Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Бэнэдыкт XVI прыбыў у Варшаву


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Папа Бэнэдыкт XVI прыбыў сёньня ў Варшаву – ад польскай сталіцы пачынаецца чатырохдзённая пілігрымка пантыфіка на радзіму ягонага папярэдніка Яна Паўла ІІ. На сустрэчы папы прысутнічалі таксама каталіцкія біскупы зь Беларусі.

На варшаўскім лётнішчы Бэнэдыкта XVI віталі польскі прэзыдэнт, урад Польшчы, кіраўнікі польскай каталіцкай царквы, а таксама тысячы жыхароў сталіцы.

Вітаючы папу, прэзыдэнт Лех Качынські заявіў, што як кіраўнік краіны і як каталік, ганарыцца, што зь першым замежным апостальскім візытам Бэнэдыкт XVI накіраваўся менавіта на радзіму свайго вялікага папярэдніка Яна Паўла ІІ.

(Качыньскі: ) “Сьвяты айцец, сардэчна вітаю на польскай зямлі!”

У сваёй прамове польскі прэзыдэнт адзначыў, што дэмакратыя можа добра функцыянаваць толькі тады, калі грамадзтва мае маральныя каштоўнасьці.

(Качыньскі: ) “Без сумленьня, дэмакратыя можа хутка ператварыцца ў сваю супрацьлегласьць”.

У сваю чаргу Бэнэдыкт XVI дзякаваў палякам за запрашэньне. Пантыфік пачаў сваю прамову па-польску.

(Бэнэдыкт XVI па-польску: ) “Шаноўны пан прэзыдэнт, шаноўнае спадарства...”

Бэнэдыкт XVI дзякаваў за магчымасьць наведаць месцы ў Польшчы, якія калісьці наведваў Ян Павал другі.

(Бэнэдыкт XVI) “Я вельмі прагнуў наведаць зямлю, зь якой выйшаў мой вялікі папярэднік, слуга божы Ян Павал другі”.

Пазьней, падчас сустрэчы з каталіцкімі сьвятарамі ў катэдры сьвятога Яна ў Варшаве, у якой брала ўдзел таксама група біскупаў зь Беларусі, папа заклікаў іх жыць сьціпла і быць заўсёды побач зь вернікамі.

Між тым, каталікі зь Беларусі ўжо прыбываюць у Варшаву. Яны сустрэнуцца з Бэнэдыктам XVI заўтра ў часе імшы на сталічным пляцы імя Юзэфа Пілсудзкага, дзе беларускі пілігрымаў выдзелены адмысловы сэктар, недалёка ад папскага алтара.

Мяркуецца, што ў набажэнстве возьмуць удзел каля двух мільёнаў вернікаў.
XS
SM
MD
LG