Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі хацелі б больш актыўна ўдзельнічаць у палітыцы


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Менску прайшла нарада актывістаў прадпрымальніцкага руху, на якой было заяўлена пра неабходнасьць ягонага рэфармаваньня. Удзельнікі нарады ўхвалілі плян актывізацыі палітычнай дзейнасьці бізнэсоўцаў.

У нарадзе ўдзельнічалі лідэры й актывісты прадпрымальніцкага руху Менску, Барысава, Салігорску, Бабруйску, Рэчыцы й іншых гарадоў. Паводле выступоўцаў, настроі прадстаўнікоў бізнэсу, найперш дробнага, маюць значны ўплыў на палітычную сытуацыю ў Беларусі. Не адмаўляюць гэтага ўплыву і ўлады. У нядаўнім пасланьні Нацыянальнаму сходу Аляксандар Лукашэнка зьвярнуў увагу на неабходнасьць фармаваньня заканадаўства з улікам інтарэсаў бізнэсу. Між тым, як зазначылі ўдзельнікі нарады, ініцыятывы ўладаў, насамрэч, разыходзяцца з інтарэсамі дробнага прадпрымальніцтва. Гаворыць актывіст прадпрымальніцкага руху зь Лепеля Алег Тычына:

(Тычына: ) “Ёсьць інфармацыя, што ў такіх гарадах як Лепель, Ушачы, Чашнікі, Новалукомль ды й у іншых гарадах Беларусі застанецца 5-6 прадпрымальнікаў, якія стануць “тлустымі катамі” і якіх будуць падтрымліваць улады”.

Паводле ўдзельнікаў нарады, варта супрацьдзейнічаць такому працэсу. Аднак, на іх думку, сёньняшняя сытуацыя ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі не дазваляе рабіць гэта плённа й эфэктыўна. Таму патрэбна рэфармаваньне прадпрымальніцкага руху, прынамсі, актывізацыя палітычных накірункаў дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”. Вось, напрыклад, што мяркуе на гэты конт яго актывіст з Рэчыцы Леанід Невар:

(Невар: ) "Аб''яднаньне “Пэрспэктыва” на сёньняшні дзень не выканала тых задач, што былі пастаўленыя ў 2002-2003 гадох. Пасьля парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў лідэры прадпрымальнікаў шмат якіх гарадоў, сябры грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” зразумелі, што неабходна ствараць палітыка-эканамічнае крыло ў “Пэрспэктыве”, каб зьмяніць уладу ў гэтай дзяржаве".

Як прагучала на нарадзе, у Беларусі празь некалькі месяцаў маюць адбыцца выбары ў мясцовыя органы ўлады. На думку ўдзельнікаў, у гэтай кампаніі неабходна браць удзел і прадпрымальнікам, і таму ўжо цяпер варта актывізаваць палітычную працу ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі. Гаворыць лідэр прадпрымальнікаў Барысава Віктар Гарбачоў:

(Гарбачоў: ) “Для таго, каб яны распрацоўвалі ў далейшым эканамічную праграму разьвіцьця дробнага й сярэдняга прадпрымальніцтва і непасрэдна стаялі на варце нашых інтарэсаў”.

Яшчэ адзін удзельнік нарады, актывіст прадпрымальніцкага руху зь Менску Аляксандар Макаеў выказаўся пра патрэбу аказаньня дапамогі палітычным ахвярам нядаўняй прэзыдэнцкай кампаніі. Тым, у прыватнасьці, хто звольнены з працы за ўдзел у палітыцы:

(Макаеў: ) “Прадпрымальнікі як частка грамадзтва могуць дапамагчы вырашыць хаця б часткова гэтыя праблемы з працай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG