Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвійскія турфірмы хочуць гарантый бясьпекі для сваіх турыстаў


Радыё Свабода У рамках Дзён Эўропы ў амбасадзе Латвіі ў Менску адбылася сустрэча кіраўнікоў турыстычнай галіны гэтай краіны з зацікаўленымі беларускімі арганізацыямі. Латышы спадзяюцца, што ўзмацніць пакуль сьціплае супрацоўніцтва дапаможа іхняе рашэньне увесьці для беларусаў бясплатныя візы. У сваю чаргу, для таго каб латвійскія турысты езьдзілі ў Беларусь, ад беларускага боку патрабуюцца гарантыі бясьпекі для аматараў падарожнічаць.

Латвія займае адно зь першых месцаў у Эўропе паводле прыросту замежных турыстаў: за мінулы год гэты паказьнік склаў 25% у параўнаньні з годам папярэднім. Калі бліжэйшыя суседзі, эстонцы і літоўцы, разам складаюць больш за 50% ад усіх замежных турыстаў, то гэткія ж суседзі-беларусы маюць у агульнай статыстыцы сьціплы 1% (грамадзяне Расеі – 6%). Кіраўнік дзяржаўнага агенцтва турызму Латвійскай Рэспублікі Улдзіс Віталіньш бачыць у гэтым некалькі прычынаў. Перадусім, вельмі цяжка зламаць стэрэатып, што Латвія (дый ўвогуле краіны Балтыі) – досыць дарагое месца для адпачынку. Яшчэ адна прычына палягае ў палітычнай плоскасьці.

(Віталіньш: ) “Па-другое, як я мяркую, тут могуць быць пэўныя псыхалягічныя бар’еры. Часам, калі здараецца, што стасункі паміж краінамі ня самыя лепшыя, гэта пэўным чынам уплывае на псыхалёгію паводзінаў людзей. Гэта адзін з такіх нюансаў, які я не выключаю”.

Амбасадар Латвіі ў Беларусі Майра Мора спадзяецца, што рашэньне латыскіх уладаў адмовіцца ад спагнаньня грошай за візавае афармленьне дакумэнтаў на часовы выезд станоўча адрэзануе на жаданьні беларусаў наведаць суседнюю краіну. Але паколькі аналягічных захадаў з беларускага боку пакуль не плянуецца, пра актывізацыю патоку з Латвіі гаварыць заўчасна.

(Мора: ) “У любым выпадку я спадзяюся, што гэтае рашэньне ў самы бліжэйшы час будзе афіцыйна зацьверджана латыскім ўрадам”.

“Самы бліжэйшы час” можа надыйсьці ўжо 1 чэрвеня. І калі беларусы, пэўна, скарыстаюцца магчымасьцю зэканоміць, то ці варта сапраўды чакаць падвышэньня інтарэсу да Беларусі з боку латыскіх турыстаў? Кіраўнік агенцтва турызму Латвійскай Рэспублікі Улдзіс Вітальньш штосьці прагназаваць не бярэцца, кажучы, што нават сам баіцца беларускіх законаў.

(Віталіньш: ) “Чым можна прыцягнуць? А любы сусед і так цікавы. Хоць бы таму, што гэта сусед. І так як мы суседзі, трэба, каб больш прадуманай была агітацыя, рэклямаваньне. Плюс існуюць розныя чуткі пра парадкі ў Беларусі. Трэба шмат працаваць, каб зразумець, што перадусім адпужвае латвійскіх грамадзянаў. Я маю на ўвазе ня толькі палітыку. Насамрэч ёсьць розныя расповеды пра канфіскаваныя аўтамабілі, рэчы. Такія факты я чуў нават тут, у консульскім аддзеле: была канфіскаваная машына, якой па даверанасьці мужа кіравала жонка (муж сядзеў побач). Такія гісторыі вельмі хутка распаўзаюцца, і я сам, пэўна, пабаяўся б ехаць на сваёй машыне ў Беларусь, таму што ёсьць законы, якія надзвычай строгія”.

Пры канцы нашай размовы спадар Віталіньш нечакана сказаў, што беларускаму боку мала заявіць аб намерах актыўнага разьвіцьця ўнутранага турызму. Як і шмат якія праблемныя краіны, Беларусь мусіць даваць гарантыі бясьпекі замежным турыстам на сваёй тэрыторыі.

(Віталіньш: ) “Канешне, інтарэс да Беларусі прыцягнуць можна. Але павінна быць ня толькі абвешчана – маўляў, мы запрашаем людзей. Тут павінны таксама быць пункт А, пункт В, пункт С. З тлумачэньнем, што вы будзеце тут у бясьпецы, што ў вас будзе адпаведны сэрвіс і г.д. Таму што гэта трэба ўсё разглядаць у комплексе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG