Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Імёны Свабоды: Стэфанія Станюта


Уладзімер Арлоў, Менск 13.5.1905, Менск – 6.11.2000, Менск

Упэўнены, што ня толькі ў мяне, але і ў многіх тысяч суайчыньнікаў пры згадцы пра Нацыянальны тэатар імя Янкі Купалы дый наогул пра беларускі тэатар адным зь першых выплывае з памяці велічнае імя – Стэфанія.

Тэатразнаўцы розных краінаў захоплена пісалі пра яе шматстайную творчасьць, дзе высокі драматызм спалучаўся зь непаўторнай камэдыйнасьцю, іронія з гратэскам, яскравая эмацыйнасьць з глыбокай заглыбленасьцю ў псыхалёгію... Для нас, шараговых тэатралаў, Станюта была проста наскрозь нашай, беларускай, іканапіснай. Хтосьці бачыў у ёй сваю маці, хтосьці – бабулю.

Блізка знаёмы з Стэфаніяй Станютай тэатральны крытык Вячаслаў Ракіцкі лічыць, што найлепшыя вобразы яна стварыла ў спэктаклях “Гаральд і Мод” паводле Г.Хігінса і Ж.К.Кар’ера, “Гульня з кошкай” І.Эркеня, “Мудрамер” М.Матукоўскага, а таксама ў кінафільме “Разьвітаньне” паводле аповесьці В.Распуціна “Разьвітаньне з Мацёрай”. Пагаджаючыся, я дадаў бы, што Станюта была адным з вобразаў самой Беларусі.

Аднойчы я глядзеў пастаноўку на Малой купалаўскай сцэне. Раптам патухла электрычнасьць, і ў цемры заклапочаны голас шырока вядомай народнай артысткі прамовіў: “Извините, товарищи, технические неполадки”. Гэта быў ня голас Станюты: яна ніколі б не разбурыла тэатральнай умоўнасьці і не дазволіла б сабе гэтак паставіцца да нацыянальных пачуцьцяў гледачоў.

Адрозна ад некаторых калегаў яна ніколі не прысягала з трыбуны ў вернасьці партыі, не ўхваляла ленінскай нацыянальнай палітыкі. Затое – без ваганьняў ставіла свой подпіс пад лістамі пратэсту пасьля разгону “Дзядоў” 1988 году і вітала стварэньне Беларускага Народнага Фронту.

У 90 гадоў яна яшчэ выходзіла на сцэну ў “Памінальнай малітве” Р.Горына, “Страсьцях па Аўдзею” Ул.Бутрамеева і зьзяла ў спэктаклі “Гаральд і Мод”.

Калі Станюты ня стала, было пачуцьцё асірацеласьці, і прыходзячы ў тэатар на яе спэктаклі, я яшчэ доўга лавіў сябе на спадзяваньні, што вось зараз здарыцца дзіва…

На здымку: Стэфанія Станюта ў ролі Марыі ў “Раскіданым гнязьдзе”.
XS
SM
MD
LG