Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як камэнтуюць у Менску ліст Сяргея Сідорскага да Міхаіла Фрадкова?


Радыё Свабода Прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі ў лісьце да расейскага прэм’ера Міхаіла Фрадкова ахарактарызаваў намер “Газпрому” падвысіць кошты на газ для Беларусі як “разбурэньне самой асновы саюзнай краіны”. Пра гэта піша ўплывовая расейская газэта “Коммерсант”.

У пасланьні кіраўніка беларускага ўраду гаворыцца, што пры захаваньні нізкіх цэнаў на газ Беларусь будзе гатовая “прасоўваць рашэньне пытаньня пра стварэньне сумеснай газатранспартнай арганізацыі”. І гэта адзіная саступка, на якую могуць пайсьці беларускія ўлады. Спадар Сідорскі піша, што пераход да эўрапейскіх цэнаў на расейскі газ “супярэчыць у першую чаргу дамове аб стварэньні саюзнай краіны Расеі й Беларусі”.

Нагадаем, цяпер Беларусь атрымлівае газ за 47 даляраў за тысячу кабамэтраў. Адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі “Газпром” заявіў пра намер пастаўляць газ у Беларусь па рынкавых коштах — 130—150 даляраў.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Васіль Хрол, які рыхтуецца заняць пасаду намесьніка дзяржсакратара саюзнай краіны заявіў, што ў лісьце Сідорскага нічога не гаворыцца пра магчымы выхад Беларусі з саюзу.

(Хрол: ) “Вы што? Інтэграцыя двух народаў — гэта спадзяваньні беларускага і расейскага народаў. Больш за тое, расейскія палітыкі ўжо заяўляюць пра тое, каб у склад саюзу Абхазія, Паўночная Асэтыя й Прыднястроўе ўвайшлі. Таму гэта палітыка й такога ніколі ня можа быць й пра гэта Сідорскі не пісаў”.

Паводле спадара Хрола, пакуль не ідзе гаворка пра нейкія меры ў адказ з боку Беларусі, бо спрэчка пра цану на газ паміж суб’ектамі гаспадараньня працягваецца. Беларусь прапаноўвае сумесныя інвэстыцыйныя праекты, якія можа правесьці “Газпром”, у тым ліку акцыянаваньне “Белтрансгазу” ці будаўніцтва новага магутнага сховішча газу. Гэта выгадна для Расеі, і тут эканоміка будзе дамінаваць. Цана газу застанецца крыху вышэй за цану пятага поясу Расеі.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька мяркуе, што пакуль кіраўніцтва Беларусі не гатовае да публічнай мовы ўльтыматумаў.

(Лябедзька: ) “Вельмі блізкая сытуацыя да таго, што беларускі эканамічны цуд можа лопнуць, як мыльная бурбалка. Каб гэтага не адбылося, трэба рабіць нейкія тэрміновыя захады цяпер. І мы бачым, што па дыпляматычных каналах ідуць актыўныя камунікацыі, Лукашэнка праз МЗС, праз таго ж Канаплёва спрабуе нейкія іміджавыя пасланьні зрабіць на Захад. Усё гэта падкрэсьлівае, што сытуацыя вельмі няпростая. Але ня думаю, што неўзабаве мы можам стаць сьведкамі выхаду там з “саюзнай дзяржавы”. Калі гэта адбудзецца, то ня так хутка. Бо гэта азначае, што Лукашэнка выносіць палітычны прысуд сабе. Лукашэнку трэба, каб адказнасьць за нешта паклалася на Расею”.

Гл.таксама • Сідорскі палохае Крэмль выхадам з так званай "саюзнай дзяржавы"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG