 340 парлямэнтароў, выступілі старшыня Парлямэнцкай асамблеі НАТО П''ер Лялюш, міністар замежных справаў Украіны Барыс Тарасюк і лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч. Выступ спадара Мілінкевіча цягнуўся 15 хвілінаў, але потым яшчэ амаль паўгадзіны ён адказваў на пытаньні парлямэнтароў НАТО. У размове браў удзел увесь склад палітычнага камітэту асамблеі. Паводле спадара Мілінкевіча, цікавасьць да Беларусі вельмі вялікая, і зноў закраналася пытаньне санкцый адносна афіцыйнага Менску.

(Мілінкевіч: ) “Яны казалі аб тым, што тыя санкцыі ў пэўным сэнсе сымбалічныя. Гэта маральныя санкцыі. Але зноў жа казалі, што Эўропа не хацела б уводзіць эканамічныя санкцыі. Я таксама заўсёды лічыў і лічу, што гэтага нельга рабіць, бо б’е па простых людзях. Але ня толькі санкцыямі можна дзейнічаць. Маральныя санкцыі вельмі важныя, каб паказаць непрыймальнасьць таго, што робіцца ў сёньняшняй Беларусі афіцыйнымі ўладамі. Зноў жа, мы вельмі многа гаварылі аб тым, што трэба зрабіць шырокую магчымасьць доступу людзей, паездак у Эўропу. І зноў падымалі пытаньне зьніжэньня візавых ставак для нашых грамадзянаў. Я маю надзею, што гэтае пытаньне ўрэшце вырашыцца”.

Гэта толькі адзін аспэкт эўрапейскай палітыкі адносна Беларусі. Многа пытаньняў было таксама пра тое, як зьняць інфармацыйную блякаду, каб беларускія грамадзяне маглі атрымліваць незалежную інфармацыю.

(Мілінкевіч: ) “Я думаю, самае галоўнае, што яны могуць і павінны зрабіць – гэта падтрымка мэдыяў. Калі яны падтрымаюць іх, калі будзе ня толькі радыё, а і тэлебачаньне, і праўдападобна перад Новым годам ужо будуць тэлевізійныя спадарожнікавыя перадачы на Беларусь – гэта будзе вялікі прарыў”.

Спадар Мілінкевіч задаволены размовай з парлямэнтарамі НАТО, якія абяцаюць падтрымку дэмакратычным сілам у Беларусі.

(Мілінкевіч: ) “Добразычлівыя вельмі пытаньні, падтрымка. І ўсе толькі аб адным гавораць: што канкрэтна іх краіна, што канкрэтна Парлямэнцкая асамблея НАТО можа зрабіць, што могуць іншыя эўрапейскія структуры. І канешне, размова ідзе пра палітычную і маральную, эканамічную падтрымку”.

Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч правёў перамовы ў Парыжы з міністрам замежных спраў Украіны Барысам Тарасюком. Гэтая сустрэча адбылася зь ініцыятывы кіраўніка ўкраінскага зьнешнепалітычнага ведамства. Гаворка ішла пра беларуска-ўкраінскія дачыненьні. Таксама адбылася вельмі важная сустрэча спадара Мілінкевіча з Ларанам Білі, дыпляматычным дарадцам Елісейскага палацу. Палітыкі абмяркоўвалі сытуацыю ў Беларусі і магчымую падтрымку Францыяй дэмакратычнага працэсу. Шэраг сустрэчаў заплянаваны на пачатку наступнага тыдня.
XS
SM
MD
LG