Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія геі й лесьбіянкі ня маюць сваёй арганізацыі


Радыё Свабода У суботу ў Маскве плянуюць правесьці вялікі гей-парад. Ці магчымыя падобныя масавыя мерапрыемствы ў Менку? Як наагул пачуваюцца ў беларускім грамадзтве прадстаўнікі гей– і лесьбі-руху?

Беларускія сэксуальныя меншасьці ва ўсе часы дзейнічалі ва ўмовах падпольля. У сярэдзіне 1990-х гадоў было некалькі спробаў зарэгістраваць у Міністэрстве юстыцыі Беларускую лігу сэксуальнага раўнапраўя “Лямбда”, але беспасьпяхова. Пры канцы 1990-х гадоў беларускія геі й лесьбіянкі мелі ўласнае выданьне — часопіс. Гаворыць актывіст беларускага лесьбі-гей руху Сяргей Тарпачоў:

(Тарпачоў: ) “Быў зарэгістраваны толькі “Форум-лямбда” часопіс, а арганізацыя ніколі не была зарэгістраваная. І як нам сказаў у прыватнай гутарцы адзін чыноўнік, яна й ня будзе ніколі зарэгістраваная ў нас”.

Але да нядаўняга часу “Лямбда” праводзіла масавыя мерапрыемствы, пікеты. Былі спробы зладзіць у Менску ў 2000 годзе нават Міжнародны фэстываль геяў і лесьбіянак — праўда, бальшыню фэстывальных імпрэзаў тады забаранілі — да прыкладу, клюб “Рэактар” проста закрылі з тэхнічных прычынаў. Раней ладзіліся шматлюдныя вечарыны ў менскім клюбе “Бабілён”. Але з 20 сьнежня 2005 году Беларуская ліга сэксуальнага раўнапраўя “Лямбда” абвясьціла пра спыненьне сваёй дзейнасьці — у сувязі са зьменамі ў Крымінальным кодэксе. Тлумачыць Сяргей Тарпачоў:

(Тарпачоў: ) “Цяпер з гэтымі папраўкамі ў законы вельмі складана шумныя мерапрыемствы праводзіць, таму цяпер у нас усё камэрна. Праводзім маніторынг парушэньняў правоў чалавека, інфармуем грамадзкасьць, выступаем звычайна на форумах левых рухаў, праводзім сэмінары. Таму што цяпер — крымінальная адказнасьць, калі ты працуеш неафіцыйна, падпольна. Па-другое, цяпер беларуская афіцыйная прапаганда вельмі ўдала карыстаецца гамафобіяй беларускай, таму не хацелася б лішніх падставаў даваць”.

Цяпер беларускія геі й лесьбіянкі свае мерапрыемствы праводзяць альбо на прыродзе, альбо ў падпольлі, у хатах. У 2001 годзе ў Менску быў першы і апошні гей-парад. Паводле ацэнкі Сяргея Тарпачова, гэта быў даволі вялікі гей-парад — удзельнічала некалькі тысяч прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў, але вельмі непрацяглы — бо міліцыя вельмі хутка адрэагавала, і прыйшлося разысьціся. Што да суботняга гей-параду ў Маскве, актывіст беларускага гей– і лесьбі-руху Сяргей Тарпачоў выказаў такое меркаваньне:

(Тарпачоў: ) “Я ў вялікім такім сумненьні з гэтай нагоды, таму што, наколькі я ведаю ад актывістаў расейскіх, якія ладзяць гэты парад, большасьць якраз-такі гэтых арганізацыяў лесьбі-гей расейскіх была супраць масавых парадаў. Яны больш арыентаваныя на клюбныя, закрытыя мерапрыемствы. Таму наўрад ці там будзе нешта больш-менш маштабнае, але паглядзім”.

А ў самых бліжэйшых плянах беларускага гей– і лесьбі-руху — аднавіць выданьне часопісу “Форум-Лямбда” й дамагчыся адкрыцьця ў сталіцы адмысловага клюбу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG