Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маладзечне правялі апэрыцыю па замене суставу на штучны


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнага друку 26 траўня

"Витебский курьер" піша, што супрацоўнікі абласнога ўпраўленьня КДБ раскрылі арганізаваную злачынную групоўку, якая распаўсюджвала фальшаваную алькагольную прадукцыю. Толькі за апошні год было рэалізавана 745 тысяч літраў на суму амаль 800 тысяч даляраў. 40-гадовы віцяблянін, начальнік цэху прыватнага прадпрыемства, рэгулярна набываў у Расеі нехарчовую вадкасьць, што ўтрымлівае сьпірт, і прадаваў яе пад выглядам сыравіны для вырабу алькагольнай прадукцыі. Справа перададзеная ў суд.

У Маладзечне ўпершыню праведзеная ўнікальная апэрацыя па замене сьцегнавога суставу на штучны. Распавядае журналістка "Рэгіянальнай газэты" Марына Сьліж.

(Сьліж: ) "Раней падобныя апэрацыі праводзіліся толькі ў Менску, і людзі доўгі час стаялі ў чарзе. Кіраваў апэрацыяй галоўны траўматоляг Менскай вобласьці Аляксей Маслаў, яму асісціравалі загадчык траўматалягічнага аддзяленьня Маладзечанскай райбальніцы Аляксандар Рамановіч і доктар-траўматоляг Алег Кравец. Апэрацыя прайшла пасьпяхова. У далейшым маладзечанскія спэцыялісты будуць праводзіць такія складаныя апэрацыі самастойна".

Пінскі "Мясцовы час" піша пра жудасную трагедыю: "Даехалі да бяды". Трое непаўнагадовых хлопцаў узялі без дазволу бацькоў новенькі аўтамабіль "BMW" і вырашылі паганяць з ветрыкам па горадзе. На пераходзе спрабавалі аб''ехаць жанчыну... У выніку адзін хлопец забіўся, двое другіх і жанчына - у цяжкім стане ў шпіталі, аўто не падлягае рамонту.

"Комсомольская правда" в Белоруссии" паведамляе, што "Беларускія чыноўнікі будуць судзіцца з Эўразьвязам". Лукашэнка заявіў, што беларускае неба будзе закрыта для некаторых самалётаў ў адказ на санкцыі Эўразьвязу. Хаця першым змагацца за права ўезду ў Эўропу зьбіраўся лідэр прафсаюзаў Леанід Козік. Але яму адразу ж далі візу ў Швайцарыю на сэсію Міжнароднай арганізацыі працы.

Канцэрт Гошы Куцэнкі ў Менску адменены. І гастролі тэатру знакамітага Марка Разоўскага "У Нікіцкіх варот" таксама не адбыліся - не раскупленыя квіткі, піша "Комсомольская правда" в Белоруссии".
XS
SM
MD
LG