Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Талент мае права гаварыць народу ўсю праўду пра ягонае існаванне, часам горкую і балючую праўду” (1986)


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Цытаты мінулага – 25 траўня. Што пісалі беларускія газэты ў гэты дзень.

“Вечерний Минск”, 1976 год. Пра Дні літаратуры й мастацтва Ўкраіны ў Беларусі:

“Зіхоткі тысячамі іскраў, распалены ручай мэталу пачаў свой шлях ад электрычнай печы, вахту ля якой скончылі Героі Сацыялістычнай Працы ўкраінец Фёдар Сьцяпанавіч Амелін і беларус Андрэй Іосіфавіч Бялко, якія прадстаўляюць Харкаўскі й Менскі трактарныя заводы. Вогненны мэтал, народжаны сумеснай працай славутых сталявараў, “напоўніць” вузлы й дэталі амаль 30 трактараў”.

“ЛіМ”, 1986 год. Выступ Васіля Быкава на адкрыцьці ІХ зьезду пісьменьнікаў БССР:

“Яшчэ трэба памятаць, што талент мае права гаварыць народу ўсю праўду пра ягонае існаванне, часам горкую і балючую праўду, якая ёсць у гісторыі кожнага народа. Канечне, няма ніякай гарантыі таго, што аўтара неадкладна засыплюць кветкамі (могуць закідаць і каменнем), але калі ягоная праўда з вялікай літары, дык пройдзе час, і яму паставяць прыгожы помнік на самай прыгожай плошчы свайго сталічнага горада”.

“Имя”, 1996 год. Уладзімер Позьнер адказвае на пытаньне, чаго нельга рабіць журналісту:

“Нельга хлусіць. Я разумею хлусьню як нешта асэнсаванае. Памыляцца — гэта іншая рэч. Журналіст мусіць правяраць тое, пра што ён кажа, разумець, што ён уплывае на грамадзкую думку й што ягоная праца — для іншых людзей… Мы часта памыляемся, мяркуючы, што мы вельмі вялікія людзі, таму што нас усе ведаюць. Але я заўсёды казаў і паўтараю: калі штодня паказваць, прабачце, зад кабылы, дык і яго будуць пазнаваць”.
XS
SM
MD
LG