Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г.Яўлінскі: Уладзімер Пуцін можа пайсьці на аншлюс Беларусі


Радыё Свабода Лідэр расейскай партыі “Яблоко” выказаў такое меркаваньне сёньня падчас онлайн-інтэрвію ў рэдакцыі “Газеты.Ru”. Ён адзначыў, што ў 2008 годзе, калі скончыцца другі тэрмін расейскага прэзыдэнта, Пуцін можа й не сысьці.

“Аўтарытарная сыстэма — яна ня ведае, як зьмяняць лідэраў. Яна так уладкаваная, што не прызвычаеная да зьмены лідэра наагул, таму там будуць сыстэмныя праблемы — у тым сэнсе, што цяжка будзе разьвітвацца з намэнклятурнай уласнасьцю, з пасадамі. А акрамя таго, ёсьць яшчэ такое адчуваньне мэсіі ў Пуціна й людзей вакол яго — трэба выратоўваць Расею, а дзеля гэтага чаго ўжо ні зробіш. Вельмі небясьпечна, калі гэта будзе зроблена праз аншлюс Беларусі, гэта будзе вельмі небясьпечна. Для ўсіх. І такога варыянту нельга выключаць”,— заявіў лідэр партыі “Яблоко”.

Грыгоры Яўлінскі яшчэ раз згадаў Беларусь, калі распавядаў пра палітычную сытуацыю ў Расейскай Фэдэрацыі. Ён адзначыў, што ў Расеі цяпер няма ўплывовых палітычных незалежных мэдыяў, незалежных крыніцаў фінансаваньня, незалежнай судовай сыстэмы. Таму палітычная апазыцыя знаходзіцца ў вельмі складанай сытуацыі. І далей спадар Яўлінскі дадаў: “Вось тое, што Мілінкевіч атрымаў 6%, гэта й ёсьць прыкладна аб’ектыўным вынікам, які можна атрымаць у такіх умовах, вось у чым рэч”.
XS
SM
MD
LG