Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча і Швэцыя дапамогуць беларускім актывістам, выключаным з ВНУ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Міністры замежных справаў Польшчы і Швэцыі вырашылі пачаць цеснае супрацоўніцтва ў справе дапамогі беларускім студэнтам, якіх выключаюць з ВНУ за палітычную і грамадзкую дзейнасьць.

Міністры замежных справаў Польшчы Ганна Фатыга і Швэцыі Ян Эліясан у часе сустрэчы ў Стакгольме вырашылі, што выключаным беларускім студэнтам трэба стварыць магчымасьці для працягу навучаньня ня толькі ў Польшчы, але і ў Швэцыі.

"Польшча і Швэцыя сур’ёзна зацікаўленыя палітычнай сытуацыяй у Беларусі, Абодва бакі найбольш істотнымі лічаць працэсы дэмакратызацыі і разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці ў гэтай краіне. Ствараючы для беларускіх студэнтаў магчымасьць вучыцца ў нашых краінах, абодва ўрады хочуць падтрымаць разьвіцьцё дэмакратыі ў Беларусі і пераход да рынкавай гаспадаркі", – гаворыцца ў адмысловай заяве, распаўсюджанай пасьля сустрэчы міністраў.

Узгоднена, што яшчэ сёлета швэдзкі ўрад даручыць адпаведным структурам распрацоўку падрабязнай праграмы дапамогі беларускім студэнтам.

Віталь Лоцманаў, намесьнік старшыні Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі – арганізацыі, якая таксама займаецца працай зь беларускімі студэнтамі, – лічыць важным тое, што да Польшчы ў гэтай справе далучаюцца і іншыя краіны.

(Лоцманаў: ) “Эўразьвяз павінен паказаць, што беларусаў, Беларусь чакаюць тут, па гэтым баку – тут ёсьць вялікая недапрацоўка з боку Эўразьвязу, што гэта ня робіцца, і гэта выкарыстоўвае беларуская прапаганда, гаворачы, што нас там, маўляў, ніхто не чакае”.

Між тым у Польшчы поўным ходам ідзе падрыхтоўка да прыняцьця студэнтаў зь Беларусі – усе яны павінны ўжо ў ліпені пачаць вывучаць польскую мову ў Варшаўскім унівэрсытэце, знаёміцца з польскай гісторыяй і традыцыямі.

На павітаньне студэнтаў у польскай сталіцы рыхтуецца вялікі канцэрт з удзелам польскіх і беларускіх выканаўцаў. У бліжэйшым часе для каардынацыі працы зь беларускімі студэнтамі будзе створаная адмысловая Рада – у яе склад увойдуць прадстаўнікі польскіх арганізацыяў, якія займаюцца беларускімі праграмамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG