Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі старшынёй журы Эўрабачаньня зрабіць Ярмошыну, то самы безгалосы беларус набярэ там 105 адсоткаў”.


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за сераду, 24 траўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар, Вілейка:) “Як казаў сёньня наш прэзыдэнт: Беларусь – гэта высокаразьвітая краіна. Я магу дадаць, што гэтая высокаразьвітасьць праяўляецца ў яшчэ савецкім гарадзкім транспарце, дабітых кампутарах, па якіх вучацца дзеці ў школах, а яшчэ ў самай кампутэрнай тэхніцы – у калькулятарах, яшчэ першае пакаленьне, бо толькі на іх хапае сродкаў.

Яшчэ мне сёньня на вочы трапіў мой пашпарт. Атрымліваецца ў мяне грамадзянства – Рэспубліка Беларусь. Ва ўсіх нармальных людзей – рускі, паляк, француз, г.д., а ў нас – Рэспубліка Беларусь. Што за маразам?”

(Уладзімер Ільіч:) “Пытаньне спадару Сіўчыку. Калі скончыцца раскол між франтамі? Што залежыць ад Сіўчыка, ці адбудзецца калі аб’яднаньне? Што вы думаеце пра гэта, спадар Сіўчык?”

(Леанід Лыч, Менск:) “Паважаны спадар Слава Сіўчык! Мне стала нядаўна вядома, што вы апынуліся за межамі любімай вамі бацькаўшчыны. Гэта мяне ўсхвалявала, таму што хаця я і рэдка з вамі сустракаўся, але вынес цьвёрдае перакананьне ў тым, што вы маеце вельмі ўзважаны, аб’ектыўны погляд на стан нацыянальна-культурнага жыцьця сучаснай Беларусі. І такія людзі, як вы, несумненна маглі б прынесьці вялікую карысьць для бацькаўшчыны. Праўда, вас гэта ўсё апраўдвае па той прычыне, што вы эмігрант вымушаны, эмігрант палітычны. Гэта ня тое, што ў нас даволі модным сталі эмігранты бытавыя ці сацыяльныя, пры чым у павелічэньні такой катэгорыі эмігрантаў актыўны ўдзел бяруць і тыя, хто лічыць сябе прыхільнікамі беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня. І ў выніку гэта замест таго, каб дома на месцы ўзгадоўваць прадаўжальнікаў змаганьня за нашу незалежнасьць, за нашу нацыянальную культуру, мы наадварот скарачаем колькасьць такіх людзей, якія б маглі прынесьці вялікую карысьць. Вы – палітычны эмігрант. У мяне ўзьнікае такое пытаньне. Ці зможаце вы ў далечыні ад радзімы зрабіць хаця б дзясятую долю для Беларусі таго, што вы рабілі тут?”

(Міхаіл Леках:) “Некалькі словаў пра сёньняшнія перадачы. Прыемна, што нарэшце кіраўнікі карупцыі і крадзяжоў з Польшчы ня вучаць беларускі народ жыць. Польшча, як вядома, займае першае месца па карупцыі і крадзяжам. Няма пытаньняў да выступленьня нашага вядомага паэта Рыгора Барадуліна. Гэта цікава. Вялікая літаратура, вялікае мастацтва па-за палітыкай, і я гэта вельмі падтрымліваю.

Цяпер наконт перадачы па правам чалавека “Amnesty International”. Разумееце, гэтая арганізацыя ні для каго не аб’ектыўная. Каб упэўніцца ў гэтым, я папрасіў бы, каб вы расказалі, як ацэньвае правы чалавека гэта арганізацыя суседняй Латвіі. Я паслухаю, а потым я дам вам рэальныя лічбы, напрыклад, пра колькасьць забітых там, пра колькасьць скрадзеных, колькі адсоткаў жывуць за мяжой беднасьці, і супаставім гэтыя лічбы і іншыя пытаньні з тым, што ў Беларусі, каб бачыць карціну”.

(Спадар:) “Паважаныя! У Варшаве ўжо месяц як створанае беларускае інфармацыйнае бюро, што знаходзіцца па алеі Вашынгтона, 30. Дайце нумары тэлефонаў. У якія гадзіны можна тэлефанаваць? У суботу і нядзелю таксама можна? На якой мове размаўляць: беларускай ці польскай? Вельмі вам удзячны. Дзякую”.

(Спадар:) “Хачу пажадаць спадару Сіўчыку ўсяго добрага. Галоўнае – добрага здароўя. Як вы мяркуеце, якія бандыты зьбівалі вас: палкоўніка Падабеда ці палкоўніка Паўлючэнка? Трымайцеся! Жыве Беларусь!”

(Спадарыня:) “Хачу выказацца, бо набалела. Вось дык адправілі на “Эўрабачаньне” зорку Паліну. Апынулася ў самым хвасьце і яшчэ сьмее крытыкаваць таленавіты фінскі гурт. Хай бы лепей маўчала і ехала назад дадому, не сароміла б беларусаў. А NRM бы з Вольскім былі б першымі!”

(Мікалай Бельскі:) “Ці хутка ўжо беларускі гімн будуць сьпяваць на ангельскай мове?”

(Віктар Іванавіч, Менск:) “Сёньня раніцай пачуў перадачу пра вёску Аршанскага раёну. Навошта ехаць так далёка, каб убачыць, чым ганарыцца працаўніку сяла, да чаго заклікае Аляксандар Лукашэнка ў сваім пасланьні парлямэнту? Зьезьдзіце ў вёску Астрошыца Лагойскага раёну, крыху не даехаўшы да Сілічаў, дзе Лукашэнка будуе штосьці спартовае. Там дарога да сельскага савету яшчэ куды не ішло, праехаць магчыма. Але вось далей, дзе жывуць спэцыялісты гэтай гаспадаркі, дарога як у часы Айчыннай вайны, пра якую гітлераўцы казалі: у Расеі дарог няма, ёсьць толькі напрамкі. Дык чым жа ганарыцца гэтым жыхарам ці ўсім грамадзянам, калі буханка хлебу ў краме хутка дасягне дзьвюх тысячаў рублёў?”

(Спадар:) “Цяпер усіх сабак вешаюць на гэту нашу няшчасную беларускую апазыцыю, абліваюць брудам гэтых былых кандыдатаў у прэзыдэнты. Мне хочацца сказаць словамі вядомай польскай пісьменьніцы Элізы Ажэшка “Gloria Victi!” – “Слава пераможным!” Малайцы яны! Гэта людзі будучага! Гонар і слава ім!”

(Спадар:) “Прыйшла вясна. Але мяне і многіх людзей яна ня радуе, бо такія аварыйны дарогі, што нельга нават хадзіць! Калі, ня дай Бог, пажар, то ня дойдзем месцамі. Як жа людзям жыць, Аляксандра Рыгоравіч Лукашэнка? Навагрудак жа маленькі гарадок і маленькія пасёлкі побач. Няўжо нельга іх даглядаць? Яны ж больш галасоў за вас аддалі, каб вы былі прэзыдэнтам! А вы іх адкінулі, адкінулі ў такую галечу, як невядома каго. Шмат якія крамы настолькі занядбаныя, а вы кажаце, што ў вас ўсё добра. Не! У вас шмат непрыемнасьцяў! У сельскіх крамах людзей падманваюць, вельмі дарагі хлеб і іншыя прадукты. Чаму ж няма ніякага назіраньня за аўталаўкамі? Прыяжджаюць аўталаўкі: хлеб вельмі дарагі, прадукты вельмі дарагія і няякасныя, бывае нават, што сьмярдзяць. Няма ж ніякага кантролю! Мяне за тое, што я выказваю праўду, ненавідзяць, ставяцца з пагардай. Я нават пераехала з горада ў сялянскую мясцовасьць, каб атрымаць якую-небудзь працу, але з-за таго, што я магу выказаць праўду, яны мяне стараюцца нават не ўзяць на працу. Колькі разоў я ўжо зьвярталася да старшыні калгасу, да старшыні райвыканкаму...”

(Анастас Семяновіч:) “Я вельмі задаволены, што дэмакратычныя сілы прынялі рашэньне аб адхіленьні галоўнага начальніка Беларусі ад улады. Будзе свабода, аўтаматычна будуць вырашацца астатнія праблемы. Разьлічваць на мафіёзную Расею – вялікая памылка. Трэба зь ёй сябраваць, весьці ўзаемавыгадны гандаль, як і з астатнім сьветам. А тое, што ў гонар галоўнага начальніка смуткавалі, то ён гэтага і дамагаўся. Ён вельмі добра ведае, што крэсла ён заняў Алеся Мілінкевіча. Але я ўпэўнены, што час набліжаецца. Куды бальшавікі-лукашысты будуць уцякаць, каб пазьбегнуць суду народу Беларусі?”

(Спадар:) “У адносінах да ўчорашняга выступу прэзыдэнта. Выступленьне Леаніда Ільіча Брэжнева, толькі крыху маладзейшага. А ў пляне зьнешне-палітычнага пасылу – гэта лай палітычнай моські на эўра-амэрыканскага слана. Сьмешна ды і толькі. Надакучыла!”

(Спадар:) “Міжнародныя арганізацыі апублікавалі матэрыялы, у якіх абвінавачваюць Амэрыку ў незаконных утрыманьнях зьняволеных, у зьверскіх катаваньнях і г.д. Дык узьнікае пытаньне: дзе ж тут дэмакратыя, барацьба за правы чалавека? Якія правы, якая дэмакратыя? Вось такую дэмакратыю яны спрабуюць нам насадзіць? Яны што хочуць, каб такое і ў нашай рэспубліцы было?”

(Спадар:) “Зараз шмат размоваў пра Эўрабачаньне. А я мяркую, што калі старшынёй журы зрабіць Ярмошыну, то самы безгалосы беларус набярэ там 105 адсоткаў”.

(Спадар:) “На днях на нарадзе апазыцыі быў створаны дэмакратычны рух на чале зь Мілінкевічам. Аб’яднаная грамадзянская партыя разам зь Лябедзькам дадзенае пагадненьне не ўхвалілі і не падпісалі. Цалкам зь Лябедзькам згодны. Хто такі Мілінкевіч і як ён можа быць лідэрам аб’яднанай апазыцыі? Да таго, як яго вылучылі ў прэзыдэнты, пра яго ніхто і ня чуў. Каб быць лідэрам апазыцыі, трэба хоць нейкія заслугі мець, хаця б, на крайні выпадак, партыю. У яго за душой нічога няма. Адзіная заслуга яго ў апазыцыйным руху – гэта тое, што ён вельмі актыўную жонку ў палітыку прывёў. Але нам ўжо хапіла гарбачоўскіх часоў, калі Раіса Максімаўна ўсім кіравала. Зараз гэта зноў паўтараецца. Лічу, што Мілінкевіч ня можа быць лідэрам апазыцыі, павінен быць нехта іншы, а яшчэ лепш хто-небудзь з моладзі, якія далучыліся да апазыцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG