Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенская абласная бібліятэка яшчэ няхутка справіць уваходзіны


Радыё Свабода Гарадзенская абласная бібліятэка імя акадэміка Яўхіма Карскага шмат гадоў ня мае ўласнага будынку і арандуе плошчы ў гісторыка-архэалягічнага музэю. Паасобныя аддзелы бібліятэкі разьмяшчаюцца ў Старым горадзе ў розных камяніцах, у тым ліку ў былым доме пісьменьніцы Элізы Ажэшкі. Некалькі гадоў таму ўлады адмовіліся ад задумы збудаваць у гарадзкім цэнтры асобны будынак для абласнога кнігазбору. Замест гэтага вырашылі аддаць бібліятэцы недабудаваны гмах палаца культуры будаўнікоў.

Дырэктарка бібліятэкі Лідзія Мальцава гаворыць, што ўлады прапаноўвалі напачатку палац культуры “Юнацтва” зь вялікай глядзельнай залай і нават кінатэатр, але яны не адпавядалі патрэбам разьмяшчэньня кнігазбору. А вось недароблены палац культуры будаўнікоў вымагае новага праекту, і тут справа зацягнулася: канкрэтны год канчатковага будаўніцтва невядомы. Але цяперашнія ўмовы часам выклікаюць нават зайздрасьць.

(Мальцава:) “Мае калегі, якія прыяжджаюць да нас, з рэспублікі гавораць: што вы яшчэ думаеце, вы знаходзіцеся ў гістарычных будынках, у гістарычных помніках, гэта такая прыгажосьць! Навошта вам звычайныя як у нас будынкі?”

Што да музэйшчыкаў, дык ім хацелася б, каб кнігазбор чым хутчэй выехаў. Бібліятэка займае крыло Новага каралеўскага замку, вокны якога глядзяць на Нёман. Тут некалі знаходзіўся кабінэт першага сакаратара абкаму Кляцкова, а ў кабінэце ідэалягічнага сакратара цяпер стаяць беларускія кніжкі.

Лідзія Мальцава зазначае, што атрыманы грошы на капітальны рамонт дому Элізы Ажэшкі, у якім замежны і юнацкі кнігазборы бібліятэкі, а таксама мэмарыяльныя пакоі пісьменьніцы. Доўгія гады там разьмяшчалася таксама абласная філія Саюзу пісьменьнікаў, там працавалі Васіль Быкаў і Аляксей Карпюк, а пазьней — Данута Бічэль. Гадоў дзесяць таму пісьменьнікаў выселілі ўлады, дарэчы пра гэта падбалі некаторыя дзеячы Саюзу палякаў. Цяпер у доме зноўку пачалі зьбірацца пісьменьнікі, але ўжо новага літсаюзу, які ўтварыў генэрал Чаргінец. Лідзія Мальцава, аднак, не пацьвярджае чуткі аб тым, што гэтым літаратарам даюць уласнае памяшканьне ў доме Ажэшкі.

(Мальцава:) “Саюз пісьменьнікаў таксама на сёньняшні дзень у доме Ажэшкі праводзіць усе свае мерапрыемствы — сходы, паседжаньні. Калі ласка, хто ж ім будзе пярэчыць? Я любую залу ім гатовая аддаць”.

Лідзія Мальцава за тое, каб там зьбіраліся гарадзенскія літаратары, і нават каб быў пісьменьніцкі музэй. Аднак сябраў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў у дом Элізы Ажэшкі цяпер не запрашаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG