Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай гатовы "...мірна суіснаваць" зь Беларусьсю


Радыё Свабода, Прага “Кітай гатовы на прынцыпах мірнага суіснаваньня працягваць разьвіцьцё адносінаў зь Беларусьсю” – пра гэта заявіў сёньня афіцыйны прадстаўнік МЗС Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Лю Дзянь Чао. Ён дадаў, што “Кітай паважае выбар шляху, зроблены беларускім народам”.

Гэтыя выказваньні кітайскага дыплямата прагучалі ў адказ на просьбу пракамэнтаваць заяву беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі, што “Кітай зьяўляецца галоўным прыярытэтам зьнешняй палітыкі Беларусі”.

Што азначае гэты адказ афіцыйнага Пэкіну? Свой аналіз прапануе наш аглядальнік Юры Дракахруст.

(Дракахруст: ) "На першы погляд адказ кітайскага МЗС ледзь ня абразьлівы – Менск заяўляе, што Кітай цяпер для яго найлепшы сябра, а Пекін гаворыць пра прынцыпы мірнага суіснаваньня. Мірнае суіснаваньне назіраецца паміж краінамі, якія ўсяго толькі не вядуць вайну паміж сабой, такое вызначэньне адносінаў не сьведчыць пра гатоўнасьць да вялікай шчыльнасьці сувязяў. Але ня трэба забываць, што Кітай – краіна зусім іншай культуры, у тым ліку і палітычнай.

У 70-х гадох, калі ЗША наладжвалі адносіны з камуністычным Кітаем, тагачасны дзяржсакратар ЗША Генры Кісынджэр неяк спытаўся кітайскага прэм''ер-міністра Джоў Энь Лая, як кітайская кампартыя ацэньвае францускую рэвалюцыю. “Мы лічым, што прайшло яшчэ замала часу, каб даваць абгрунтаваныя ацэнкі,” – адказаў Джоў Энь Лай.

Кітайцы, у адрозьненьні ад іншых народаў, ня надта шчодрыя на заявы, якія ўскладаюць на іх нейкія абавязкі. У дадзенай сытуацыі Пэкін ня хоча дражніць Маскву, адкуль у Кітай ідзе і газ, і нафта, і зброя, заявамі пра сяброўства, партнэрства ці саюзьніцтва зь Беларусьсю.

Фармулёўка выбраная падкрэсьлена сьціплая, каб, дарэчы, і беларускі прэтэндэнт на кітайскую дружбу зразумеў, што калі пра гэта гаворыцца ўсур''ёз, то слова раўнапраўе трэба наагул забыць – Кітай гэта яму не Расея.

Між іншым, як і можна было чакаць, пасаж з прамовы Лукашэнкі пра кітайскі прыярытэт быў заўважаны расейскім друкам. Большасьць камэнтароў расейскіх выданьняў, якія тычацца прэзыдэнцкага пасланьня кіраўніка Беларусі, прысьвечаныя менавіта гэтаму фрагмэнту выступу.

Адзін з найбольш грунтоўных камэнтароў даў “Коммерсант”. Выданьне лічыць, што спадзевы Лукашэнкі не зусім бессэнсоўныя. “Коммерсант” апісвае, як Пэкін навязвае кантакты з усімі краінамі, у якіх узьнікаюць канфлікты зь іншымі вялікімі дзяржавамі. Кітай ня з кім не сварыцца, ён проста пранікае паўсюль, дзе ствараецца геапалітычны вакуўм.

У нафтавую прамысловасьць Вэнэсуэлы Кітай ужо ўклаў мільярд даляраў, а на працягу дзесяцігодзьдзя ў інфраструктуру і энэргетыку Лацінскай Амэрыкі мяркуе інвэставаць 100 мільярдаў даляраў. Мільярд укладзены ў рэканструкцыю нігерыйскай чыгункі, а яшчэ 2.5 мільярды – у нафтагазавую прамысловасьць гэтай афрыканскай краіны. У 1997 годзе ўрад ЗША забараніў амэрыканскім нафтавым кампаніям працаваць у Судане, туды прыйшлі кітайцы. Ізноў жа за 9 гадоў – два мільярды даляраў, укладзеныя ў суданскую нафтавую прамысловасьць. Але экспансія ідзе ня толькі туды дзе нафта, і ня толькі ў Лацінскую Амэрыку і Афрыку. Расея ўводзіць эмбарга на закуп малдаўскіх він, Кітай дае Малдове крэдыт.

Кітай праходзіць туды, адкуль сыходзяць ці дзе страчваюць уплыў іншыя".
XS
SM
MD
LG