Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Нейкі чалавек па вашай “Свабодзе” сказаў, што апазыцыя і Мілінкевіч – людзі будучыні..."


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за чацьвер, 25 траўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар:) “Я ніколі ня слухаю беларускія СМІ, а тым больш Лукашэнку. Цікавей паслухаць дзіцячы лепет, там няма нахабнай хлусьні, незаслужаных прыніжэньняў, зьдзекаў, паклёпаў. А пра тое, што Лукашэнка зьбіраецца ў міжнародны суд падаць на санкцыі Эўрасаюзу, я даведаўся з Радыё Свабода. Увогуле, гучыць гэта неяк парадыйна. Вось у мяне пытаньне да Радыё Свабода: а хто і калі будзе падаваць у суд на Лукашэнку? Я ня буду пералічваць за што, мала будзе і дзьвюх гадзін, ня тое што дзьвюх хвілінаў. Мы ж жывем у 21-м стагодзьдзі, і ў нашым цывілізаваным сьвеце павінны быць мараль і права!”

(Давідзенка Павал Андрэевіч:) “Я, Давідзенка Павал Андрэевіч, г/п Парычы, які пацярпеў ад Чарнобылю, інвалід 2-й групы, артыкул 18. Вось дамагаюся пэнсіі, але паўсюль атрымліваю адпор чыноўнікаў. Другі раз напісаў у рэзыдэнцыю прэзыдэнта, дзьверы зачыняюць. Напісаў, што дом цячэ, ніякай дапамогі няма – нічога. Даслалі мне адказ, што сын мой, “аўганец”, будзе стаяць у чарзе, каб даць кватэру, колькі трэба, да сьмерці. Чаму ніякіх вынікаў, пытаю. Кажу, што буду падаваць у міжнародны суд, а мне адказваюць з рэзыдэнцыі прэзыдэнта, што ў мяне ня хопіць сродкаў, каб да іх дастукацца. Вось якія адносіны, вось як ставяцца, вось як клапоцяцца пра народ! Хай людзі паслухаюць!”

(Спадарыня:) “У мяне пытаньне да Вячаслава Сіўчыка. Вячаслаў, як вы ставіцеся да выказваньня палітоляга Ўладзімера Роўды аб тым, што Расея і Захад рыхтуюць новы пакт Молатава-Рыбентропа?”

(Спадарыня:) “Добры вечар, паважаная “Свабода”! На жаль, ня маем магчымасьці задаць пытаньні ці падтрымаць Сіўчыка праз інтэрнэт. Я зьвяртаюся да вас, паважаная “Свабода”. Калі ў вас ёсьць магчымасьць, перадайце прывітаньне Славе. Слава, ты нас вельмі добра ведаеш, мы твае аднадумцы, вельмі рады, што пачулі твой рашучы голас, што ты добра сябе адчуваеш. Падтрымліваем цябе, молімся за цябе і за тваю сям’ю, чакаем цябе на нашай пакутнай зямлі. Жыве Беларусь! Твае аднадумцы, твае сябры, тыя, каторыя цябе вельмі паважаюць і чакаюць”.

(Міхаіл Леках:) “Перада мной ляжыць вельмі цікавы дакумэнт “Перечень различий в правах граждан и не граждан, и нарушение прав человека”, які склаў і апублікаваў Латвійскі камітэт па правам чалавека. Ня буду пералічваць цалкам увесь сьпіс, бо для гэтага спатрэбіцца ўся гадзіна, а скажу, што ў Латвіі дзейнічае 70 адрозьненьняў у правах грамадзян і не грамадзян, уключаючы 38 забаронаў на прафэсію, ёсьць забарона займаць тыя ці іншыя пасады, абмежавана права на ўласнасьць, абмежавана права на заняцьце прыватным бізнэсам, абмежаваны сацыяльныя правы і г.д. Мае месца апартэід у адносінах да чвэрці насельніцтва краіны, бо ў іх незаконна аднялі грамадзянства. Вось пра гэта я прасіў бы вас паведаміць, спадарства, бо Латвія – суседняя краіна, яна вучыць беларусаў жыць, таму беларусы павінны ведаць, што там адбываецца”.

“Цяпер наконт вашых сёньняшніх перадачаў. Вельмі добра, што нарэшце кіраўнікі карумпаванай дзяржавы Польшчы ня вучаць беларусаў жыць. А тое, што яны будуць абучаць беларускіх дзецюкоў – цудоўна, хай абучаюцца беларускія дзецюкі ў Польшчы ці ў любой іншай краіне. Веды – вельмі карысная рэч. Я скончыў тры ВНУ, маю тры вышэйшыя адукацыі. Хай нашая моладзь сёньня хаця б адну атрымае. Пра гэта паведамілі – выдатна!”

(Спадар:) “Нейкі чалавек па вашай “Свабодзе” сказаў, што апазыцыя і Мілінкевіч – людзі будучыні. Няма ў іх ніякага будучага! Няма ніякага будучага ў чалавека, які швэндаецца па замежжам, які радаваўся б, калі б расіяне падвысілі беларусам кошты на газ. А хто газ гэты паліць? Беларускі народ! Што беларускі народ будзе радавацца, калі падвысяць кошты на газ?”

(Віктар Бутто:) “Пра дэмакратыю па-беларуску і пра некаторыя недахопы, якія існуюць на беларускім Радыё Свабода. Журналісты вельмі захапляюцца навязваньнем беларускай мовы і дэмакратыі, што вельмі дрэнна сёньня ўспрымаецца ня толькі для лукашыстаў, але і для тых, хто жадае жыць у нармальнай і прававой дзяржаве. На беларускай мове размаўляюць адзінкі, а дэмакратыя, як зьява, успрымаецца нэгатыўна. У 91-м годзе далі дэмакратыю ўладам – і што атрымалася? Свабоднае і незалежнае безуладзьдзе ўладаў, у любога можна адняць правы і свабоды. Вось такія справы”.

(Уладзімер:) “Наконт дыскусіі паводле “Эўрабачаньня”. Справа ў тым, што, на мой погляд, у нас вельмі шмат увагі надзяляецца гэтаму конкурсу, хаця ён – гэта звычайная шараговая культурніцкая падзея ў эўрапейскіх краінах. І вялікія, скажам так, знакамітыя краіны Эўропы вельмі скептычна адносяцца да гэтага конкурсу, ня вельмі сур’ёзна – і таму яны маюць больш шансаў на перамогу. Па-другое, тая ж Паліна Смолава была несамастойна ў прыняцьці сваіх рашэньняў, ёй канцэпцыю такога выступу навязалі, а сама яна нічога сказаць не магла. Гэта наш такі местачковы густ, які, натуральна, не стасуецца з эўрапейскім узроўнем. І, па-трэцяе, існуе меркаваньне, што, напрыклад, калі б выступалі NRM ці “Нейра Дзюбель” альбо “Крамбабуля”, то быў бы вынік лепшы. Пытаньне: ці пагадзіліся б яны выступаць на такіх умовах? Думаю, што не. Таму вынік заканамерны. Усё ж такі месца 36-е, а не 37-е. Мінулыя разы нават лепш было: былі 12-е і 18-е месцы. Таму трэба спадзявацца на лепшае”.

(Мікола Канаховіч, Пружаны:) “Паважаны спадар Хадыка! Як кажуць, ня мне вам тлумачыць, што адраджэньне і захаваньне мовы – гэта галоўны, стратэгічны падмурак любой краіны, і тым больш для Беларусі. Адродзім і захаваем мову, дык дэмакратыя і незалежнасьць прыйдуць самі сабою. Канчаткова страціўшы мову, мы ўсе – нябожчыкі. На сёньняшні дзень галоўным лёзунгам павінны быць вядомыя прароцкія словы Францішка Багушэвіча, вы іх добра ведаеце. Таму канкрэтнае пытаньне да вас, паважаны спадар Хадыка. Каму вы прыслугоўваеце, друкуючыся ў незалежнай прэсе на чужой мове? Чаму вы сьвядома вынішчаеце роднае слова, карыстаючыся сваім аўтарытэтам? Ці, можа, Лукашэнка паабяцаў вам пасаду вартаўніком у прыбіральні? Адкажыце, калі ласка, на гэтыя пытаньні”.

(Спадар:) “Прывітаньне, паважанае Радыё Свабода! Хачу выказаць крытычную заўвагу пра тое, як вы нерацыянальна выкарыстоўваеце дарагі эфірны час. У вас ужо склаўся сталае кола слухачоў, і кожны дзень іх колькасьць не павялічваецца. Тым ня менш вы кожную гадзіну па некалькі разоў даеце нумар свайго тэлефону, нумар мабільнай сувязі, паштовы адрас, а эфірны час траціцца. Вельмі шмат у перадачах музычных заставак, вельмі шмат пасажаў тыпу: “Радыёстанцыя “Свабода” дае магчымасьць выказацца радыёслухачам, палітыкам і г.д.”, а час ідзе ж на непатрэбнае. Атрымліваецца, адсоткаў 25 вы ні пра што кажаце. Лепей бы гэты час выкарыстоўвалі на перадачы, карысныя для радыёслухачоў”.

(Спадар:) “Вельмі наглядна выглядае хлусьня Лукашэнкі: то хлусіць ён выгароджваючы, то хлусіць ён скажаючы, то хлусіць выключаючы, то дакладна наадварот, калі абзывае лепшых людзей Беларусі, лідэраў апазыцыі “хворымі” і “адмарозкамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG