Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За тыдзень дзясяткі людзей затрымалі за значкі "За свабоду"


Радыё Свабода Цягам апошняга тыдня міліцыя ў Менску затрымала каля чатырох дзесяткаў чалавек, у якіх на вопратцы, ці на заплечніку былі значкі “За Свабоду”. Людзей трымалі ў пастарунках цягам некалькіх гадзінаў, забіралі значкі, а потым адпускалі. Нягледзячы на гэта, на менскіх вуліцах усё часьцей можна заўважыць людзей са значкамі, а таксама бел-чырвона-белымі ды джынсавымі стужкамі.

Мінакі на менскіх вуліцах цягам апошніх трох месяцаў становяцца сьведкамі таго, як спэцназаўцы ў цывільным і ў форме затрымліваюць маладых людзей. Часам яны падыходзяць да натоўпу моладзі на плошчы Якуба Коласа і закідваюць па некалькі чалавек у аўтобус. Часам – да аднаго ці двух студэнтаў на вуліцы і прапануюць прайсьці ў пастарунак. Увагу байцоў прыцягваюць людзі, у якіх на вопратцы, ці на заплечніку нашпіленыя значкі “За Свабоду”. У пастарунку міліцыянты значкі пакідаюць сабе. Усе заўвагі затрыманых наконт таго, што гэта незаконна, застаюцца без адказаў.

Адзінаццаць сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” затрымлівалі цягам апошняга тыдню двойчы. Міліцыянты спасылаюцца на тое, што насіць значок “За Свабоду” ёсьць парушэньнем заканадаўства, бо гэта, нібыта кваліфікуецца, як выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі. Але пратаколаў не складаюць.

Студэнтка Ірына Тропіна распавяла, што, калі яна заявіла ў пастарунку, што падасьць скаргу ў пракуратуру на незаконныя дзеяньні міліцыянтаў, тыя ёй паабяцалі скласьці пратакол за дробнае хуліганства і паведаміць ва ўнівэрсытэт аб тым, што яна нецэнзурна лаялася ў грамадзкім месцы.

Барыс Гарэцкі паведаміў, што маладыя людзі, нягледзячы на гэта, набываюць новыя значкі.

(Гарэцкі:) “Пасьля падзеяў 19-20 сакавіка сваеасаблівай модай стала тое, што хлопцы і дзяўчаты носяць значкі “За Свабоду”. Людзі не баяцца насіць гэтую сымболіку, таму што такіх людзей усё больш і больш

Студэнтка Аксана Вайткевіч дадала:

(Вайткевіч:) “Я нашу гэты значок яшчэ й таму, што гэта папросту модна. Хто носіць значок “За Свабоду”, той ня жлоб. Жлабы ня носяць такія значкі. Такім чынам, калі бачыш такі значок у якога-небудзь маладога чалавека, ці ў дзяўчыны, разумееш, што ён аднолькавых з табой поглядаў. Вельмі прыемна, што такіх людзей становіцца ўсё больш. Можна нават палічыць, колькі чалавек я сёньня сустрэла з такім значком.”

У часе разгону флэш-мобаў, ды іншых моладзевых акцый спэцназаўцы папросту зрываюць значкі, пры гэтым юнакоў і дзяўчат могуць і не адвозіць у пастарунак. Актывісты незарэгістраваных рухаў штодня паведамляюць пра затрыманьні і інцыдэнты з міліцыяй толькі за тое, што мелі значкі, ды бел-чырвона-белыя стужкі на заплечніках. Колькасьць затрыманых людзей у Менску цягам апошняга тыдню перавысіла чатыры дзесяткі чалавек.
XS
SM
MD
LG