Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя акцэнты ў замежнай палітыцы Беларусі ў пасланьні Лукашэнкі


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 26 траўня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: палітолягі Андрэй Фёдараў і Юры Шаўцоў.

(Валер Карбалевіч: ) “Шырокі розгалас выклікаў тэзіс кіраўніка Беларусі, што “галоўным прыярытэтам усходняга вэктару зьяўляецца Кітай”. Яшчэ раз пра стратэгічнае партнэрства з Кітаем Лукашэнка згадаў, калі адказваў на пытаньне дэпутаткі Абрамавай.

У мінулыя гады, калі дачыненьні Беларусі з галоўным саюзьнікам, Расеяй, ускладняліся, то Лукашэнка пужаў Маскву тым, што абяцаў павярнуцца на Захад. Ці азначае гэты тэзіс у пасланьні, што беларускі лідэр знайшоў новую страшылку для Крамля? Наколькі ўвогуле сур’ёзна можна казаць пра стратэгічнае партнэрства з Кітаем? З аднаго боку, Кітай — гэта супэрдзяржава ХХІ стагодзьдзя, сябраваць зь якой было б пэрспэктыўна. А зь іншага боку — навошта Пэкіну Беларусь?”

(Андрэй Фёдараў: ) “Заява пра кітайскі вэктар зьяўляецца спробай паўплываць на Расею, якая імкнецца прыціснуць Беларусь эканамічна. Сапраўды, цяпер пужаць Маскву Захадам ужо немагчыма. Але ці можна ўспрымаць такую заяву ўсур''ёз? Гандлёвы абарот паміж Беларусьсю і Кітаем ня ўражвае – каля 500 мільёнаў даляраў летась. Кітай шукае энэргетычныя крыніцы ў сьвеце, таму дапамагчы ў гэтым Беларусі ён ня зможа.

Маштабы краінаў непараўнальныя. Адлегласьць паміж імі складае некалькі тысяч кілямэтраў. У гэтых абставінах казаць пра стратэгічнае партнэрства — значыць, перабольшваць.

Для Беларусі было б добра атрымаць такога стратэгічнага партнэра, як Кітай. Але існуе вялікае сумненьне, што ў Пэкіне лічаць Беларусь сваім стратэгічным партнэрам. Вось днямі ў расейскай газэце “Коммерсант” быў надрукаваны артыкул. У ім аўтар згадвае выступ Лукашэнкі й апавядае, што сёньня Кітай, не ўступаючы ў канфрантацыю зь іншымі вялікімі дзяржавамі, спрабуе падабраць усе тыя краіны, якія, на ягоны погляд, так бы мовіць, дрэнна ляжаць.

Напрыклад, у Расеі з Малдовай адбыўся канфлікт з-за малдаўскага віна. І тут Кітай выдзеліў Малдове 1 мільён даляраў. А ў лістападзе заплянаваны фэстываль малдаўскага віна ў Пэкіне.

Асаблівую ўвагу надае Кітай краінам, якія багатыя энэргарэсурсамі. Напрыклад, пасьля канфлікту Вэнэсуэлы з ЗША, Пэкін выдзеліў ёй 1 мільярд даляраў. Таму, магчыма, Беларусь таксама разьлічвае на такую ўвагу Кітаю”.

(Юры Шаўцоў: ) “Думаю, заява Лукашэнкі была няправільна зразуметая. Камэнтатары, якія кажуць пра супрацьпастаўленьне Кітаю Расеі, сталі ахвярамі рытарычных прыёмаў, якія выкарыстаў кіраўнік Беларусі. Насамрэч Лукашэнка сказаў, што гістарычны выбар Беларусі — гэта Расея. Гэты вэктар – будаўніцтва саюзнай дзяржавы застаецца ў сіле. Калі Лукашэнка казаў пра Кітай як наш прыярытэт на Ўсходзе, то мелася на ўвазе — на ўсходзе Эўразіі. У такім разуменьні ніякай сэнсацыі тут няма. Падчас нядаўняга візыту Лукашэнкі ў Кітай было падпісана сямнаццаць пагадненьняў”.

(Карбалевіч: ) “То бок, вы лічыце, што стратэгічнае партнэрства паміж Беларусьсю і Кітаем магчымае? Ці яно ўжо існуе?”

(Шаўцоў: ) “Так, яно магчымае, і яно існуе сёньня. Але яно тычыцца пэўнага спэктру пытаньняў. Дачыненьні з Кітаем ня ёсьць галоўным кірункам нашай замежнай палітыкі. Сямнаццаць пагадненьняў паміж Беларусьсю і Кітаем, калі яны будуць выкананыя, створаць новую рэчаіснасьць. Калі мы ў гэтым годзе выйдзем у гандлі з Кітаем на ўзровень 1,5—2 мільярды, а налета — 3—4 мільярды даляраў, то гэта стане стратэгічным чыньнікам для нас. Гандаль Беларусі з Кітаем якасна адрозьніваецца ад нашага гандлю з Расеяй. Кітай — вялізарны рынак, які можа зьядаць вялікія партыі тавараў. І варта там зачапіцца за нешта, каб вырашыць для Беларусі важныя эканамічныя пытаньні.

Акрамя таго, нас хутка чакае зьяўленьне вялікай кітайскай грамады ў Беларусі. Гэта ў пэўным сэнсе прадугледжваецца падпісанымі пагадненьнямі. Гэта будзе для нас новым палітычным, сацыяльным, культурным чыньнікам. Таму гучаньне цяпер кітайскай тэмы заканамернае. Кітайскі чыньнік будзе ўзрастаць, калі ажыцьцёвяцца пляны. Але Кітай ніколі для Беларусі ня будзе больш важным партнэрам, чым Расея”.

(Карбалевіч: ) “У пасланьні Лукашэнкі дачыненьні з Расеяй былі згаданыя мімаходзь, амаль на роўных зь іншымі кірункамі замежнай палітыкі Беларусі. Як можа прарэагаваць Расея на такое пасланьне? Ці напужае гэта Расею? Ці прымусіць яе пайсьці на нейкія саступкі? Ці Расея ўвогуле не заўважыць гэтага пасланьня?”

(Фёдараў: ) “Пра тое, што Расея заўважыла гэтае пасланьне, сьведчаць шматлікія водгукі расейскіх мэдыяў. Даслоўна кожнае сур’ёзнае выданьне адрэагавала на гэтыя пасажы. Газэты ў асноўным камэнтавалі, што гэта спроба паўплываць на Расею, каб дамагчыся ад яе эканамічных прэфэрэнцыяў. Іншая рэч, ці будзе Крэмль рэагаваць афіцыйна. Але я ня ўпэўнены, што ўдасца Беларусі з Кітаем зрабіць нешта супраць Расеі. Бо мы залежым ад расейскіх энэрганосьбітаў, і Кітай іх нам ніяк не заменіць. Афіцыйныя камэнтары прадстаўніка МЗС Беларусі й “сэнатара” Чаргінца не пераконваюць, што гэтая заява сапраўды не скіраваная супраць Расеі”.

(Шаўцоў: ) “Мне падаецца, што гэтая заява ёсьць сыгналам буйным патэнцыйным расейскім інвэстарам, найперш, “Лукойлу”. Цяпер упершыню за гісторыю Беларусі асноўным канкурэнтам за буйны інвэстыцыйны праект на заводзе “Нафтан” зьяўляецца “Лукойл” і Кітай, які выдзеліў крэдыт. І калі расейская кампанія ня пойдзе на ўмовы Беларусі, кіраўнік “Нафтану” абяцае ўзяць грошы з кітайскай крэдытнай лініі.

Заявы Лукашэнкі — гэта ня зьмена курсу, а чыньнік дадатковага ціску на Расею. Беларуска-расейскія праекты не зьяўляюцца зусім самастойнымі. Пасьля візыту Лукашэнкі ў Пэкін быў расейска-кітайскі саміт, на якім таксама былі падпісаныя буйныя пагадненьні аб гандлёвым супрацоўніцтве. Хутчэй за ўсё, мы маем посьпех сьпічрайтэраў Лукашэнкі, якія здолелі паўплываць на расейскія мэдыі. У выніку зьявіўся невялікі, але дадатковы ціск на Расею ў нашым гандлі вакол “Белтрансгазу”, цэнаў на газ і іншага”.

(Карбалевіч: ) “Забарона Беларусі на палёты ў сваёй паветранай прасторы самалётаў ЗША і Канады — гэта першыя беларускія санкцыі ў адказ на заходнія санкцыі.

Раней беларускі бок шмат пужаў Захад, абяцаў увесьці візавыя забароны, не пускаць у Беларусь нейкія замежныя тавары, прапускаць праз сваю мяжу мігрантаў у Эўропу. І вось цяпер упершыню ад словаў Менск перайшоў да справаў. Прычым, у дыпляматычных дачыненьнях звычайна існуе правіла сымэтрычнага адказу.

Калі, напрыклад, за краіны высылаюцца два дыпляматы, то іншая краіна ў адказ таксама высылае два дыпляматы. Калі б у адказ на візавыя санкцыі адносна беларускіх чыноўнікаў Менск увёў такія ж санкцыі адносна 36 іх чыноўнікаў, было б зразумела. У дадзеным выпадку беларускія санкцыі ў адказ апынуліся асымэтрычнымі.

Хачу зьвярнуць увагу таксама, што ЗША і Канада не забаранялі палёту беларускага самалёта з прэм’ерам Сідорскім праз сваю паветраную прастору, а толькі адмовіліся яго абслугоўваць у сваім аэрапорце. Таму і з гэтага гледзішча адказ Менску падаецца неадэкватным. Як вы можаце пракамэнтаваць гэта?”

(Фёдараў: ) “Найперш, важна заўважыць, што ЗША й Канада пакуль толькі фармальна заявілі аб увядзеньні нейкіх санкцыяў. Але ня самі абмежаваньні, ня колькасьць беларускіх чыноўнікаў, якія могуць трапіць пад візавыя абмежаваньні, пакуль не абазначаныя. Гэта першая асымэтрыя. Другая асымэтрыя палягае ў тым, што, сапраўды, Менск увёў забарону на палёты самалётаў. Але амэрыканскія й канадзкія самалёты ня шмат лятаюць празь Беларусь. Мы больш страцім ад гэтых санкцыяў. Абляцець Беларусь зусім ня цяжка. Нашы суседзі з задавальненьнем атрымаюць грошы за паветраны транзыт, якія дасюль атрымлівалі мы”.

(Шаўцоў: ) “Гэта палітычнае рашэньне. На тых жа лініях могуць замест амэрыканскіх і канадзкіх авіякампаніяў працаваць эўрапейскія, расейскія ці беларускія. Гэта ўжо камэрцыйнае пытаньне. Думаю, шмат хто ў Эўропе будзе рады, што канкурэнты панясуць страты. Што тычыцца палітычнага боку, то сапраўды — Беларусь упершыню ўводзіць эканамічныя санкцыі супраць заходніх краінаў. Ня думаю, што гэта можа стаць буйной праблемай. Гэта толькі адзін з чыньнікаў нашай канфрантацыі з Захадам”.

(Карбалевіч: ) “Ці ня могуць гэтыя дзеяньні афіцыйнага Менску справакаваць Захад на нейкія сур''ёзныя дзеяньні адносна Беларусі? Дагэтуль беларускі рэжым узбуджаў рэакцыю Захаду ў асноўным з ідэалягічных, каштоўнасных прычынаў, з нагоды абстрактных праблемаў правоў чалавека. Але ён не ствараў для Захаду канкрэтных праблемаў. І вось цяпер беларускі рэжым такую праблему стварае. Прычым, ня толькі для ЗША і Канады, але і для іншых краінаў, у якія лятаюць гэтыя самалёты. Больш за тое, гэтая акцыя беларускага рэжыму паказвае патэнцыяльныя праблемы, якія могуць паўстаць у будучым, калі ў цэнтры Эўропы будзе працягваць існаваць такі рэжым”.

(Фёдараў: ) “Я ня веру, што гэтая забарона сапраўды будзе рэалізаваная. Але калі гэта адбудзецца, то будуць дзеяньні ў адказ. Думаю, найперш, яны будуць тычыцца беларускіх авіяперавозак. Хоць беларусы, здаецца, у небе ЗША і Канады не лятаюць. Тым ня менш, да санкцыяў могуць падключыцца эўрапейскія краіны. Але ня думаю, што гэтыя меры будуць жорсткія”.

(Шаўцоў: ) “Нагодай для санкцыяў можа стаць усё што заўгодна. Калі ж казаць пра прычыны, то ў гэтых дзеяньнях Беларусі я ня бачу нічога асаблівага. Мы даўно абмяжоўваем, ствараем праблемы замежнікам у аўтамабільным ці чыгуначным транзыце празь Беларусь. Чаму абмежаваньні ў авіятранзыце павінны стаць большай праблемай?

Здаецца, цяпер нашая сытуацыя і замежная палітыка залежыць ад выніку двух самітаў: Расея—Эўразьвяз і “вялікай васьмёркі”. Толькі пасьля гэтых самітаў будзе ясна, як будзе разьвівацца палітычная сытуацыя ў Расеі падчас выбарчай кампаніі, у якую фактычна яна ўжо ўступіла. Тады будзе ясна, якія працэсы будуць адбывацца ў Беларусі. Бо цяпер нейкай мэтанакіраванай барацьбы зь Беларусьсю Захад не вядзе”.

(Карбалевіч: ) “Ці не падаецца вам, што гэтыя новыя акцэнты, якія зьявіліся ў пасланьні Лукашэнкі адносна замежнай палітыкі, выкліканыя ўзмацненьнем ізаляцыі Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў? І імкненьне даказаць адваротнае штурхае афіцыйны Менск да дзеяньняў, якія камэнтатары лічаць не зусім адэкватнымі?”

(Фёдараў: ) “Так. Ціск Захаду ўзмацніўся. З Расеяй таксама ўзьніклі пэўныя праблемы, хоць пакуль на вэрбальным узроўні. Таму мы пачулі нешта нечаканае. І саюз з Расеяй у выступе быў згаданы толькі рытуальна. І згадваньне Кітаю ў такім кантэксьце павінна даць Расеі зразумець, што ў Беларусі ёсьць магчымасьці для абароны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG