Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уражаньні немца пра гарадзенскія прыбіральні


Алена Струвэ, Менск Калі вы маецеся наведаць грамадзкія прыбіральні ў Горадні, маральна рыхтуйцеся да экстрэмальных умоваў. Такую выснову робіць нямецкі журналіст, аўтар блогаў для электроннай вэрсіі нямецкай газэты Die Zeit Фэлікс Акэрман. Апошнія нататкі Акэрмана, прысьвечаныя краінам Ўсходняй Эўропе – Літве, Польшчы і Беларусі. З уласнай ініцыятывы Фэлікс Акэрман праінспэктаваў 10 гарадзенскіх грамадзкіх прыбіральняў. Сэрвіс у гэтых установых ён ацэньваў, зыходзячы з эўрапейскіх стандартаў: наяўнасьць прыбіральнай паперы, мыла, сядалішчаў на ўнітазах, спраўных умывальнікаў а таксама улічваў, як пахнуць такія месцы.

Малады нямецкі журналіст распрацаваў для чытачоў адмысловую табліцу. У ёй прыводзіцца пералік некаторых гарадзкіх прыбіральняў Горадні, а таксама туалеты піўбару “Куфэрак”, начнога клюбу “Флінт”, гатэлю “Беларусь!, рэстарацыі “Карчма”, сталовай райвыканкаму, колішняга партархіву, раённай бібліятэкі, ўнівэрсытэту і тэатру. Паводле міжнародных стандартаў, ён ставіць адзнакі: “без камэнтароў”, “цяжкая справа”, “можа быць”, “нармалёва”. Паводле Акэрмана, большую частку з прыбіральняў ў Горадні лепей не наведваць.

У сваіх нататках журналіст піша і пра прыемныя выключэньні -прыбіральні, якія адпавядаць гэтак званаму эўрастандарту. Гэта ў будынку колішняга партыйнага архіву, а таксама ў рэстарацыі “Карчма”. Аднак, рытарычна пытаецца Акэрман: хто ж з турыстаў, якія ўпершыню апынуліся ў Горадні, можа ведаць пра іх? Не абыходзіць аўтар і дзіўныя, зь гледзішча немца, рэчы. У многіх вулічных кавярнях прыбіральні не прадугледжаныя наагул. У гэтым выпадку, піша Фэлікс Акерман, альтэрнатывай становяцца пад’езды, ліфты, кабіны тэлефонаў-аўтаматаў і аркі дамоў.

Нямецкі журналіст спрабуе даць сваё тлумачэньне падобнай сытуацыі. Па-першае, гэта водгукі сацыялістычнай спадчыны зь яе падзелам на асабістае і грамадзкае, па-другое, прычына такіх паводзінаў людзей – гэта вынік “таталітарных зачыстак, калі зьнішчалася нацыянальная эліта, а разам зь ёй і асновы гарадзкой культуры”. Паводле аўтара, сытуацыя з грамадзкімі прыбіральнямі ў Беларусі ёсьць праблемай, якая пакрысе перайшла зь мінулага стагодзьдзя ў цяперашняе. Падобную сытуацыю можна назіраць шмат у якіх краінах колішняга сацыялістычнага блёку.

Нямецкі друк ня першы раз піша на тэму грамадзкіх прыбіральняў. Некалькі год таму прадстаўнікі нямецкіх чарнобыльскіх ініцыятываў меліся пабудаваць прыбіральні ў некаторых беларускіх вясковых школах. Як лічаць аўтары праекту, агульная для Беларусі праблема можа быць вырашанай, калі прыбіральны бізнэс у трапіць у прыватныя рукі. Пры адпаведнай арганізацыі, гэты бізнэс мог бы зьмяніць традыцыйнае стаўленьне насельніцтва і даць грамадзтву новыя працоўныя месцы.
XS
SM
MD
LG