Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія пілігрымы едуць сустрэцца з Папам


Радыё Свабода Ад сёньня да 27 траўня ў Польшчы будуць доўжыцца сустрэчы Папы Рымскага Бэнэдыкта ХVІ зь вернікамі. Як паведамілі Радыё Свабода ў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, амаль тры тысячы пілігрымаў зь Беларусі накіроўваюцца ў суседнюю краіну.

Студэнтка Руслана зь Менску напярэдадні атрымала ў амбасадзе Польшчы ў Беларусі бясплатную аднаразовую візу тэрмінам на 10 дзён. Са словаў суразмоўцы, у дарогу яна ўзяла малітоўнік й ружанец.

(Руслана: ) “Папа Рымскі зьяўляецца намесьнікам Бога на Зямлі, і сустрэча зь ім – гэта вялікая падзея. Я лічу, што перадусім трэба падзякаваць пану Богу за тое, што мы маем. І толькі пасьля зьвяртацца з просьбамі. Увогуле, я ахвярую сваю пілігрымку за здароўе й боскае бласлаўленьне для маіх бацькоў”.

Паводле польскай дыпляматычнай місіі, за візамі зьвярнуліся каля трох тысячаў грамадзянаў Беларусі. У генэральным консульстве Польшчы ў Берасьце спраўдзілі інфармацыю, што памежнікі ня будуць правяраць у арганізаваных групах наяўнасьць грашовых сродкаў на пакрыцьцё расходаў у Кракаў і Варшаву.

(Супрацоўніца консульства: ) “Так, гэта праўда. Іх, напрыклад, звыш дзьвесьце паедуць празь “Варшаўскі мост”.

Пра добразычлівасьць польскай улады да беларусаў гаворыць й Леакадзія Галуза.

(Галуза: ) “На сёньняшні час вандроўка ў замежжа вымагае шмат часу: афармляеш дакумэнты, стаіш у чарзе, чакаеш пэрсанальнай гутаркі...А наконт Польшчы ў Беларусі ўвогуле прапагандаваліся чуткі, што цяжка будзе атрымаць візу й складана даехаць. Але на сёньняшні дзень я ніякіх праблемаў ня мела. Гэта краіна, як і раней, ставіцца да беларусаў добразычліва й з паразуменьнем. Настрой у мяне вельмі ўзьнёслы”.

Спадарыня Галуза паведаміла, што накіроўваецца ў Варшаву.

Паводле каталіцкага сьвятара Віталя, у Кракаве Папа Рымскі будзе сустракацца з маладымі вернікамі, у Варшаве – са старэйшымі.

(Віталь: ) “Кожны раз, калі Папа Рымскі прыяжджае ў тую ці іншую краіну, то гэта вельмі важная падзея увогуле для ўсяго каталіцкага касьцёлу і тым больш для рэгіянальнага касьцёлу, напрыклад, як для Беларусі. Ёсьць магчымасьць даехаць. Вельмі добра, што так атрымоўваецца, што нашыя пілігрымы накіроўваюцца ў Польшчу”.

Нагадаю апошні раз беларускія каталікі бачыліся з Папам у 2001 годзе. Тады ва Ўкраіну да Яна Паўла ІІ паехалі каля дзьвюх тысячаў чалавек.
XS
SM
MD
LG