Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лужкоў забараніў гей-парад, Жырыноўскі заклікае караць геяў сьмерцю


Кастусь Бандарук, Прага Мэр Масквы Юры Лужкоў забараніў правядзеньне заплянаванага на суботу першага ў Расеі маршу геяў і лесьбіянак. Ініцыятыву асудзілі таксама расейскія хрысьціянскія, юдзейскія і мусульманскія лідэры. Арганізатары параду заяўляюць, што не зважаючы на забарону мерапрыемства ўсё ж адбудзецца, але нават самі геі падзеленыя ў пытаньні, ці варта праводзіць парад, калі ў Расеі назіраецца рост нацыяналізму і нецярпімасьці.

Юры Лужкоў патлумачыў забарону тым, што гэта ў інтарэсах грамадзтва, і што такі марш можа выклікаць гвалт і беспарадкі ў расейскай сталіцы. Мэр Масквы заявіў, што немагчыма будзе гарантаваць бясьпеку ўдзельнікам параду і што для свайго ўласнага дабра геі павінны адмовіцца ад гэтай ідэі.

Маскоўскі патрыярх Аляксей Другі назваў парад “усхваленьнем граху”. Галоўны рабін Расеі Бэрэль Лазар перасьцярог перад прапагандай гомасэксуалізму, а ісламскі клірык Талгат Таджхудзін заклікаў мусульманаў зьбіваць геяў, калі тыя пасьмеюць выйсьці на вуліцы.

Лідэр расейскіх нацыяналістаў, намесьнік сьпікера расейскай Дзярдждумы Ўладзімер Жырыноўскі заклікаў караць гомасэксуалістаў сьмерцю.

У сытуацыі, калі ў расейскім грамадзтве пераважае нэгатыўнае, прадузятае стаўленьне да гомасэксуалістаў, у пытаньні мэтазгоднасьці праводжаньня такога параду разыходзяцца самі гомасэксуалісты, у прыватнасьці два сябры: Аляксандар і Вячаслаў. Аляксандар гатовы далучыцца да маршу. Вячаслаў таксама ня супраць самога параду, але ня хоча ў ім удзельнічаць зь меркаваньняў асабістай бясьпекі.

(Вячаслаў: ) “Я лічу, што парад павінен адбыцца, але сам я туды не пайду, бо там будзе агрэсіўная абстаноўка. Я лепш перачакаю гэтую небясьпеку. Нават тыя, што будуць глядзець на парад з боку могуць трапіць пад гарачыя рукі альбо міліцыянтаў, альбо скінгэдаў. Няважна, ці гэта будуць дзяўчаты ці хлопцы, зьбіваць будуць усіх А чаму людзі адмоўна ставяцца да гомасэксуалізму? Я лічу, што гэта ад неадукаванасьці. Ва ўсіх стандартная фраза: як жа я дазволю свайму дзіцю пайсьці на такі парад. Яно ж потым стане такім. Людзі не разумеюць, што гэта не прышчэпліваецца, гэта не інфэкцыя."

Парад меўся быць прымеркаваны да 13-й гадавіны скасаваньня закону, паводле якога гомасэксуалісты прыцягваліся за самую сэксуальную арыентацыю да крымінальнай адказнасьці. Геі атрымлівалі да пяці гадоў турмы, а лесьбіянак высылалі ў закрытыя псыхіятрычныя шпіталі.

Закон у Расеі адменены, але непрыхільнае стаўленьне да гомасэксуалістаў у расейскім грамадзтве засталося і нават мацнее. Паводле ангельскай газэты “Гардыян”, гэта сьведчыць пра хісткі, амбівалентны характар расейскай дэмакратыі.

Аднак на думку аднаго з арганізатараў параду, Мікалая Аляксеева, настаў час, каб гомасэксуалісты ў Расеі выйшлі з падпольля і гучна заявілі пра свае правы. Аляксандар і Вячаслаў не спадзяюцца на хуткую зьмену стаўленьня да гомасэксуалістаў у Расеі, але яны поўныя рашучасьці пабрацца шлюбам і выхоўваць дзіцё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG