Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ і Расея заўтра абмяркуюць Беларусь і супрацоўніцтва ў энэргетыцы


Валер Каліноўскі, Прага Заўтра ў Сочы адбудзецца чарговы саміт Расея — Эўразьвяз. Напярэдадні сустрэчы ў Эўракамісіі паведамілі, што ў парадку дня будуць пытаньні энэргетычнага супрацоўніцтва, а таксама сытуацыя ў Беларусі і іншых краінах, якія зьяўляюцца агульнымі суседзямі Расеі і Эўразьвязу.

Прэсавая сакратарка Эўракамісіі Эма Удвін паведаміла, што, як чакаецца, сярод іншага на заўтрашнім саміце Расея – Эўразьвяз будзе разглядацца шэраг міжнародных пытаньняў. Паводле яе, Расея зьяўляецца канструктыўным партнэрам у перамовах з Іранам і каштоўным партнэрам у складзе блізкаўсходняга квартэту, які займаецца ўрэгуляваньнем палестынскай праблемы (Расея, ЗША, Эўразьвяз і ААН).

Акрамя таго, заўтра бакі абмяркуюць сытуацыю ў Беларусі,– паведаміла спадарыня Удвін, але не падала ніякіх падрабязнасьцяў. Нядаўна Эўразьвяз увёў візавыя абмежаваньні супраць кіраўніцтва Беларусі і замарозіў патэнцыйныя рахункі вышэйшых беларускіх чыноўнікаў, што ў Расеі было ўспрынята з раздражненьнем.

Са свайго боку Расея спадзяецца падпісаць дамову аб спрашчэньні візавага рэжыму з Эўразьвязам, але для гэтага ёй трэба пагадзіцца і на дамову аб рэадмісіі нелегальных мігрантаў. Паводле Эмы Удвін, Эўразьвяз першапачаткова не зьбіраўся спэцыяльна ўздымаць адчувальныя для Крамля пытаньні аб стане дэмакратыі ў Расеі і сытуацыі ў Чачні. Аднак гэтыя пытаньні і так паўстаюць на любых двухбаковых сустрэчах.

(Удвін: ) “Зразумела, што мы будзем казаць пра нашу занепакоенасьць якасьцю расейскай дэмакратыі, свабодай СМІ ў Расеі, сытуацыяй з правамі чалавека і праваабаронцамі ды станам спраў у Чачні”.

Паводле спадарыні Удвін, важнейшай з эканамічных праблем для абмеркаваньня з расейскім кіраўніцтвам зьяўляецца паглыбленьне двухбаковага энэргетычнае супрацоўніцтва. Эўразьвязу патрэбныя расейскія газ і нафта ня меней, чым Расеі патрэбны эўрапейскі энэргетычны рынак. Эўразьвяз спадзяецца, што Расея зробіць свой гандаль энэрганосьбітамі больш празрыстым, дапусьціць канкурэнтаў на свой рынак і будзе выкарыстоўваць аднолькавыя камэрцыйныя прынцыпы да ўсіх краінаў-спажыўцоў. Спадарыня Удвін спадзяецца, што Расея пойдзе на гэтыя рэформы, а таксама ратыфікуе Эўрапейскую энэргетычную хартыю. Нагадаем, доля Эўразьвязу ў газавым экспарце Расеі складае 65 адсоткаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG