Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвітыя краіны перажываюць крызыс нараджальнасьці


Радыё Свабода, Віцебск Часопіс Newsweek падае артыкул пад шакуючай назвай “Канец мацярынства”, прысьвечаным праблеме рэзкага падзеньня нараджальнасьці ў індустрыяльных краінах. Дзе гэтая тэндэнцыя назіраецца ў найбольш вострай форме?

Нагодай для разважаньняў на гэтую тэму, якая ніяк не з’яўляецца новай, сталіся словы расейскага прэзыдэнта Уладзімера Пуціна. У нядаўнім пасланьні да парлямэнту ён зьвярнуў увагу на штогадовае падзеньне колькасьці насельніцтва ў Расеі на 700 тысяч чалавек. Такім чынам, калі ў 2000-м годзе ў Расеі жыло 147 мільёнаў чалавек, то ў 2050-м застанецца толькі 111 мільёнаў. Пры гэтым сярэдні ўзрост жыхароў вырасьце з 38 гадоў да 50. Гэта ставіць праблемы падтрыманьня эканамічнага ўзроўню Расеі, абароназдольнасьці і нават нацыянальнага аптымізму. Прэзыдэнт Пуцін прапанаваў нацыі захады, перш за ўсё матэрыяльныя, якія павінны былі б спыніць гэтую нэгатыўную тэндэнцыю і заахвоціць грамадзян мець больш дзяцей.

Паводле дэмографаў, для таго каб грамадзтва магло хаця б сябе аднаўляць, патрэбна каб жанчыны ў сярэднім мелі па двое дзяцей. Аднак у большасьці індустрыяльных краін каэфіцыент нараджальнасьці нашмат меншы за 2, у той жа Расеі і Італіі -- 1,3, у Нямеччыне – 1,4, у Польшчы – 1,2. Чакаецца, што насельніцтва ў Нямеччыне да 2050 года скароціцца з 82 да 73 мільёнаў чалавек, у Італіі -- з 58 да 50, у Японіі -- са 127 да 100 мільёнаў.

У Беларусі каэфіцыент нараджальнасьці ў апошнія гады складае каля 1,3. Паказьнікі нараджальнасьці асабліва інтэнсіўна зьніжаюцца з 1989 года. Дэмографы сьцьвярджаюць, што калі захаваецца сёньняшні ўзровень нараджальнасьці, то праз 50 гадоў насельніцтва Беларусі скароціцца ўдвая.

Кампэнсаваць страты насельніцтва можна за кошт іміграцыі, больш доўгага веку жыцьця грамадзян, больш раньняга мацярынства. Тым не меней дэпапуляцыя большасьці краін Эўропы і Японіі, як прагназуюць навукоўцы, прывядзе да стварэньня масы сацыяльна-эканамічных праблем – насельніцтва стане больш старым, будзе не хапаць працоўных рук, зьменшацца паступленьні ў бюджэт падаткаў, паменшацца пэнсіі і г.д. Калі цяпер ў Нямеччыне і Японіі адзін з шасьці чалавек з’яўляецца старэйшым за 65 гадоў, то ў 2050 будзе ўжо адзін з трох. Прычынамі дэпапуляцыі з’яўляюцца як сацыяльна-эканамічныя праблемы, гэтак і станоўчыя бакі індустрыялізацыі: павелічэньне даходаў і дабрабыту сем’яў, хуткая урбанізацыя, большы доступ жанчын да адукацыі і працы, кантрацэпцыя, позьнія шлюбы і частыя разводы.

Паказальна, аднак, што гэтыя разважаньні усё ж не з’яўляюцца вырашальнымі для адной з самых разьвітых дзяржаў сьвету -- Злучаных Штатаў Амэрыкі. Каэфіцыент нараджальнасьці ў ЗША складае 2,1 У сярэднім амэрыканскія жанчыны маюць больш, чым па двое дзяцей. Часткова гэта тлумачыцца больш высокай нараджальнасьцю сярод гішпанамоўных амэрыканак, але і іншыя жанчыны маюць больш дзяцей, чым эўрапейкі ці японкі.

Амэрыканскія дэмографы тлумачаць гэта большым аптымізмам амэрыканцаў, іх большым патрыятызмам і больш строгімі рэлігійнымі каштоўнасьцямі ў грамадзтве. У Амэрыцы праца і вучоба жанчын у меншай ступені перашкаджаюць іх жаданьню мець дзяцей, чым у краінах, дзе маці маюць большыя субсыдыі на дзяцей. У любым выпадку, адмаўляючыся ад дзяцей, людзі галасуюць супраць будучыні сваіх краін ды і сваёй ўласнай, – заключае Newsweek.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG