Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ля адміністрацыі прэзыдэнта ідзе вайна з каштанамі (фота)


Радыё Свабода, Менск Ля будынку адміністрацыі прэзыдэнта рабочыя станцыі абароны расьлінаў зразаюць квецень каштанаў. Для гэтых працаў задзейнічаная спэцыяльная тэхніка прадпрыемства “Спэцпаркбуд” “Менскзеленбуду”. Як патлумачыла Радыё Свабода начальніца станцыі абароны расьлінаў Вольга Безэк, такія працы ля адміністрацыі прэзыдэнта ладзяцца ўжо трэці год запар у той час, калі квітнеюць каштаны.

(Безэк: ) “Гэта замовіла ў нас рэзыдэнцыя прэзыдэнта. Рэч у тым, што ў іх пакрыцьцё плітачнае, гранітнае. І калі суквецьці каштанаў падаюць, калі завязваюцца плады, і людзі гэта растоптваюць, то застаюцца рудыя непрыгожыя плямы на плітцы”.

Паводле начальніцы станцыі абароны расьлінаў, гэтыя плямы вельмі складана чысьціць, і таму вырашылі прыбіраць суквецьці, якія знаходзяцца над пліткавым пакрыцьцём, тыя ж, што растуць над газонам, застаюцца.

На пытаньне Радыё Свабода, ці рабілі гэткія ж замовы іншыя менскія ўстановы, спадарыня Безэк адказала, што кветкі каштанаў зразаюць толькі ля адміністрацыі прэзыдэнта.

Спэцыяліст у экалягічным праве юрыст Рыгор Фёрадаў ніколі ня чуў, каб дзе-небудзь у сьвеце такое рабілася з каштанамі.

(Фёдараў: ) “Тое, што ім потым складана гэтую плітку чысьціць… Мне падаецца, што гэтае абгрунтаваньне не дае падставаў рабіць такое з дрэвамі. Па-першае, гэта эстэтычна абражае грамадзянаў, таму што гэта расьліна, якую ўсе заўважаюць, якая вельмі прыгожая. А па-другое, мне здаецца, гэта барбарскі падыход да дрэваў. Нашмат лепш было б, каб яны альбо потым зрэзалі, альбо ўвогуле папросту чысьцілі гэтую плітку. Жыцьцё дрэваў у горадзе… Наадварот, ад іх усё роўна нашмат больш карысьці, чым гэтай цалкам умоўнай шкоды”.

XS
SM
MD
LG